НАМ НЕ ПАТРЭБНЫ ДРУГІ ЧАРНОБЫЛЬ! 26 красавіка 1986 выбухнуў ядзерны рэактар на Чарнобыльскай АЭС.
Усе мы ведаем аб гэтай трагедыі, і аб тым, колькі шкоды яна прынесла нашаму народу, і ўсяму сьвету. Ахвярамі Чарнобыля сталі больш за 300 тысяч чалавек, 800 тысяч ліквідатараў змагаліся з наступствамі аварыі, ахвяравалі сваім здароўем, а шматлікія - і жыцьцём, дзеля нашага выратаваньня. Мільёны людзей дагэтуль жывуць на заражаных радыяцыяй тэрыторыях, працягваюць паміраць ад ракавых захворваньняў, зьвязаных з аварыяй на ЧАЭС.
Здавалася б, пасьля такой катастрофы ўсім і кожнаму павінна стаць ясна, што АТАМ МІРНЫМ НЕ БЫВАЕ, і што ядзернай энэргетыцы больш не павінна быць месца на нашай зямлі. Бо ўсёй сусьветнай супольнасьцю прызнана, што бясьпечных на 100% рэактараў не існуе і што атамная энергія як мінімум у 2 разу даражэй за цеплавую.Аднак, што зразумела сусветнай супольнасьці - то не зразумела нашаму ўраду. 15 студзеня Рада Бясьпекі РБ прыняла канчатковае рашэньне аб будаўніцтве АЭС у Беларусі. Гэтае канчатковае рашэньне было прынята, як звычайна, без нашага з вамі ўдзелу. Ніхто не спытаў у народа, які перажыў Чарнобыль, ці жадае ён атамную электрастанцыю на сваёй тэрыторыі? Рада Бясьпекі не пацікавілася, ці жадаюць беларусы жыць з "бомбай запаволенага дзеяньня" пад бокам! Па тэлевізары нам з дня ў дзень распавядаюць аб перавагах АЭС, расхвальваючы на ўсе лады "мірны" атам. Але ніхто не кажа аб мінусах: аб тым, што паводле правілаў МАГАТЭ ядзерныя адходы павінны ўтылізавацца ўсярэдзіне краінаў. Аб тым, што кожны дзень на адной або некалькіх АЭС у сьвеце адбываецца аварыя. Аб тым, што запасаў урана ў на Зямлі хопіць ўсяго на 40 гадоў. Не вельмі любяць агучваць па тэлевізіі і кошт будаўніцтва АЭС - 4 мільярды даляраў. Гэта чатыры мільярды даляраў, узятыя з нашых з вамі кішэняў. За нашы ж грошы нас жадаюць прымусіць жыць у ядзерна-небясьпечнай краіне. За нашы ж грошы мы будзем захоўваць у сваёй краіне ядзерныя адходы і атрымліваць радыёактыўныя выкіды. Ніхто з урада не пажадаў задаволіць рэфэрэндум па гэтаму пытаньню, або хаця б публічнае абмеркаваньне. А навошта? Рада Бяспекі вырашыць за нас, патрэбна нам АЭС, або няма. А раз так - то нам застаецца толькі пратэставаць. Ва ўсім сьвеце існуюць антыядзерныя рухі, якія змагаюцца за зачыненне АЭС і за недапушчэньне будаўніцтва новых.
26 красавіка - гэта міжнародны дзень дзеяньняў супраць атамнай прамысловасьці. У гэты дзень у Беларусі праходзіць традыцыйнае шэсьце ў памяць аб чарнобыльскай катастрофе - Чарнобыльскі Шлях. Сёлета ён павінен стаць нашым папярэджаньнем уладаў, нашым ультыматумам аб недапушчальнасьці будаўніцтва АЭС у Беларусі! І няхай па тэлевізіі і ў газэтах усіх, хто прыйдзе на на Чарнобыльскі Шлях, назавуць "адмарозкамі", але мы, хто адчувае адказнасьць за сябе, за сваіх блізкіх, за сваю краіну, прыйдзем у гэты дзень на Чарнобыльскі Шлях, як на марш пратэсту супраць будаўніцтва АЭС! Далучайся! Разам мы дасягнем свайго!
26 КРАСАВІКА, СУБОТА. 14.00 АКАДЭМІЯ НАВУК.
P.S. "Мы - не оппозиция, мы - народ!" - абсалютна не згодны з гэтым выказваньнем, бо "апазыцыя" не азначае "БНФ", ці "ОГП". Апазыцыя - гэта праціўнікі існуючай улады. Я думаю, што прыхільнікаў улады на гэтым сайце не бывае...