Настроить, Войти
Візыт да Мінатаўра або як мы наведвалі Гроднаэнэрга
автор гость, дата 2008-09-24 22:03, textile, связано с: Экология, ГЭС на Нёмане

Заместа нармальнага адказу на апошні зварот у Гроднаэнэрга ад энэргетыкаў была атрыманая прапанова наведаць 24 верасьня іхнае паседжаньне, прысьвечанае тэхнічным момантам будоўлі ГЭС, і задаць там пытаньні, якія нас цікавяць.

Параіўшыся, мы вырашылі туды схадзіць. Прыйшлі перад самым пачаткам. Тамака прысутнічалі пара шышак з Гроднаэнэрга: Галецкі і, здаецца, Мікуліч (не расчуў прозьвішча), пара праектавальнікаў, у тым ліку Станкевіч, нейкі падрадчык з Украіны, і розная дробязь.

Як і чакалася, канструктыўнага дыялёгу не атрымалася. Энэргетыкі ў каторы раз расказвалі лухту пра тое, які гэта важны праект і г.д. і т.п. Усё гэта можна прачытаць у якой-небудзь «Гродзенскай праўдзе».

Некалькі характэрных момантаў.

1. Што такое «грамадзкія слуханьні», энэргетыкі ведаць не жадаюць. Вось яны апублікавалі нешта ў газэтах, склалі па гэтым пратаколы, выступілі па тэлебачаньні, ізноў склалі пратаколы. Нібыта выкладалі ў агульны доступ праект у фае на працягу цэлага месяца. Для іх гэта й ёсьць слуханьні. А хто не глядзіць ЛАД і не чытае Гродзенскую праўду самі вінаватыя.

—Ну калі вы правялі слуханьні, то чаму не жадаеце прадаставіць іхны пратакол.

—Вы ультыматыўна патрабуеце пратакол і заключэньне экспэртызы, а што вы будзеце зь імі рабіць. Вось у канвэнцыі (у апошнім звароце мы згадале Архускую к.) таксама сказана, што калі невядома, як інфармацыя будзе выкарыстана, то не абавязкова яе выдаваць. Гэта ж тэхнічны дакумэнт.

—Гэта ў Архускай канвэнцыі так сказана?

—Так.

Як гаварыцца, ноў комэнтс.

2. Ад прамога адказу на пытаньне, навошта марнаваць такія вялікія грошы (88 млн $), а ў выніку атрымаць так мала (1,4% ад патрэб вобласьці), бо тая ж ветраэнэргетыка дасьць нашмат болей, Мікуліч ухіліўся, пачаў расказваць пра тое, што мы маем 800 МВт гідрарэсурсаў, зь іх даступныя 500 МВт, а эканамічна выгадныя для эксплюатацыі 200, пляцовак для ветрагенэратараў маем каля 500, і вось разам гэта дасьць нейкую частку энэргіі і т.п. Вось толькі афіцыйныя крыніцы сьцьвярджаюць, што пляцовак, прыдатных для выпрацоўкі электраэнэргіі зь ветру ў нас больш за 1600. Наступны блеск ягонай эрудыцыі, што самыя шкодныя—газавыя электрастанцыі, хаця яны маюць 267 штрафных балаў, а вугальныя—1755 (для бурага) і 1356 (для каменнага). «А яшчэ пад ветракамі жучкі ня водзяцца.»

3. «Мы запрасілі вас па асабістым звароце» (толькі першы зварот быў калектыўным, удакладненьні былі асабістымі) «калектыўны зварот вылучаны ў асобны працэс, мы над ім працуем супольна з унівэрсытэтам»

4. «У савецкі час хацелі пабудаваць 5 ГЭС на Нёмане, і гэтая мусіла мець магутнасьць 50МВт, а вось мы так турбуемся пра прыроду, што й магутнасьць зьменшылі да 17МВт, і палова расходаў на экалягічныя праграмы. А за лес не перажывайце, ён сам вырас за апошнія 20 гадоў, калі нармальных паводак не было, гэта не дзелавая драўніна.»

5. Узяў слова Станкевіч, расказаў якія нехарошыя людзі ў Экадоме, што ў 2005 праводзілі круглы стол. Яны, маўляў, напісалі ў сваёй брашуры толькі негатыў. Гаварыў доўга, але што ўтаілі экадомаўцы, так і не паведаміў. Чамусь у яго увесь час дрыжэлі рукі, мабыць нэрваваўся вельмі :)

6. Ізноў пытаемся, чаму яны не апублікуюць праект, напрыклад на сайце мінэнэрга.

—А навошта? Усё, будоўля ўжо пачалася.

7. Проста афігенная пэрліна.

—Калі вы так турбуецеся за Нёман, то потым пасьля будоўлі, калі вадасховішча будзе перададзена камунальшчыкам (ня факт, што ім, але, здаецца, Мікуліч сказаў так), Гроднаэнэрга ім болей займацца ня будзе, вы зможаце, напрыклад, чысьціць яго ад сьцёкаў і т.п.

А што нехта меркаваў, што энэргетыкі возьмуць на сябе клопаты па чысьціні вадасховішча?

8. Ну й пад канец.

—Мы складзем пратакол, што мы праінфармавалі вас.