Усходнеўрапэйскі блёк на пратэстах супраць COP15. Хроніка
Intro
З 7 па 18 сьнежня ў Капэнгагене (Данія) адбывалася чарговая 15-я рамкавая канфэрэнцыя ААН па пытаньнях зьменаў клімату, альбо па-просту 15-я Канфэрэнцыя ўдзельнікаў, COP15. Галоўнай задачай канфэрэнцыі мусіў стаць разгляд лёсу Кіёцкага пратаколу, тэрмін дзеяньня якога падыходзіць да канца.
У супрацьвагу афіцыйнаму мерапрыемству праводзіўся, як гэта звычайна ў Эўропе бывае, контрсамміт “KlimaForum-09”, арганізаваны разнастайнымі недзяржаўнымі экалягічнымі арганізацыямі, на якім кожны ахвотны мог папрысутнічаць на выступах, паўдзельнічаць у дыскусіях і т.п.
Арганізатарам усіх вулічных мерапрыемстваў зьяўлялася сетка CJA, якая аб’ядноўвае шмат асоб і арганізацый з усяго сьвету. Яе ўдзельнікі прадстаўляюць вельмі розныя палітычныя спэктры, па рознаму адносяцца да радыкальных дзеяньняў, але для ўсіх іх “сьвятарнай каровай” зьяўляецца “дэмакратыя”. Калі паспрабаваць апісаць іх некалькімі словамі, то найбліжэй будзе “прыхільнікі грамадзянскага непадпарадкаваньня”, гэтаксама як, напрыклад, BlockG8. Некаторыя удзельнікі CJA таксама ўдзельнічалі ў арганізацыі Клімафоруму, таму й ня дзіва, што галоўным лёзунгам і Клімафорума й CJA быў з выгляду радыкальны, але па сутнасьці рэфармісцкі “Change the system, not the climate” (Зьмяняй сыстэму, а не клімат).
Прадстаўнікі радыкальных антыкапіталістычных плыняў, найперш анархісты, утварылі міжнародную сетку “Never Trust a COP”. Ейныя ўдзельнікі мяркуюць, што віной кліматычнах зьмен зьяўляецца ненажэрны капіталізм, і пакуль ён ня будзе ліквідаваны, і заменены эканомікай, у цэнтры якой стаіць Чалавек, а не Капітал, усе спробы спыніць кліматычны хаос асуджаныя на няўдачу.
Пратэсты
У Капэнгаген асноўная часка будучага ўсходнеэўрапэўскага блёку (беларусы, крыху ўкраінцаў і расейцаў) прыбыла 8 сьнежня. Празь некалькі дзён пад’ехала банда полькіх анархаў. Першыя дні мы займаліся вывучэньнем горада, шукалі аб’екты інфраструктуры пратэстаў (індымэдыю, інфашопы і г.д.), шукалі знаёмых зь іншых краёў.
11 сьнежня
Першая акцыя мусіла адбыцца 11 сьнежня. Гэта была антыкарпаратыўная акцыя пад лёзунгам Don’t Buy the Lie! (Не купляй хлусьні!). Яна была накіраваная супраць карпарацый, якія актыўна займаюцца г.зв. greenwashing-ам, г.зн. ствараюць сабе імідж зялёных, прязных да экалёгіі, напрыклад Siemens (які вырабляе ў тым ліку й атамныя рэактары) і Watenfall (нямецкі апэратар АЭС) зьяўляліся спонсарамі афіцыйнага “зялёнага” музычнага фэстывалю Hopenhagen, прымеркаванага да COP15. Меркавалася, што удзельнікі акцыі разаб’юцца па некалькіх групах, якія пойдуць кожная да свайго аб’екта (напрыклад, бізнэсцэнтра) і будуць перашкаджаць офіснаму планктону зарабляць грошы для капіталістаў. У кожнай з гэтых груп былі падгрупы: візуальная (несьлі банэры, улёткі і т.п., шумавая (самба й т.п.), унутраная (якія пранікалі ў будынкі й чынілі там вэрхал) і вонкавая (мусіла блякаваць уваходы да будынка, каб мянты не маглі зайсьці, а ўнутраная група, наадварот, змагла выйсьці)). Бальшыня нашага блёку была занятая падрыхтоўкай да заўтрашняй дэмы, і сюды не хадзіла, таму глядзіце архівы дацкай індымэдыі, але акцыя хутчэй правалілася, бо толькі адна з чатырох груп здолела патрапіць у свой аб’ект.
12 сьнежня
На 12 чысло была прызначаная вялікая дэма Flood for Climate Justice, якая па розных ацэнках сабрала ад 60 да 100 тысяч чалавек. А па ўсім сьвеце мусіў адбыцца Глябальны дзень дзеяньняў. Арганізатары плянавалі весьці дэму ад цэнтру горада да Bella Centre, дзе адбывалася канфэрэцыя. Але Бэлацэнтар знаходзіцца на самым ускрайку горада, між палёў і прамысловай зонай, таму ісьці туды было проста глупствам, бо кім будзе пачутая гэтая дэма? Калі стаў вядомы машрут дэмы сетка “Never Trust a COP” заклікала не ісьці на ўскраіну, а застацца ў цэнтры й атакаваць аб’екты капіталістычнай індустрыі, балазе іх там навалам: біржа, нацбанк, дацкі банк, некалькі вуліц зь вельмі дарагімі крамамі. Адпаведнага зьместу ўлёткі “Green peace — green police” раздаваліся перад самай дэмай, але голас розуму ня быў пачуты. Больш таго, дзякуючы эфэктыўнай працы дацкіх мянтоў, правёўшых некальні арыштаў, была парушана сувязь дацкіх і скандынаўскіх радыкалаў з астатнімі эўрапэйцамі, у выніку ў дэме ўдзельнічалі два чорных блёкі: спачатку маленькі, ня большы за 200 чалавек, а бліжэй да канца блёк пад 1000 чалавек. Як толькі ўдзельнікі першага блёку дайшлі да будынку біржы, яны атакавалі яго з дапамогай камянёў і малаткоў, паліцыя была негатовая да гэтага й папросту разьбеглася. Калі ж зьявіліся экіпіраваныя атрады мясцовага АМАПу, то чорны блёк зьліўся з асноўнай дэмай. Нажаль, у другім блёку з-за шуму дэмы й вялікай адлегласьці нават не пачулі пра пачатак задымы.
Такім чынам дэма працягвала рушыць далей, пакуль на адной з вуліц той “другі” чорны блёк ня быў заблякаваны сьвіньнямі. Разам зь імі былі заблякаваныя ўдзельнікі антыатамнага блёку, нейкія крышнаіты і многія іншыя. І што ў гэтай сытуацыі зрабілі НДА-шныя арганізатары дэмы? Павялі ейны “хвост” па іншых вуліцах, каб абыйсьці заблякаваных людзей. А што зрабілі ўдзельнікі дэмы, усе гэтыя НДА-шнікі, сацыялісты і інш.? Пайшлі далей да Бэлацэнтра. Бо ў іх ёсьць важная мэта: сярод палёў і балот пракрычаць лёзунгі супраць глябальнага пацяпленьня, а тысяча чалавек, якім абсалютна ні за што надзелі пласьцікавыя наручнікі-сьцяжкі й пасадзілі на некалькі гадзін на халодны асфальт, гэта ня важна, бо яны, напэўна, хуліганы й хацелі сарваць важнае мерапрыемства. І толькі нейкая сотня людзей засталася хаця б маральна падтрымаць затрыманых.
Каля 21-й вечара была праведзеная невялічкая мірная дэма салідарнасьці з затрыманымі, але яна была разагнаная мянтамі.
13 сьнежня
Дзьве акцыі: фэрмэрская сетка Via Campesina праводзіць дэму супраць мясной індустрыі, CJA ў гавані ладзіць акцыю Hit the production!. Нехта йдзе на акцыю Кампэсіны, нехта ў гавань.
У гавані меркавалася з аднаго боку масавая блякада, якая, з аднаго боку, мусіла паралізаваць працу, а з другога, не дапусьціць мянтоў да актывістаў, якія б малымі групамі рабілі ўсё, што заўгодна. Тое, што акцыя правалілася, сталя вядома ўжо на месцы збору, бо прысутнічала толькі пара-тройка соцень чалавек, дый з тых ці не палова звалілі па дарозе, калі справа запахла хапуном. Па дарозе ў гавань раздаваліся кусачкі, каб зразаць з кантэйнэраў апазнавальныя знакі, і гэтак перашкодзіць іхнаму транспартаваньню. Чым бліжэй набліжалася дэма да гавані, тым шчыльнейшым станавілася коля мянтоў, некаторыя дэманстранты пачалі “губляць” кусачкі. Ці то з-за “скідваньня” кусачак, ці то з-за таго, што з машыны гукавой сыстэмы неслася “Fuck The Police” N.W.A. (напэўна дацкія мянты ня любяць рэпераў, якія ня любяць мянтоў), але раптам riot-cops атакавалі грузавік з мэтай сьцягнуць людзей, якія ехалі на ім, завязалася невялікая бойка, адзін беларус зарадзіў мянту, той пакрыўдзіўся й запомніў нашага таварыша. Нарэшце мянты захапілі грузавік і цалкам абкружылі дэму. Было прадпрынята некалькі няўдалых спроб прарыву, і ў выніку ўдзельнікі дэмы (пара соцень чалавек) былі затрыманыя і перапраўленыя ў часовую турму.
Што сабой уяўляла гэтая турма: звычайны ангар для мянтоўскіх машын, у якім усталявалі мноства клетак памерам 2×3 мэтры, з мэталічнымі дзьвярамі мужчынскія, з ДВП-шнымі - жаночыя, у клетцы было па 10-12 чалавек. У кожнай клетцы 4 лавы, 3 турысцкія пенкі й просьціна. Прывезеных у турму пасадзілі “ялінкай” на падлогу, балазе не на голую, а на пенкі (затрыманых 12-га садзілі проста на бэтон). Пасьля па адным выклікалі на шмон, фотканьне і праводзілі ў клетку, без абутку й цёплага адзеньня, а тэмпэратура там была градусаў мо’ 15. Затое з паперай, у якой быў сьпіс усіх правоў затрыманага. Празь нейкі час нашага таварышы, “пакрыўдзіўшага” мянта, аграмаднага жлаба ў пласьцікавых досьпехах, вывелі з камэры й павялі ў невядомым напрамку.
Увесь гэты час затрыманыя, і ў клетках, і яшчэ не заведзеныя туды, шумелі як толькі маглі: сьпявалі песьні, крычалі лёзунгі, лупілі рукамі-нагамі па сьценках. Мянты паводзілі сябе зусім ня так як у нас: нікога ня пізьдзілі, і “ластаўку” не рабілі, а заткнулі вушы бірушамі ці надзелі навушнікі, дэмакратыя, тваю маць.
Праз нейкі час сядзеньня ў камэры некаторым чувакам гэта надакучыла, й яны зламалі дзьверы сваёй камэры й выйшлі зь яе. Адразу наляцелі мянты, й запіхнулі іх назад, а потым пачалі па адным пераводзіць сядзельцаў у іншую клеткі. Тыя, хто сядзеў па іншых клетках узьнялі дзікі вэрхал: шумелі, крычалі, адрывалі лаўкі й спабавалі выламаць імі дзьверы. На дапамогу звычайным мянтам выклікалі riot-cops, якія панапускамі пярцовага аэразолю ў камэры, дзе ламалі дзьверы, а потым урываліся ў клеткі і… не, нікога не білі, а проста забіралі лавы, пенкі, бутэлькі з вадой (гэта страшная шумавая зброя :)). І, каб “ахалодзіць” нас, адчынілі на вуліцу дзьверы ангара.
Такім чынам, адседзелі мы па 6—7 гадзін, а потым паразьвезьлі нас аўтобусамі па розных станцыях гарадзкой электрычкі, і мы паехалі на месца ўпіскі. На заўтра вырашылі ўзяць выходны.
14 сьнежня
Раніцоў стала вядома, што ўночы малыя групы па ўсім горадзе атакавалі аб’екты капіталу: банкі, бізнэсцэнтры, кажуць, спалілі мянтоўскую машыну.
Дэма No Borders Action! No Climate Refugees!, і нейкая акцыя “Reparations for Climate Debt!”. На антыгранічнай акцыі мусіла адбыцца блякада будынку Мінабароны. Мы палічылі, што будзе такі ж правал, як і ў гавані, і вырашылі не адмяняць свой выходны, а лепей схадзіць на Legal Team і напісаць скаргі на неправамерныя дзеяньні мянтоў 12 і 13 сьнежня.
Але на дэму прыйшло паболей людзей, і хоць па дарозе ейныя шэрагі парэдзелі, да Мінабароны дайшло каля 1000 чалавек. На плошчы, дзе знаходзіўся будынак МА, быў усталяваны надзіманы COP15-шны глёбус, дэманстранты пачалі цягнуць яго на сябе, мянты на сябе, дэманстранты перамаглі й сьцягнулі шар.
Хто ня змог павесяліцца ўночы з 13-га на 14-е, вырашылі адарвацца на Хрысьціяніі, дзе з 17-ці гадзін адбывалася “Reclaim Power Party!”, прысутнічала шмат пратэстуючых, выступалі Наомі Кляйн і агідны сацыял-дэмакрат Майкл Хардт. Задума была простая: пабудаваць на ўваходах у Хрысьціянію барыкады, пасьля напасьці непадалёк на мянтоў, тыя паклічуць сваіх, пойдуць на Хрысьціянію, а хрысьціянцы й удзельнікі вечарынкі падпішуцца за “чорны блёк”. А ў сапраўднасьці адбылося так: барыкады не дарабілі, каменьня не нанасілі, дый хрысьціянцы ўжо даўно не бунтаўшчыкі, а звычайныя аматары “пляну”, якіх цалкам задавальняе іхны фактычны статус “экзатычнага раёна”. Таму, першыя атрады мянтоў проста пастрэльвалі ад уваходу газавымі гранатамі, а потым у раён падцягнуліся пару тысяч мянтоў, і паказалі хто ў Хрысьціяніі сапраўдны гаспадар. Як вынік каля 200 затрыманьняў.
15 сьнежня
Дэма Resistance is ripe!, прысьвечаная сельскай гаспадарцы. І хоць тэма, насамрэч, вельмі важная, мы вырашылі працягнуць выходны. Яшчэ была нейкая Узнагарода ўзлаванай хатняй гаспадыні.
Удзень мянты зрабілі рэйд на майстэрню Candy Factory, на якой актывісты рамантавалі ровары для пратэстаў, і сканфіскавалі каля 300 гатовых ровараў.
16 сьнежня
Яшчэ адна вялікая (як меркавалася) дэма з мэтай заблякаваць Бэлацэнтар, альбо, калі атрымаецца, уварвацца на ягоную тэрыторыю й правесьці “Народную асамблею” разам з прадстаўнікамі НДА (якія былі незадаволеныя, што іхны допуск у Бэлацэнтар быў фармальны - яны не маглі патрапіць ні на якую нараду, хаця афіцыйна былі назіральнікамі, тым больш на 16-е патрэбныя былі новыя прапускі, якія атрымалі 20-30% ад усіх НДА) і дэлегатамі ад паўднёваамэрыканскіх краін.
На Бэлацэнтар мусілі ісьці дзьве дэмы “сіняя” — легальная, па зацьверджаным маршруце, і “зялёная” — нелегальная, праз палі да задняга ўваходу. Плюс мусіў быць BikeBlock — раварысты, якія мусілі адцягваць увагу мянтоў, але ж ровары былі сканфіскаваныя ўчора, таму іх было мо’ зь дзясятак.
“Зялёны блёк” быў заблякаваны на месцы збора, там было каля 200 чалавек, зь іх 60 былі затрыманыя. “Сінія” (каля 1000 чал.) дайшлі да пэрымэтру Бэлацэнтру, дзе мянты скарысталі дубінкі й газ, каб не пусьціць іх далей. З Бэлацэнтру выйшлі мо’ якая сотня НДА-шнікаў і ўсяго толькі 2 прадстаўнікі балівійскай дэлегацыі. І яны таксама атрымалі дручка па карку. У самім Бэлацэнтры некалькі чалавек здолелі прабіць адмысловыя прапускі на паседжаньне, вырваліся на сцэну, пакрычалі на ёй хвілін зь 5 CJA-скія лёзунгі, а потым іх вывела ахова, і пазбавіла акрэдытацыі.
Карацей, ізноў поўны правал.
Увечары быў мітынг салідарнасьці з нашым затрыманым таварышам пад сьценамі яго турмы. Пастаялі там з паўгадзіны, пакрычалі лёзунгі й разыйшліся. Мянты атрымалі загад быць лагоднымі, нават калі ў іх кідалі сьнежкамі, то яны ўсьміхаліся, а потым сказалі вадзіле рэйсавага аўтобуса “вязі іх усіх бясплатна” :)
17 сьнежня
Ніякіх акцый, мы зьбіраемся дахаты. На вечаровым сходзе аб’явілі, што 17 чалавек дасюль знаходзяцца ў турме.