Паводле Радыё Свабода, затрыманыя ўчора 23га верасьня а 7ай гадзіне раніцы Алена Дубовік і Аляксандр Ярашэвіч падчас вобшуку ў кватэры, якую яны разам здымалі, былі вызваленыя без прад'яўленьня аніякіх абвінавачваньняў увечар таго самага дня.
Увесь дзень актывістку экалягічнага руху і журналіста дапытвалі спачатку ў галоўнай управе па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю, а потым у Цэнтральным РУУС горада Мінска. Згодна з ордэрам на ператрус, іх падазраюць ва ўдзеле ў шэсьці супраць аб'яднаных расейска-беларускіх манэўраў 19 верасьня 2009 і кіданьні г.зв. дымавай шашкі на тэрыторыю Генэральнага штабу узброеных сіл РБ. Таксама пыталіся, ці ня ведаюць тых, хто мог ўчыніць напад на расейскую амбасаду 30 жніўня і на казыно «Шангры Ла» ў Менску.
У сярэдзіне дня ўва ўправе барацьбы з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй Алёна Дубовік бачыла затрыманую Ганну Чарнышову, невядома аднак, ці была яна вызваленая, ці яе пакінулі на нач за кратамі СІЗА.
Варта зазначыць, што Ганна Чарнышова і Аляксандр Ярашэвіч апошнія тыдні актыўна займаліся падтрымкай арыштаваных сацыяльных актывістаў: трымалі кантакт як з бацькамі і адвакатамі арыштаваных, так і з журналістамі.
чытайце таксама: http://www.svaboda.org/content/article/2166608.html