Адміністрацыя Магілёўскай калоніі прымушае Мікалая Дзядка, асуджанага па «справе анархістаў», напісаць прашэнне аб памілаванні.
Па словах яго бацькі Аляксандра Дзядка, адміністрацыя ўжо двойчы прасіла Мікалая падпісаць патрэбны ім дакумент, але ён адмовіўся зрабіць гэта, бо лічыць сябе невінаватым:
- З ім канкрэтна вялі размовы прадстаўнікі адміністрацыі. Ён паведамляў пра гэта і па тэлефоне, і ў лістах. Яму прапаноўвалі напісаць прашэнне аб памілаванні. Ён адмовіўся падпісаць такі дакумент, матывуючы гэта тым, што ён невінаваты і яму няма чаго пісаць. Адміністрацыя з гэтай нагоды пачала размову са мной, прычым не наўпрост, а намякалі аб тым, што наогул навошта яму там быць, калі ёсць магчымасць выйсці на волю. Я ім нічога не адказаў, сказаў толькі, што гэта справа Мікалая, ён чалавек дарослы і сам павінен вырашаць. У лістах я яму пісаў, што мы яго ў гэтым плане падтрымліваем і лічым, што калі чалавек невінаваты, то прасіць памілавання ён не павінен. Яго павінны рэабілітаваць як невінаватага.
27 траўня гэтага года суддзя Завадскога суда Мінска пакарала Мікалая Дзядка чатырма з паловай гадамі пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Яго абвінавацілі ў арганізацыі антымілітарыскага шэсця ля будынка Міністэрства Абароны ў верасні 2009 года, а таксама ў шэрагу нападаў на прыватныя і дзяржаўныя ўстановы. Зараз ён адбывае пакаранне ў папраўчай калоніі № 15 ля Магілёва.