Настроить, Войти
DIY FILM FEST: ужо ў гэтым чэрвені!
автор jolimoisdemai, дата 2012-06-12 12:37, история, html, связано с: Культура
З 20 па 24 чэрвеня ў Мінску ў чацвёрты раз адбудзецца DIY Film Fest. Сёлета мы падрыхтавалі чатыры спецыяльных секцыі і конкурсны паказ – амаль 24 гадзіны кіно і 42 творы.

DIY Film Fest – фестываль фільмаў аб культуры з прыстаўкамі “суб” і “контр”, самаарганізацыі і утопіях. DIY – скарачэнне ад англійскага “do-it-yourself”, то бок зрабі сам. Гэта ўвасабляе нашае стаўленне да арганізацыі - прынцыпова некамерцыйнай і незалежнай, а таксама дух фільмаў, якія мы паказваем.

Жыццёвыя гісторыі, гендэр і сэксуальнасць апынаюцца ў фокусе секцыі “Boys and Girls of the Scene”; пра аўтаномныя прасторы і скейтарскую ўтопію распавядзе “Reclaim Yr Place”. Асобную секцыю мы адвялі фільмам Джо Біеля з амерыканскага незалежнага выдаўніцтва “Microcosm Publishing” – пра ровары, апошні цягнік Амерыкі і, канешне, панк-рок. Не забыліся мы і на класіку: сёлета гледачы выправяцца ў падарожжа па Нью-Ёрку, прасякнутым духам new wave, з гераінямі фільма “Times Square” (1980) Алана Мойла.

Конкурсны паказ праводзіцца ў гонар выбітнай амерыканскай андэграўнднай рэжысёркі Сары Джэкабсан. Геаграфія, жанры і працягласць уяўляюць суцэльную мяшанку: чакайце і анімацыю на некалькі хвілін з ЗША, і дакументальны фільм аб бразільскім самвыдаце, і поўнаметражную крымінальную камедыю з Грэцыі.

Фестываль пройдзе на некалькіх пляцоўках: Беларускі саюз дызайнераў (Брылеўская, 14 – уваход з боку двара), Мемарыяльны музей Азгура (Азгура, 7) і хостэл “Джаз” (Мазырская, 37а). Што, калі і дзе будзе адбывацца вы можаце паглядзець на сайце: http://diyfilmfest.blogspot.com/p/blog-page.html

Акрамя таго, гэтым разам мы будзем не толькі глядзець кіно, але і размаўляць пра яго. За дзень да пачатку кінапаказаў, 20 чэрвеня ў Моладзевым адукацыйным цэнтры “Фіальта” (Мяснікова, 35 – уваход з боку двара) разам з Аляксеем Крывалапам (выкладчыкам ЕГУ і адным з арганізатараў не-канферэнцыі “Media Bar Camp”) пагутарым аб новых медыя і відэа-актывізме. Другая сустрэча прызначаная на 24 чэрвеня а 15-ай гадзіне ў хостэле “Джаз” - дыскусія аб распаўсюджванні некамерцыйнага і незалежнага кіно з удзелам кінаклубаў Мінска. Адбудзецца і невялікая выстава плакатаў іншых сяброўскіх нам кінамерапрыемстваў.

21 чэрвеня мы запрашаем ў клуб “6А” (Партызанскі пр., 6А) на вельмі ўрачысты канцэрт з удзелам віленскага балканскага аркестра “Banda Dzeta”, мінскіх фолк-панкаў “Бостонское Чаепитие” і чарнобыль-панкаў “Алёша, гіў мі э чэнс”.

Асаблівасць DIY Film Fest – ягоная намадычная структура і прысутнасць у некалькіх краінах. 5-7 ліпеня адначасова з фестывалем DIY-графікі “Psia Mać” ён адбудзецца ў Варшаве, а на фінальным паказе ў Гдыні падчас (13-14 ліпеня) мы пакажам скарочаную праграму і абвесцім пераможцу конкурсу “Spirit of DIY” імя Сары Джэкабсан.

Наведайце наш сайт і спраўдзьце меню на гэты год: http://diyfilmfest.blogspot.com/p/program.html, а таксама трымайце руку на пульсе нашага фэйсбука і твітара.
Тэги