19 красавіка 2006 года была падпісана дамова аб выдзяленьні Сусьветным банкам Рэспубліцы Беларусь 50 млн даляраў на праект па рэабілітацыі раёнаў, якія пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Мерапрыемствы, якія будуць праведзены на гэтыя грошы, нават паўмерамі назваць цяжка: ў школах, дзіцячых дамах і бальніцах памяняюць састарэлыя кацельныя і цепласеткі, а ў некаторыя раёны правядуць газ. Відавочна, што на нездароўі людзей, якія жывуць на забруджаных радыёнуклідамі тэрыторыях, гэта амаль не адаб'ецца. Грошы выдзелены не як бескарысьлівая дапамога, а як крэдыт, які давядзецца вярнуць з адсоткамі. Заключэньне дамовы з міжнародным фінансавым інстытутам паляпшае зьнешнепалітычны імідж беларускага рэжыму (на фоне забароны ўезду ў Эўразьвяз і ЗША 31 чыноўніку). Але апрача паляпшэньня свайго іміджу ўрад мае на мэце "закрыцьцё" чарнобыльскай праблемы.
19-21 красавіка ў Менску і Гомелі прайшла міжнародная канфэрэнцыя "Чарнобыль праз 20 год", на якой "кішэнныя" навукоўцы, агенты атамнага лобі (Міжнароднай агенцыі атамнай энэргетыкі/МАГАТЭ ды інш.) і ручныя прадстаўнікі "грамадзкіх арганізацый" абмяркоўвалі, як уводзіць забруджаныя стронцыем-90 землі ў сельскагаспадарчы зварот, як аказваць "адрасную дапамогу" пацярпеламу насельніцтву (чытай: як адмовіць большасьці пацярпелых у дапамозе), як давесьці "чарнобыльцам", што ўсе іх хваробы (апрача раку шчытападобнай залозы) - ад нэрваў, а не ад радыяцыі.
Камчарнобыль маўкліва падтрымаў мінулагоднюю справаздачу Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя (зробленую на замову МАГАТЭ), у якой сцьвярджаецца, быццам аварыя на ЧАЭС мела мінімальны ўплыў на здароўе насельніцтва.
3 лютага старшыня прэзыдыума акадэміі навук М. Мясьніковіч заявіў, што ў Беларусі ў 2015-2020 гадах будзе пабудаваная АЭС. Праект будаўніцтва не мае пад сабой эканамічнай асновы (бо насамрэч энэргія з АЭС даражэй энэргіі з ЦЭС/ЦЭЦ), затое мае ідэалягічную - паказаць усяму сьвету, што краіна, якая перажыла Чарнобыль, не баіцца атамнай энэргетыкі. Відавочна, тлустыя дзядзькі з МАГАТЭ і атамных карпарацый радуюцца такім пражэктам.
Беларускі ўрад узяў курс на замоўчваньне сапраўдных маштабаў катастрофы, на актыўнае гаспадарчае засваеньне забруджаных земляў, на адмену "чарнобыльскіх" ільгот, на будаўніцтва АЭС.
Лібэральная апазыцыя збольшага адмоўчваецца, не выступае актыўна супраць цяперашняй палітыкі беларускага ўраду, што да пацярпелых ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС людзей і рэгіёнаў і наагул пытаньняў радыяцыйнай бясьпекі. Толькі раз на год, на Чарнобыльскі шлях, спадары апазыцыянэры "дастаюць з рукава" чарнобыльскую карту. І тое збольшага цьвердзяць пра "духоўны Чарнобыль" і "паскудны лукашэнкаўскі рэжым", які душыць свабоду слова. І "духоўны Чарнобыль", і рэжым маюць месца, зь імі таксама трэба змагацца, але фізычнае выжываньне народу важней!
Дарэчы, Мілінкевіч ухіліўся ад прамога адказу на пытаньне, як ён ставіцца да будаўніцтва АЭС у Беларусі (гл. http://by.milinkevich.org//about/questions/data/ic_90/219/rowselect-210-15/).
Мы ня маем пэўнасьці, што з правядзеньнем "чэсных" выбараў і зьменай урада жыцьцё пацярпелых ад чарнобыльскай катастрофы людзей аўтаматычна наладзіцца.
Мы выйшлі на Чарнобыльскі шлях ня дзеля таго, каб падтрымаць Мілінкевіча ці Казуліна.
Незалежна ад таго, хто будзе "ля стырна", мы патрабуем:
* Прызнаць жахлівыя наступствы чарнобыльскай катастрофы і праводзіць у поўным аб'ёме навуковыя даследваньні па ўплыве радыяцыі на здароўе людзей і на прыроду.
* Вярнуць усе ільготы і сацыяльныя выплаты ў адпаведнасьці з законам "Аб сацыяльнай абароне грамадзян, якія пацярпелі ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС".
* Забясьпечыць пацярпелых ад катастрофы на ЧАЭС і жыхароў забруджаных рэгіёнаў належным медычным абслугоўваньнем.
* Працягнуць праграму адсяленьня з забруджаных тэрыторый і даць магчымасьць перасяліцца ўсім ахвочым з прадастаўленьнем камфортнага жытла і працы па новым месцы жыхарства.
* Спыніць вядзеньне сельскай і лясной гаспадаркі на забруджаных радыёнуклідамі землях.
* Не дапусьціць будаўніцтва АЭС у Беларусі.
* Адмовіцца ад крэдыта Сусьветнага банку і не супрацоўнічаць зь ім надалей як з установай, што ёсьць антыдэмакратычным нэакаляніялісцкім інстытутам.
Свабода! Роўнасьць! Братэрства!