BTW, можна лінкаў на матэр’ялы (пажадана, разумнага памеру), дзе даводзілася б мэтазгоднасьць і імавернасьць пабудовы “аўтаномных выспачкаў” у эканамічным моры капіталізму?
Заўжды у гэтым сэньсе схіляўся да пазыцыі—зьмяненьня/захопу эксплуататарскай эканомікі, замест ізаляцыі ад яе.
Калі каротка—грунтаваўся на тэзысах, што
- Без капіталістычнай інфраструктуры (шпіталі, камунікацыі) немагчымае жыцьцё сучаснага грамадзтва, таму поўная ізаляцыя – фікцыя.
- Частковая ізаляцыя (пэўная аўтанамізацыя ў межах капіталістычнага грамадзтва) працуе на маргіналізацыю актывістаў, памяншае мажлівасць уплыву на сацыяльныя і эканамічныя працэсы, пазбаўляе кантакту з астатнім грамадзтвам.
- Пераход колькасьці ў якасьць (замена капіталізму “аўтаномікай”) у дадзеным выпадку немагчымы, бо аўтаномныя выспы не ставяць на мэце будзь-якое захаваньне/разьвіцьцё створанай капіталізмам тэхнічнай інфраструктуры. Адпаведна, аўтаномныя выспы не змогуць самастойна забясьпечыць яе працу—а значыць, здольныя да існаваньня толькі ва ўмовах іншага ладу, здольнага падтрымліваць гэтую жыццяздольнасьць. На дадзены момант такім ладам зьяўляецца толькі капіталізм. Яму і трэба шукаць паўнавартасную альтэрнатыву, не блытаючы яе з “аўтаномікай”—спосабам існаваньня у межах эксплуататарскай эканомікі.
Зразумела, гэтыя тэзысы збольшага схематычныя, і напалову эмпірычныя. Зразумела, ёсць другі пункт погляду. Вельмі хацелася б пачытаць контарпазыцыю (абгрунтаваную, але ў прыдатных да ўспрыманьня памерах :). На жаль, ва ўмовах інфармацыйнай перагрузкі, час на тое, каб прачытаць і крытычна пераасэнсаваць усю аўтаномскую бібліятэку, можа знайсьціся не хутка.