Узята з сайта harodnia.com.
А вось на гэтым сайце вялося абмеркаваньне кампаніі петыцый, але нешта ў іх тэхнічныя праблемы здарыліся... http://etna.ht.by
Рэканструкцыя г. Гродна: апошні рэліз
2 лістапада 2006 года
Грамадскімі сіламі ў жніўні 2006 г. быў ініцыяваны разгляд пытання аб рэканструкцыі г. Гродна на паседжанні Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь. У бліжэйшы час павінна адбыцца паседжанне рады, дзе спецыялісты вынясуць сваё канчатковае меркаванне наконт рэканструкцыі г. Гродна, якая вядзецца гарадзенскімі ўладамі з вясны 2006 г. Рэкамендацыі, якія будуць складзены радай, мусяць паўплываць на ход рэканструкцыі ў будучым. Але разгляд пытання затрымліваецца па невядомых прычынах.
Нагадаем, што падчас 1-га этапа рэканструкцыі (вясна’2006) былі зроблены шматлікія парушэнні Закона аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь. Упраўленне па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь зрабіла афіцыйнае прадпісанне аб тым, што працы па добраўпарадкаванню Савецкай плошчы г. Гродна (гістарычны цэнтр) былі зроблены з парушэннямі дзейнага заканадаўства:
“земляныя і будаўнічыя работы праводзяцца без папярэдняга археалагічнага даследавання зоны вытворчых мерапрыемстваў (дагавор на выкананне археалагічных даследаванняў не быў прадстаўлены), у выніку чаго:
- на вуліцы Маставой знішчаны ўчастак культурнага пласта 14-18 стст.;
- ва ўсходняй частцы Савецкай плошчы знішчаны ўчастак культурнага пласта 16-17 стст.;
- пашкоджаны падмуркі будынкаў 18-19 стст. (паўночна-заходні вугал палаца Радзівілаў, верх арачнага скляпення забудовы жылога квартала 18-19 стст.);
- па ўсёй тэрыторыі Савецкай плошчы знішчаны брук 19 ст.–пач. 20 ст., які знаходзіўся пад слоем асфальта;” (вытрымка з Прадпісання № 001 ад 17.04.2006 за подпісам Першага намесніка Міністра культуры У.П. Рылатка )
Таксама, НП РУП “БелНІІП Градабудаўніцтва”, якое распрацавала Генеральны план г. Гродна (зацверджаны подпісам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у 2003 г.), дала афіцыйную ацэнку працам, якія вядуцца ў Гродне:
“К сожалению, работы, выполняемые сейчас в натуре, не согласуются с указанными выше градостроительными проектами”
(вытрымка з ліста НП РУП “БелНІІП Градабудаўніцтва” у адказ Беларускаму дзяржаўнаму універсітэту культуры і мастацтваў ад 9.08.2006, арыгінал гл. ў дадатку )
Таксама “БелНІІП Градабудаўніцтва” даслала дакумент Міністэрству культуры, дзе падрабязна разглядаюцца парушэнні, зробленыя падчас рэканструкцыі вясной-летам 2006 г., і даецца негатыўная ацэнка работам, якія плануюць правесці гродзенскія ўлады ў бліжэйшы час.
Прыводзім некаторыя вытрымкі з дакумента:
“Намеченное строительство противоречит требованиям Закона об охране историко-культурного наследия”
“Ни в одном из названных выше пректов, разработанных УП “БЕЛНИИПГРАДОСТРОИТЕЛЬСТВА” не предусматривается осуществлять “коренную реконструкцию” исторической площади ради упорядочения движения по ней автотранспорта”
“Движение общественного транспорта (автобуса и троллейбуса) должно быть снято с исторической площади и направлено в обход центрального исторического ядра” (вытрымкі з ліста № 04/1018 НП РУП “БелНІІП Градабудаўніцтва” на Мі ністэрства культуры ад 23.08.2006).
Па словах старшыні гарвыканкама г. Гродна сп. Антоненкі А.І., сённяшняя рэканструкцыя г. Гродна – часовае вырашэнне транспартнага пытання ў Гродне, і прыкладна праз 20 год гістарычны цэнтр г.Гродна будзе адпавядаць Генеральнаму плану (сп. Антоненка А.І. апеліруе да таго, што Генеральны план горада мае стратэгічны характар). Але, як сцвярджае практыка, новазбудаваныя дарогі і развязкі ўжо назаўсёды застаюцца, і “выправіць” гістарычны цэнтр горада ў адпаведнасці з разумна прапрацаваным і зацверджаным Генеральным планам вельмі складана. Таму пасля ўжо зробленых прац (не адпаведных зацверджанаму Генеральнаму плану) робіцца “карэктыроўка” Генеральнага плана.
Такім чынам узаконьваюцца ўсе навабуды, і так званае “часовае вырашэнне” робіцца канчатковым.
Ці будзе шматпалосная дарога ў гістарычным цэнтры Гродна? Ці будуць далей марнавацца грошы на так званыя “часовыя вырашэнні транспартнага пытання”? Можа лепей траціць дзяржаўныя сродкі на якасныя працы па разумных і законных праектах? Ці стане гістарычны цэнтр месцам транспартных развязак, замест таго, каб быць пешаходным (гэта традыцыя для старых еўрапейскіх гарадоў, якая таксама замацавана ў Генеральным плане г. Гродна 2003 г.)?
Ці будзе знішчаны гісторыка-культурны ландшафт на старажытнай рацэ Гараднічанцы? Ці працягнецца руйнаванне старых дамоў?
І навогул, ці застанецца нам старая Гародня – адзіны беларускі горад з самым прыгожым гістарычным цэнтрам, які перажыў дзве сусветныя вайны?
Ініцыятарамі правядзення навукова-метадычнай рады па пытанню рэканструкцыі г. Гродна сталі:
Гісторыка-краязнаўчае таварыства “Этна” БДУ культуры і мастацтваў (стыпендыяты 2006 г. спецыяльнага фонда Прэзідэнта РБ па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў)
ГА “Беларускі камітэт Міжнароднай Рады па помніках і мясцінах” ІКАМОС
Беларускі Дзяржаўны Універсітэт культуры і мастацтваў
Навукоўцы і краязнаўцы г. Гродна:
Смалянчук А.Ф., доктар гістарычных навук
Чарнякевіч А.М., кандыдат гістарычных навук
Краўцэвіч А.К., доктар гістарычных навук
Госцеў А.П., краязнавец, пісьменнік. Гродна
Лапеха І.Р., экскурсавод, краязнавец г. Гродна і інш.