З пляцоўкі http://lvee.open.by/:
Miensk Linux Users Group запрашае вас наведаць дзею пад назвай “Linux Vacation / Eastern Europe” (LVEE), якая адбудзецца з 30 чэрвеня па 3 ліпеня 2005 году. Што можа хавацца гэткай назвай? Зразумела гэта адпачынак для аднадумцаў, зацятых альбо неяк зьвязаных з вольным праграмным забесьпячэньнем і Linux у прыватнасьці. Мы прапануем вам правесьці 4 незабыўныя дні на беразе возера што знаходзіцца на тэрыторыі ляндшафтнага заказьніку пад старадаўнім беларускім горадам Горадня.
Але вядома ж што просты бязьдзейны адпачынак не для таварыства Free Software, таму мы прадугледзелі 2-х дзённую навуковую канфэрэнцыю прысьвечаную праблемам вольнага праграмнага забесьпячэньня.
Праграма фэстывалю (тэзіснае)
- 30.06 Чацьвер – заезд і асвойваньне прасторы, адкрыцьцё фэстывалю
- 01.07 Пятніца – канфэрэнцыя раніцай і культурная праграма ў другой палове дня
- 02.07 Субота – канфэрэнцыя раніцай і культурная праграма ў другой палове дня
- 03.07 Нядзеля – закрыцьцё й выезд удзельнікаў
Канфэрэнцыя
Фармат – даклады й workshop’ы. Канфэрэнц-заля, праектар і гук. Заявы й тэзісы на даклады прымаюцца да 25 чэрвеня.
Культурная праграма
Музыка, псэўда-спартовыя мерапрыемствы, кінопаказ, піва, шашлыкі. Прапановы па складзе – вітаюцца. Відэаздымка дзеі ад Indyvideo. На турбазе маюцца спартовыя пабудовы, магчыма арэндаваць катамараны й лодкі для катаньня. Возера прадстаўляе выдатныя магчымасьці для купаньня. На тэрыторыі будзе разгорнутая WiFi сетка, магчыма з выхадам у Internet. Магчымасьці сотавай сувязі – МТС не працуе, БелСел і Velcom – у стане праверкі.
Сілкаваньне
Сілкаваньне забясьпечваецца арганізатарамі. Калі ў кагосьці ёсьць свае перавагі ў стравах (дыета, вэгетарыянства, etc) – паведамляйце загадзя, ці вязіце свае прадукты. Піва ў кошт сілкаваньня не ўваходзіць, аплачваецца асобна.
Разьмяшчэньне
Для тых хто пасьпее ў першых шэрагах падаць заяву (на 4 дні) – два домікі побач, з відам на возера, на 24 і 27 месцаў. Пры перавышэньні ёмістасьці домікаў (хутчэй за ўсё выходныя дні) – людзі будуць заселяцца ў іншыя домікі, крыху далей. Пакоі на 2 (дзьвюхспальныя ложкі), 4 і 5 чалавек. Электрычнасьць. У абодвух доміках – кухні, прыбіральня й душ, лядоўні. Вакол домікаў маюцца стацыянарныя мангалы. Намётаў і вогнішчаў на тэрыторыі – НЕ БУДЗЕ. Вакол базы – таксама. Умова адміністрацыі турбазы і разьмяшчэньне ў умовах заказьніку.
Заезд
Заезд будзе цэнтралізаваны, у дзьве хвалі (папярэдне): чацьвер і субота. Аўтобусы з Горадні й Менску. Калі ёсьць жадаючыя заняцца сваёй дастаўкай з другіх гарадоў групай – абмяркоўваем. Маюцца на ўвазе, перш за ўсё, абласныя цэнтры Беларусі: Берасьце, Гомель, Магілёў, Віцебск.
Узнос
Збор з удзельнікаў: 20 000 Br ці 10$ – 4 дні, 15 000 Br ці 7$ – 2 дні(выходныя, субота й нядзеля).