У пятніцу, 26 траўня, на ўправе БНФ адбылася прэзэнтацыя другой па ліку працы студыі
у жанры гульневага кіно – кароткамэтражнай стужкі “Гудбай, бацька!”.
Першы фільм студыі “Случай з пацаном” здымаўся пад прэзыдэнцкія выбары 2001 году, гэты меркавалі прадставіць грамадзкасьці да 19 сакавіка 2006. Але, як паведамілі аўтары, з-за аб’ектыўных падставаў выхад стужкі ў свет адбыўся трошкі значна пазьней запланаванага тэрміну. :)
Стужка зьнята ва ўжо апрабіраванай
манэры кліпавага кіно. Гэта дазваляе эканоміць акторскія і рэжысэрскія рэсурсы, пакідаючы пры гэтым магчымасьць гледачу дадумваць і прастору для асабістых высноваў.
У назве і сюжэце фільма – прамая алюзія на вядомы “Гуд бай, Ленін”. Але замест нямецкіх рэаліяў тут – вяртаньне бел-чырвона-белых сьцягоў, міграцыя наменклатуршчыкаў у ТБМ, скупка беларускіх флагманаў індустрыі транснацыянальнымі карпарацыямі.
Апантаным апазыіцыянэрам ня варта настройвацца на ўспрыманьне фільма ў стылі “тое, аб чым даўно казалі бальшавікі, здзейсьнілася”. Стужка багатая самымі рознымі, магчыма, нечаканымі для некаторых пытаньнямі і высновамі. У тым ліку даводзіць яна і пра наіўнасьць меркаваньня, нібыта адным крокам – напраклад, абраньнем у прэзыдэнты чалавека ад апазыцыі, — няхай сабе і вельмі цяжка дасягнутым, можна вырашыць усе пытаньні.