У пятніцу, 26 траўня, на ўправе БНФ адбылася прэзэнтацыя другой па ліку працы студыі Navinki Home Video у жанры гульневага кіно – кароткамэтражнай стужкі “Гудбай, бацька!”.
Першы фільм студыі “Случай з пацаном” здымаўся пад прэзыдэнцкія выбары 2001 году, гэты меркавалі прадставіць грамадзкасьці да 19 сакавіка 2006. Але, як паведамілі аўтары, з-за аб’ектыўных падставаў выхад стужкі ў свет адбыўся трошкі значна пазьней запланаванага тэрміну. :)
Стужка зьнята ва ўжо апрабіраванай NHV манэры кліпавага кіно. Гэта дазваляе эканоміць акторскія і рэжысэрскія рэсурсы, пакідаючы пры гэтым магчымасьць гледачу дадумваць і прастору для асабістых высноваў.
У назве і сюжэце фільма – прамая алюзія на вядомы “Гуд бай, Ленін”. Але замест нямецкіх рэаліяў тут – вяртаньне бел-чырвона-белых сьцягоў, міграцыя наменклатуршчыкаў у ТБМ, скупка беларускіх флагманаў індустрыі транснацыянальнымі карпарацыямі.
Апантаным апазыіцыянэрам ня варта настройвацца на ўспрыманьне фільма ў стылі “тое, аб чым даўно казалі бальшавікі, здзейсьнілася”. Стужка багатая самымі рознымі, магчыма, нечаканымі для некаторых пытаньнямі і высновамі. У тым ліку даводзіць яна і пра наіўнасьць меркаваньня, нібыта адным крокам – напраклад, абраньнем у прэзыдэнты чалавека ад апазыцыі,— няхай сабе і вельмі цяжка дасягнутым, можна вырашыць усе пытаньні.
Несумнены плюс аўтарам: дакладны прагноз перамогі пачвараў на Еўрабачаньні :)
“Бывай, бацька!” абавязкова рэкамендуецца прагледзіць актывістам Маладога Фронту, экс-зубранятам у мэтах падрыхтоўкі да немінучага расчаравання ў партыйных лідэрах. І ўсім астатнім – дзеля прышчэпкі ад ружовых акуляраў, чарговага страсаньня сьвядомасьці кінэматаграфічным “кактэйлем Молатава” ад NHV ... і проста кайфу ад стыльнай апэратарскай працы.
Самыя нецерпялівыя могуць набыць CD зараз праз Navinki Home Video (кошт асобніка – 3500 рублёў). Але стваральнікі фільму сцвярджаюць, што яны не будуць супраць, калі фільм пачне распаўсюджвацца праз лакальныя інтэрнэт-сеткі, а таксама шляхам свабоднага капіявання на CD.
Увосень Navinki Home Video абяцаюць выхад новага фільму жахаў. Пра што – пакуль не абвяшчаецца.