З 20 па 24 чэрвеня ў Мінску ў чацвёрты раз адбудзецца DIY Film Fest. Сёлета мы падрыхтавалі чатыры спецыяльных секцыі і конкурсны паказ – амаль 24 гадзіны кіно і 42 творы.
DIY Film Fest – фестываль фільмаў аб культуры з прыстаўкамі “суб” і “контр”, самаарганізацыі і утопіях. DIY – скарачэнне ад англійскага “do-it-yourself”, то бок зрабі сам. Гэта ўвасабляе нашае стаўленне да арганізацыі - прынцыпова некамерцыйнай і незалежнай, а таксама дух фільмаў, якія мы паказваем.
Жыццёвыя гісторыі, гендэр і сэксуальнасць апынаюцца ў фокусе секцыі “Boys and Girls of the Scene”; пра аўтаномныя прасторы і скейтарскую ўтопію распавядзе “Reclaim Yr Place”. Асобную секцыю мы адвялі фільмам Джо Біеля з амерыканскага незалежнага выдаўніцтва “Microcosm Publishing” – пра ровары, апошні цягнік Амерыкі і, канешне, панк-рок. Не забыліся мы і на класіку: сёлета гледачы выправяцца ў падарожжа па Нью-Ёрку, прасякнутым духам new wave, з гераінямі фільма “Times Square” (1980) Алана Мойла.
Конкурсны паказ праводзіцца ў гонар выбітнай амерыканскай андэграўнднай рэжысёркі Сары Джэкабсан. Геаграфія, жанры і працягласць уяўляюць суцэльную мяшанку: чакайце і анімацыю на некалькі хвілін з ЗША, і дакументальны фільм аб бразільскім самвыдаце, і поўнаметражную крымінальную камедыю з Грэцыі.