Да праваабаронцаў звярнулася жыхарка Гомеля Марына К. Яе 17-гадовы прыёмны сын хварэе на дэменцыю (ўстойлівае збядненне і спрашчэнне псіхічнай дзейнасці). Напрыканцы 2015-га Віталя змясцілі ў Цэнтр рэабілітацыі для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Там, ягоны сусед па палаце паскардзіўся доктару на нібыта сэксуальнае дамагальніцтва і прыставанне з боку Віталя. Бацькі абодвух падлеткаў, паразважаўшы, спісалі гэты канфлікт на фантазіі сваіх дзяцей.
Аднак праз некаторы час на кватэру да Марыны прыехалі супрацоўнікі «міліцыі» і, зневажаючы жанчыну, загадалі збірацца хвораму сыну. Маці паехала следам за імі ў Следчы камітэт. На яе заўвагі аб тым, што сын хворы, карнікі не рэагавалі — жанчыне параілі ня лезці не ў сваю справу. У Следчым камітэце Віталя апыталі следчыя, і, карыстаючыся яго бездапаможным станам з-за псіхічнай хваробы, запалохваннем прымусілі падпісаць нейкія паперы. Як пазней аказалася, гэта была яўка з павіннай.
15 лютага пракурор вынес пастанову аб прад’яўленні абвінавачання і Віталя змясцілі пад варту (у гомельскае СІЗА). Марына пісала скаргі, каб сына змясцілі ў псіхіятрычную клініку з-за дэменцыі, якая развілася ў выніку чэрапна-мазгавой траўмы. Хворы падлетак правёў у СІЗА 3 тыдні, пакуль ягоная маці дамагалася атрымаць дазвол на спатканне. Тое, што яна пабачыла і пачула 27 лютага пад час спаткання зрынула яе ў жах. Сын выглядаў змучаным, былі заўважныя гематомы і сінякі, галава апухлая, ён стаў заікацца. Віталь паведаміў, што яго гвалцяць сукамернікі і яшчэ пагражаюць пры гэтым:
“Ты ж яўку з павіннай падпісаў! Глядзі, не адмаўляйся, бо зусім скалечым”.
Калі маці стала пісаць скаргі ў Следчы камітэт і пракуратуру – невядомыя асобы сталі пагражаць і ёй.
9 сакавіка Віталя накіравалі на экспертызу ў РНПЦ ў Навінкі. Пасля чарговага спаткання Марына заўважыла што яе сын яшчэ болей схуднеў, ледзьве перасоўваецца, у яго пачала развівацца дыстрафія. Па словах сына, дактары распавядалі яму пра палавыя акты і мастурбацыю. Марына мяркуе, што такім чынам Віталя псіхалагічна рыхтавалі на ролю дасведчанага гвалтаўніка.
15 красавіка Віталя вярнулі ў Гомельскае СІЗА, а следства працягнулі яшчэ на 1 месяц.
Каментуючы дадзены выпадак, трэба сказаць, што сітуацыя ад пачатку да канца інспіраваная супрацоўнікамі карных структур. Мы не можам ведаць, ці вінаваты Віталь у дамагальніцтвах, але ўсе ведаюць, як працуюць беларускія карныя структуры: для атрымання «галочек» і выканання плану ім патрэбнае раскрыццё цяжкіх злачынстваў (а згвалтаванне менавіта такім і з’яўляецца), таму яны не спыняюцца не перад чым, каб атрымаць прызнанні. Калі нават чалавек хворы і не можа адказваць за свае дзеянні — гэта не робіцца для іх перашкодай. Так нават лепш, бо яго можна запужаць і прымусіць прызнацца ў тым, чаго ён не рабіў. Нават калі на судзе ён адмовіцца ад сваіх паказанняў гэта мала што змяняе — нашая судовая сістэма не бярэ гэта ва ўвагу.
Іншы элемент схемы па «раскрыццю злачынстваў» — аператыўная праца з чалавекам у камеры — гэта менавіта тое, з чым сутыкнуўся Віталь. На «малалетцы» у СІЗА ў камерах заўсёды сядзяць зняволеныя, якія не чакаюць суда а адбываюць у СІЗА свой тэрмін. Звычайна гэта фізычна моцныя зэкі, якім больш за 18 год. У іх падпісаная дамова з аператыўнікамі, якім яны непасрэдна падпарадкоўваюцца. У іх абавязкі ўваходзіць данясенне аб тым што адбываецца ў камеры, а часта — выбіванне явак з павіннай. У дадзеным выпадку, відавочна, «ментоўскім» сукамернікам Віталя далі загад прымусіць яго трымацца ранейшых паказанняў.
Так працуе следчая і турэмная сістэма — «быў бы чалавек а справа знойдзецца». Тыя, хто робіць гвалт і праізвол выстаўляюць сябе абаронцамі грамадства. Але чым далей тым відавочней робіцца што гэта грамадства трэба абараняць ад іх.