Дух отрицающий есть дух созидающий,
страсть к разрушению есть вместе с тем и творческая страсть!
М. А. Бакунин
Напрыканцы XIX ст. Заходнюю Еўропу захапіла хваля рэвалюцыйнага тэрарызму. У 1892 г. анархіст Равашоль (Франсуа Клаўдзій Кёнігштэйн) арганізаваў шэраг нападаў і выбухаў у Парыжы. У 1897 г. Мікеле Анджыаліла забіў гішпанскага прэмьера Антоніо Канаваса дэль Касцільё. 10 верасня 1898 г. Луіджы Луккені завостранным напільнікам забіў імператрыцу Елізавету Баварскую, 29 ліпеня 1900 г. Гаэтана Брэшы трыма стрэламі з рэвальвера забіў караля Італіі Умберта I (дарэчы, гэта быў адзіны італьянскі кароль, які загінуў падчас пакушэння). 24 чэрвеня 1894 г. пасля вітаючай прамовы ў Ліёне прэзідэнт Францыі Садзі Карно атрымаў нажавое раненне ад італьянскага анархіста Сантэ Казэрына. Нават у ЗША 5 верасня 1901 г. на выставе ў Буфало анархіст польскага паходжання Леон Франк Чолгаш смяротна параніў 25-га прэзідэнта Уільяма Мак-Кінлі. Такіх выпадкаў, натуральна, было больш. Усе акты тэрору анархісты ўпісвалі ў тактыку “прапаганды дзеяннем” і “ідэйнага бандытызму”, праз якую імкнуліся да мабілізацыі грамадства вакол рэвалюцыйнай барацьбы.
Да Расійскай Імперыі хваля анархісцкага тэрору дайшла на пачатку XX ст. Некаторыя крыніцы указваюць на факт існавання Паўднёвай групы анархістаў-камуністаў ужо ў 1898 г. у Кішынёве ці ў 1902 г. у Камянцы-Падольскім. Аднак прынята лічыць, што першая анархісцкая група з’явілася ў Гродзенскай губерні, а менавіта ў Беластоку, у якім напрыканцы 1902 г. пачалі з’яўляцца анархісты-эмігранты. У гэтым найбуйнешым прамысловым цэнтры ў рэгіёне, які дзякуючы развіццю ткацкай гаспадаркі называлі „Манчэстэрам Поўначы”, было сканцэнтравана шмат пралетарыяту. Акрамя таго адкрыццё чыгуначнага злучэння Варшавы з Пецярбургам і геаграфічнае палажэнне горада паўспрыялі ўзнікненню ў ім польскіх, расійскіх і габрэйскіх рэвалюцыйных згуртаванняў. Побач з палітычнымі партыямі СДКПіЛ (Сацыял-дэмакратыя Каралеўства Польскага і Літвы), РСДРП (Расейская сацыял-дэмакратычная працоўная партыя), ППС (Польская сацыялістычная партыя) і найбольш папулярнага Бунду ад 1903 г. пачала дзейнічаць анархісцкая Інтэрнацыянальная група “Барацьба”. На жаль, інфармацыі адносна гэтага перыяду беластоцкіх анархістаў практычна няма. Адзіная вядомая нам лістоўка, выдадзеная па-расійску і ідыш, Ко всем русским рабочим з ліпеня 1903 г. захоўваецца ў Інстытуце сацыяльнай гісторыі ў Амстэрдаме.
Трэба прыгадаць, што стварэнне і развіццё першых анархісцкіх груп было непасрэдна звязана з інтэлектуальнымі асяродкамі расійскіх рэвалюцыянераў за мяжой. У 1900 г. у Жэневе ўтварылася Група расійскіх анархістаў за мяжой, на чале якой былі Мендэль Дайноў, Георгій Гагелія (Аргеяні) і Лідзія Гагелія (Іконнікава). У 1901 г. група выдала зварот К товарищам в России. У жніўні 1903 г. у Жэневе група “Хлеб и Воля” пачала выдаваць аднайменную газету, якая сталася асноўным расійскім анархісцкім перыядычным выданнем. У 1904 г. у Парыжы на чале з Беркам Энгельсанам паўстала выдавецтва “Анархия”, а ў Лондане на чале з Пятром Крапоткіным ўтварылася Група расійскіх анархістаў-камуністаў. І ўжо падчас рэвалюцыі 1905 г. з’явіліся найбольш радыкальныя фракцыі анарха-камунізму: у красавіку ізноў жа ў Жэневе пабачыў свет першы нумар газеты “Безначалие” (Сцяпан Раманаў “Бідбей”, Мікалай Дзіўнагорскі (Пётр Талстой), Міхаіл Сушчынскі, Екацярына Літвін), а ў снежні “Чёрное знамя” (Іуда Саламонавіч Гросман).
Аб’яднанне беластоцкіх рабочых вакол групы “Барацьба” пачаў, прыехаўшы з Лондана, Шлёма Кагановіч (“Зэйдэль”). Менавіта яго першае пакаленне сучасных беларускіх лібертарыяў лічыла першым беларускім анархістам у XX ст. Разам з Грыгорыем Брумэрам “Барысам” Кагановіч арганізоўваў прафесійныя гурткі, дыскусіі, а пазней мітынгі і забастоўкі. Сярод “піянераў” руху ў Беластоку можна пералічыць Абрама Берга Ракоўскага “Сямона” і яго брата Максіма, заснавальніка анархісцкай групы ў Жытоміры Яфіма Ярчука (Хаіма Захар’ева), Давіда Бэкера, Рэбэку Ярашэўскую, Макса Чарадняка, Самуэля Франкфурта, Іду Зільберблат і інш.
Часцяком для прапаганды сваіх ідэй анархісты выкарыстоўвалі святы, падчас якіх арганізоўваліся дэманстрацыі і масавыя сходкі. Менавіта тады і адбыўся першы анархісцкі тэрарыстычны акт у Расійскай Імперыі. 29 жніўня 1904 г. у Крынках падчас свята Ём-Кіпур (Дзень адкуплення) 18-гадовы рабочы Нісан Фарбэр (“Нісэль Чорны”) атакаваў кінжалам фабрыканта Абрама Кагана. Прычынай паслужыў факт, што Каган наняў штрэйкбрэхераў, каб спыніць ткацкія стачкі на сваёй фабрыцы. Падчас супакаення пратэсту быў забіты адзін з рабочых. Праз некалькі дзён падчас свята Сукот (Свята кушчаў) паліцыя адчыніла агонь па рабочых, сабраных на бундаўскай сходцы ў лесе. Каля 30 асобаў было паранена, столькі ж арыштавана. У адказ на гэтыя дзеянні 6 кастрычніка Фарбэр кінуў бомбу ў паліцэйскі ўчастак, разам з анархістам загінула 6 асобаў. Помста Фарбэра запачаткавала хвалю анархісцкага тэрору па ўсёй імперыі, у межах якой напярэдадні першай рускай рэвалюцыі анархісцкія групы далі аб сабе знаць у 41 гарадах і мястэчках. Найбольш значная, масавая анархісцкая дзейнасць разгарнулася у трох “сталіцах” анархізму ў Расійскай Імперыі Беластоку, Адэсе і Екацярынаславе (зараз Днепрапятроўск).
Выкарыстанне радыкальных метадаў адразу запісала анархістаў у шэрагі небяспечных злачынцаў. Трэба заўважыць, што даволі паспяховую агітацыю рэвалюцыянеры праводзілі і сярод крымінальных элементаў. Напрыклад Мойша Шпіндлер (Шай Цукерман) быў прафесійным беластоцкім злодзеем з мянушкай “Залатая ручка”. Паводле ўспамінаў анархістаў, нягледзячы на адсутнасць ведаў пра падрабязнасці ідэалогіі, Шпіндлер быў адным з найбольш адданых рэвалюцыянераў у Расіі. Падобныя сувязі ўплывалі на негатыўнае ўспрыманне анархістаў не толькі іншымі партыямі, але таксама грамадствам. Нічога дзіўнага, што беластоцкіх анархістаў прадстаўлялі як “рыцараў чорнай ночы” ці “зладзейскую шпану”. Сярод сучасных прыкладаў найбольш тэндэнцыйнага падыходу да рэвалюцыянераў можна выдзеліць тэксты гродзенскага гісторыка Валерыя Чарапіцы, які сцвярджае: “У дзеяннях рэвалюцыянераў і іх верхаводаў было шмат звычайнай крымінальшчыны. І гэта не дзіўна, таму што падпольныя гурткі і арганізацыі, якія толькі нядаўна ўтварыліся, адразу ж сталі у замкнёнымі ордэнамі-кастамі са сваімі нігілісцкімі адносінамі да ўсіх этычных прынцыпаў, часам на мяжы з поўным цынізмам. Людзі, трапляючы ў рэвалюцыйныя колы, не мелі выбару. Іх чакала жорсткае пакаранне”. Зразумела, што сярод анархістаў хапала крыміналу, але большасць былі ідэйнымі рэвалюцыянерамі, якія стараліся змагацца з праявамі бандытызму ў сваіх шэрагах. У траўні 1905 г. рэвалюцыянеры правялі рэвізію ў кватэры прафесійнага злодзея. Уладальнікам дома яны сказалі, што хочуць ліквідаваць “праявы крадзяжу”. Іншы прыклад тычыцца банды Яшкі Беластоцкага “Камбінатара”, якая займалася грабяжамі і нападамі. Анархісты раззброілі групу, канфіскаваўшы зброю, а Яшка быў змушаны з’ехаць з горада.
Беласток стаў цэнтрам руху, які адыграў важную ролю ў з’яўленні груп у Гродне, Крынках, Заблудаве, Бельску, Ружанах, Слоніме і інш. Вядомы эсэр-максімаліст Іосіф Жук-Жукоўскі (Ян Плясцен) успамінае, што беластоцкія анархісцкія улёткі вельмі ўплывалі на кшталтаванне рэвалюцыйных поглядаў сярод слонімскай моладзі, дзе анархісты з’явіліся увесну 1906 г. На жаль, інфармацыя пра гарадзенскіх анархістаў да 1906 г. практычна адсутнічае. Чальцы Баявой арганізацыі Польскай сацыялістычнай партыі ва ўспамінах пішуць, што тэрарысты ў горадзе былі прадстаўлены толькі польскімі баявікамі, пазней з’явіліся “маладыя эсэры” (максімалісты).
Радавод эсэраў-максімалістаў выводзіцца з жэнеўскай “аграрнай групы”, аб’яднанай вакол “бабулі” рускай рэвалюцыі Кацярыны Брэшка-Брэшкоўскай і “маладых эсэраў” на чале з Яўгеніем Лазінскім “Усцінавым” і Міхаілам Сакаловым “Каінам”. Гэтая група падарожнічала па Паўночна-Заходнім краі і прапагандавала аграрны тэрор, ствараючы аўтаномныя баявыя групы. У спалучэнні з маскоўскай эсэраўскай апазіцыяй на чале з Уладзімірам Мазурыным у кастрычніку 1906 г. у горадзе Або (Фінляндыя) адбыўся ўстаноўчы з’езд Саюза сацыялістаў-рэвалюцыянераў максімалістаў. Важна, што максімалісты лічылі менавіта Беласток “радзімай сваёй тэорыі”. Шмат беластоцкіх максімалістаў (Мойжэш Загхейм, Хаім Кац, Аляксандр Кішкель, Давід Фарбер, Дора Казак, Бейла Клябанава, правакатар Фёдар Дарошка) ўвайшлі у пецярбургскую групу, якая між іншым 12 жніўня 1906 г. арганізавала тэракт на дачы Пятра Сталыпіна (так званы Выбух на Апцекарскім востраве), калі загінула 30 чалавек і шмат было паранена. Паводле амерыканскай даследчыцы Анны Гейфман рэвалюцыйны тэрарызм анархістаў і максімалістаў быў “унікальным у сваім родзе грамадскім феноменам”, які адыграў “галоўную ролю ў крызісе 1905–1907 гг. і – шырэй – у палітычнай гісторыі пачатка XX ст.”. Менавіта гэтыя рэвалюцыйныя плыні “адпавядаюць за стварэнне атмасферы жаху і хаоса ў імперыі”. Акрамя пастаяннага выкарыстання рэвалюцыйнага тэрору можна ўзгадаць пра такія падабенствы адных і другіх, як неадкладная рэвалюцыйная перабудова грамадства і гаспадарчых стасункаў на сацыялістычных асновах, крытыка парламентарызму і цэнтралізму і інш.
Найбольш паказную акцыю гродзенскія максімалісты правялі 28 жніўня 1906 г., калі забілі начальніка жандармерыі гродзенскай губерні палкоўніка Мікалая Грыбаедава. Баявы лятучы атрад сацыялістаў-рэвалюцыянераў максімалістаў у гектаграфічнай заяве зазначаў, што Грыбаедаў быў забіты за сваю правакацыйную дзейнасць і удзел у беластоцкім габрэйскім пагроме. У акцыі ўдзельнічалі Іосель Валах, Мойшэ Длугач, Соня Гольберт і Давід Бехтэр. Апошняя вялікая акцыя гродзенскіх максімалістаў адбылася 29 чэрвеня 1908 г. на чыгуначнай станцыі ў Навагрудку. Арганізатарамі выступілі: Эля Дабкоўскі, Іцхок Рублянскі і Берка-Вольф Якабсан. У выніку акцыі 8 баевікоў былі затрыманыя, а Рублянскі падарваўся на ўласнай бомбе.
Анархісцкія групы складаліся пераважна з габрэйскага пралетарыяту, які знаходзіўся ў жудасных сацыяльна-эканамічных умовах. Цяжкая праца па 1214 гадзін, малыя заробкі, пастаянныя лакаўты і звальненні, праца дзяцей і брак перспектываў на лепшы лёс у спалучэнні з адсутнасцю адукацыі прычыняўся да радыкалізацыі рабочых. Акрамя ўнутраных прычын непасрэдна на развіццё анархісцкага руху ўплывалі ідэі вядомых расійскіх рэвалюцыянераў Міхаіла Бакуніна і П. Крапоткіна. Найбольш папулярным анархісцкім напрамкам на пачатку XX ст. з’яўляўся анарха-камунізм, вядучым тэарэтыкам якога быў Крапоткін. Яго словы аб тым, што “правы не даюць, правы бяруць” ярка адлюстроўвалі настрой тагачасных анархістаў. Ад назвы жэнеўскай газеты паслядоўнікаў ідэй “князя анархізму” называлі хлебавольцамі. У чэрвені 1904 г. “Хлеб и Воля” апублікавала артыкул Нужен ли анархизм в России?, у якім прапагандавалася сацыяльная рэвалюцыя, сілай руху якой павінен быў стаць пралетарыят і сяляне. У адрозненне ад марксізму менавіта анархізм з дапамогай прамога дзеяння намагаўся перадаць бедным не толькі палітычныя свабоды, але перадусім хлеб, фабрыкі, зямлю і сапраўдную свабоду. У адным з першых нумараў газеты пісалі, што аграрны тэрор ёсць „выдатнай дапамогай партызанцкай барацьбы”, а ўжо ў наступным было зазначана, што „у дэструкцыйнай частцы нашай працы мы выступаем за гвалт” і “разліты тэрор”, але „у творчай частцы нашай працы мы выступаем супраць гвалту, перад усім супраць арганізаванага гвалту. У выпадку непазбежнасці гвалту мы заўсёды аддаем перавагу форме неарганізаванага гвалту. Напрыклад, мы выбіраем «самасуд», а не «суд»!”.
У снежні 1904 г. у Лондане адбылася анархісцкая канферэнцыя, падчас якой былі прыняты асноўныя накірункі дзейнасці анархістаў. Праз сацыяльную рэвалюцыю, ліквідацыю дзяржавы і капіталізму за мэту ставілася дасягненне анарха-камуністычнага строю. Дзеля гэтага прапанавалася выклікаць усеагульную забастоўку, якую б дапоўнілі сялянскія паўстанні і індывідуальная барацьба рэвалюцыянераў. Пастулаты былі дапоўнены на лонданскім з’едзе 1718 верасня 1906 г. На момант з’езду ў Расійскай Імперыі працягвалася рэвалюцыя, а пытанне тэрору было вельмі актуальным. Не толькі у сацыялістычных колах, але таксама ў анархісцкім асяроддзі на старонках прэсы вялася палеміка наконт гэтага метаду. Тады была прынята рэзалюцыя О грабеже и экспроприациях, якая папярэджвала анархістаў ад надмернага карыстання гэтым тыпам дзеянняў, звяртаючы ўвагу на важнасць адказнага падыходу да маральнага і этычнага стану расійскага рэвалюцыянера. Тэрор адлюстроўваў помсту і павінен быў быць зразумелым для кожнага без доўгіх тлумачэнняў. Адзін з найбольш вядомых тагачасных анархістаў Уладзімір Забрэжнеў падкрэсліваў, што незалежна ад папулярнасці тэрору ён “увогуле не звязаны арганічна з сутнасцю анархісцкага светапогляду і не з’яўляецца яго вытворнай”. Стараючыся апраўдаць радыкальную тактыку, ён адзначаў, што анархісты змушаныя да тэрактаў, але яны „не «судзяць», не «караюць», але бароняць ці помсцяць”. Удзельнікі з’езду пагадзіліся у справе выкарыстоўвання тэрору толькі ў мэтах самаабароны, але адхілілі тэрор як сродак змены існуючага строю, падкрэсліваючы, што такую ж тактыку выкарыстоўваюць палітычныя партыі. Варта нагадаць, што на пачатку XX ст. асноўнай расійскай “партыяй тэрору” была Партыя сацыялістаў рэвалюцыянераў (эсэры). Побач з імі тэрор стасавалі згаданыя вышэй: максімалісты і ППС (яе збройнае фарміраванне Баявая арганізацыя). Не цураліся гвалту (хоць і ў значна меншай ступені) і іншыя рэвалюцыянеры (Бунд, РСДРП ці СДКПіЛ).
У ліпені 1906 г. у газеце анарха-сындыкалістаў “Буревестник” быў надрукваны артыкул Нікалаенкі «Этика террора», у якім аўтар сцвярджаў, што „тэрор, які выводзіцца з высокіх грамадска-маральных пачуццяў ёсць непадзельны з імі і ёсць этычны акт сам у сабе”. Пры тым аўтар крытыкаваў пасіўны супраціў і безматыўны тэрор, прапануючы выкарыстоўваць арганізаваны тэрор. Рэвалюцыя 19051907 гг. выхоўвала анархістаў у практыцы, менавіта тады ў анарха-камунізме пачалі з’яўляцца розныя радыкальныя фракцыі: акрамя хлебавольцаў чорназнаменцы і безначальцы. Расійскі гісторык Алег Будніцкі заўважае, што з тэрорам пагаджаліся усе фракцыі, разыходжанні датычыліся толькі яго ролі і месца ў анархісцкай дзейнасці. Безначальцы ставілі на паўсюдны тэрор і экспрапрыяцыі, нігілісцкія традыцыі, люмпен-пралетарыят, беспрацоўных і “подлую чэрнь”. Яны пісалі: “1 траўня для тэрарыста – гэта 1 сакавіка, 14 ліпеня, 14 лютага і гд.. 1 траўня – дзень, калі атрымаецца здейсніць тэракт”. У сваіх лістоўках радыкалы распаўсюджвалі інфармацыю, як зрабіць бомбы, інструкцыі падпалу маёнткаў і барацьбы з правакатарамі (абліццё сернай кіслатой). Агітавалі за сабатаж, напады на фабрыкантаў і памешчыкаў: “бярыце сякеру, зброю, касу і рагаціну” i “падрывайце турмы, бярыце банкі, паліце суды, знішчайце дзяржаўныя і публічныя месцы, забівайце ўсіх паліцэйскіх і начальнікаў знізу ўверх і зверху ўніз, разбурайце жаўнерскія казармы, вызваляйце гарады, рабочыя!” Чорназнаменцы пашыралі агітацыю на работнікаў і дробных рамеснікаў. Не адмаўляючыся ад эканамічнай барацьбы за правы рабочых, яны крытыкавалі самога Крапоткіна за “буржуазны федэралізм, мінімалізм і дэмакратызм”. Паводле іх, забастоўкі павінны былі дапаўняцца нападамі на маёмасць, а ўзмоцненая збройная дзейнасць прывесці да масавай класавай барацьбы. Напрыканцы 1905 г. у Беластоку гэтая фракцыя падзялілася на безматыўнікаў (акты тэрору супраць кожнага прадстаўніка буржуазіі за тое, што яны былі паразітамі-эксплуататарамі) і камунараў (акты тэрору і збройныя дзеянні трактавалісь як сродак да захопу гарадоў і вёсак, дзе павінны былі стварацца “вольныя рэвалюцыйныя камуны”). Усе фракцыі ў адрозненні ад анарха-сындыкалізму крытыкавалі прафсаюзную дзейнасць, легальныя формы барацьбы і рэфармізм.
Трэба дадаць, што з’езды не накідвалі адзінай анархісцкай догмы, а былі прапановамі для дзейнасці анархісцкіх груп, якія мелі поўную аўтаномію і права да дзейнасці ў залежнасці ад сітуацыі, умоў і патэнцыялу дадзенай групы. Ты не менш усе анархісты пагаджаліся у крытыцы дэмакратыі і парламентарызму, выступаючы за ўсеагульную забастоўку і класавую барацьбу. Выступаючы супраць вайны, анархісты агітавалі за дэзертырства і адмову ад вайсковай службы. Большасць пісаных па-расійску ці ідыш лістовак, адрасатамі якіх былі рабочыя, жаўнеры і сяляне, мела дэвіз Бакуніна “Дух разбуральны ёсць дух, які стварае”. Так і ў выпадку з лістоўкай Гродзенскай групы анархістаў-камуністаў «К новобранцам» з 1906 г., якая называла сялян і рабочых тварцамі усіх багаццяў на зямлі. Анархісты заахвочвалі іх да самастойнай барацьбы праз пратэсты: “Бунт з’яўляецца асноўным правам, першым абавязкам, першым доўгам свабоднага чалавека”. Аднак анархісцкі бунт вядзе да канструктыўных грамадскіх форм і стасункаў: сумеснае ўладанне зямлёй, сумесная праца сялянскіх супольнасцей і рабочых саюзаў. Кожны даваў бы ад сябе тое, што можа і колькі можа, пры тым карыстаўся б зямлёй і іншымі дабротамі столькі, колькі б таго патрабаваў. Грамадства павінна быць арганізавана па прынцыпу федэрацый, у якіх “праца і свабода, яднаючыся у супольнасць, дазволяць жыць усім свабодна, у дабрабыце і міры!” Дзеля гэтага трэба змагацца з эксплуататарамі упэўнена і салідарна.
Погляды ўдзельнікаў замежных канферэнцый былі блізкія анархісцкім групам у розных кутках Расійскай Імперыі. У мінскай тыпаграфіі “Безвластие” у 1907 г. друкаваліся улёткі, якія актыўна распаўсюджваліся у Гродзенскай губерні. У лістоўцы Федэрацыйнай групы анархістаў-камуністаў «Тиранам, катам, палачам – смерть» на прыкладзе акцыі анархіста Веніяміна Фрыдмана “Немкі Малога” пісалі, што тэрор знізу гэта адказ на тэрор зверху і з’яўляецца народнай помстай. Прыгадаем, што Фрыдман 11 студзеня забіў у Гродне турэмнага наглядчыка Каханскага, паліцыянта Таўрэля і двух гарадавых: Нікіфара Селязнёва і Франца Новіка, раніў радавога Петрыкава і падафіцэра Антановіча. Апошную кулю малады анархіст пакінуў для сябе.
Нельга не ўзгадаць і лакальныя з’езды, у якіх удзельнічалі гродзенскія анархісты. Найбуйнейшым з іх была Канференцыя анархістаў-камуністаў Літвы і Польшчы, якая адбылася летам 1907 г. у Коўне. У імпрэзе ўдзельнічалі каля 50 дэлегатаў, між іншым — з Варшавы, Вільна, Гродна, Лодзі, Беластоку. Падчас канфереэнцыі быў прыняты праграмны дакумент «От анархистическо-коммунистической конференции Литвы и Польши ко всем рабочим». У тэксце змагары з дзяржавай пісалі, што ў грамадскім жыцці таксама як у прыродзе існуе правіла без знішчэння няма стварэння. Звяртаючы ўвагу на тое, што анархія гэта не сінонім знішчэння, анархісты аб’яўлялі, што не баяцца выкарыстоўваць гэтае слова, таму што дзяржаўны строй павінен быць знішчаны. На іх думку, анархія пазітыўныя з’ява, якая спараджае энергію, ініцыятыву і свабоду, пабуджае ў людзях смеласць і самастойнасць. Гэта антыпод дзяржавы, якая абмяжоўвае жыццё “правам, мілітарызмам і маральным рабствам”. Удзельнікі, відавочцы памылак руху падчас рэвалюцыі, імкнуліся да пераасэнсавання тактыкі і метадаў дзейнасці. Сярод выпрацаваных пунктаў знайшліся наступныя: утварэнне агульнай федэрацыі ўсіх анархісцкіх груп, бо ізаляцыя аслабляла рух. Падтрымліваючы ідэю ўсеагульнай забастоўкі, рэвалюцыянеры заахвочвалі да рэалізацыі “вялікіх і арганізаваных экспрапрыяцый”. Распаўсюджванне анархісцкіх ідэй сярод мас павінна было ісці побач з крытыкай палітычных партый і прафсаюзаў, якія часта адыгрывалі ролю “небяспечнага і хітрага сродку буржуазіі”. Кампрамісы з фабрыкантамі, паразуменні з працадаўцамі, танныя кухні і касы беспрацоўных усё гэта, па меркаванні паслядоўнікаў Бакуніна, развівала “псіхалогію беднасці і забівала рэвалюцыйную актыўную барацьбу”. У дадатку арганізацыі анархістаў павінны быць канспіратыўнымі. Пакет зваротаў ковенскай канференцыі між іншым, быў знойдзены ў жніўні 1907 г. вартаўніком у садзе брыгідскага касцёла ў Гродне.
Удзельнікаў канферэнцыі выдаў паліцыі правакатар Абрам Гавенда “Абраша”. Практычна ўсе з іх былі арыштаваныя, а ўжо ўвосень 1908 г. у Варшаве адбыўся судовы працэс над 24 анархістамі. Тыя, хто застаўся на свабодзе, імкнуліся да помсты. У сувязі з гэтым у студзені 1908 г. з Сакулкі ў Гродна прыехалі Моцька і Ідэль. Шпацыруючы па вуліцы Саборнай Гавенда заўважыў сачэнне за сабой. Анархісты адкрылі агонь, трапіўшы Абрашу ў шчаку. Правакатар паспеў ускочыць у павозку і ад’ехаць. На месцы здарэння знайшлі 5 куль, адна захрасла ў сцяне драўнянага дома. Ідэль быў вядомы паліцыі, яго затрымлівалі ў Вільне падчас арышту Хаіма Лонданскага, “Немкі” і «Айзэка».
Іншы прыклад страляніны адбыўся на вуліцы Замкавай. 23-гадовы пераплётчык Абрам Глік (Давід Гольдман) атручанымі кулямі з браўнінга страляў ва ўладальніка мануфакітурнай крамы Франка Аківу. Раней на анархісцкую дзейнасць ён стараўся вылудзіць 400 рублёў. Падчас здарэння рэвалюцыянер выпадкова параніў фельчара Бенедзіктава і 12-гадовага Аўсея Лейпунскага.
Паводле захаваных дадзеных, першыя масавыя выступы анархістаў у Гродне адбыліся ў 1906 г. на фабрыцы пераплётчыкаў Харына. У сувязі з пераносам фабрыкі ў Варшаву ўладальнік не выплаціў кампенсацыі рабочым, якія засталіся без працы. Тады рабочыя звярнуліся за дапамогай да анархістаў, якія адрэагавалі лістом з пагрозамі ў адрас фабрыканта, а 10 траўня 1906 г. кінулі ў яго кватэру бомбу. У той жа вечар 5 стрэламі быў забіты паліцыянт Козел. У сваю чаргу сацыялістычны дзеяч Браніслаў Шушкевіч успамінае, што па прычыне пераносу фабрыкі ППС страціла падтрымку 200 рабочых, пры тым нічога не ўспамінаючы аб анархістах. У верасні 1906 газета “Буревестник” апублікавала пісьмо гродзенскага анархіста, у якім можна было прачытаць, што „пры ўзмоцненых сродках адбываюцца напады, падпалы”. Аўтар адзначаў, што да восені 1905 г. у гродзенскай турме “за палітыку” сядзелі некалькі сялян, а ў губерні адбываліся сялянскія пратэсты: у маёнтках Дзеконьскай у Жытомлі, у маёнтку Азнабішыных, у вёсках Губінка і Кашубенцы.
„Буревестник” таксама інфармаваў, што пасля некалькіх рэфератаў узрасла папулярнасць анархісцкіх ідэй сярод рабочых чальцоў Бунда и ППС. У адной з кравецкіх майстэрань былыя чальцы ППС паскардзіліся анархістам на закрыццё майстэрні. Тады анархісты традыцыйна даслалі пісьмо ўладальніку з прапановай выплаціць былым рабочым па 150 рублёў, а пасля ігнаравання таксама кінулі ў кватэру бомбу. У выніку жонка ўладальніка сама звярнулася да рабочых, пагадзіўшыся на ўсе патрабаванні. Падобна і з фабрыкай Езерскага ўладальнік самастойна звярнуўся да рабочых пасля атрымання пісьма са смяротным прысудам. Аўтар гэтай інфармацыі дадаваў, што Бунд выключыў з партыі тых чальцоў, якія звярнуліся да анархістаў з просьбай аб каардынаванні забастоўкі.
На старонках газеты “Бунтарь” анархісты пісалі: “кожны анархіст, каб быць поўнавартаснай, прыгожай асобай павінен не толькі гаварыць пра тэрор, але здейсняць тэрарыстычныя акты…”. 28 жніўня 1907 г. у Гродне у Еўрапейскім гатэлі была зроблена спроба забіцця беластоцкага паліцмайстра Мацэвіча. Чальцы Баявога лятучага атрада анархістаў-камуністаў “Бунтар” у сваёй лістоўцы тлумачылі, што Мацэвіч быў вінаваты ў расстрэле рабочых 30 ліпеня 1905 г., а таксама быў адным з кіраўнікоў жыдоўскага пагрому ў Беластоку.
Паліцэйскія звесткі з 1907 г. інфармуюць, што нягледзячы на адсутнасць у Гродне тыпова тэрарыстычных арганізацый, у горадзе было даволі шмат падазроных элементаў, якія рэгулярна арганізоўвалі тэракты (забойства Аўсея Мендзелевіча, Андрэя Панцэвіча, бомба у доме Фукса, чатыры бомбы на школьным падворку і інш.). Паліцыя сцвярджала, што гродзенскія анархісты маюць добрыя і пастаянныя стасункі з рэвалюцыйнымі ачагамі ў Варшаве і Беластоку. Памочнік Начальніка ГЖУ дадаваў, што большасць акцый адбываецца ў скверы на Параднай плошчы, дзе часцяком збіраецца жыдоўская моладзь, якая паводзіць сябе груба, арганізуючы пры тым мітынгі. Ён меркаваў, што пасля пацяплення тэракты будуць працягвацца і звяртаў увагу перад усім на кіёск з сельцерскай вадой, які быў месцам сходак. У выніку ў рапарце знайшлася прапанова забароны масавых сходак жыдоўскай моладзі ў скверы, таму што менавіта там у натоўпе схаваўся забойца палкоўніка Грыбаедава.
Вельмі распаўсюджаны былі лісты з пагрозамі і вымагальніцтвам. 1 сакавіка 1907 г. у кватэру гандляра Браудэ прыйшло 20 жыдоў, якія дамагаліся 20 рублёў, але гандляр не згадзіўся і група выйшла без грошаў. Праз некалькі тыдняў 20 сакавіка Гродзенская інтэрнацыянальная група анархістаў-камуністаў выслала пісьмо з просьбай перадачы ім 300 рублёў. Анархісты напісалі, што не хочуць стасаваць тэрор і патрабуюць не ахвяр, а грошай, але калі Браудэ не прынясе гэтую суму ў вызначанае месца, яны, на жаль, будуць змушаныя да выкарыстання гвалту. І гэта будзе выключна віна гандляра. Да Браудэ паступалі пагрозы некалькі разоў, але забіць яго анархістам не атрымалася кінутая ў яго кватэру бомба не падарвалася.
24 траўня на імя Віктара Свянціцкага з маёнтку Кабакі Пружанскага уезда прыйшло пісьмо з патрабаваннем высылкі грошаў, (прызначаных для вязняў-анархістаў, якія трапілі ў турму праз Свянціцкага), не пазней за 10 чэрвеня. Група анархістаў-камуністаў ім. Бакуніна пагражала памешчыку тым, што падложыць выбухоўку ў яго маёнтку і фабрыцы, і нават заб’е самога капіталіста.
У гэты ж час пісьмо з пагрозамі і пячаткай Беластоцкай арганізацыі Партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў атрымаў Хаім Бергер. Спробы вымагання ад Бергера мелі месца яшчэ ў верасні 1905 г. Тады анархістам перашкодзіў селянін, які пазваў паліцыю. Звернем увагу на адну тэхнічную ці нават мастацкую дробязь. У пісьме акрамя абвінавачвання ў правакатарстве і антысэмітызме на асобнай картцы былі намаляваны нож, рэвальвер і капкан з подпісам „Хутка“.
Пачуццё гумару прысутнічала і ў гродзенскіх эсэраў. Увосень 1907 г. у сталіцы губерніі падчас спявання на святочным парадзе Боже, царя храни Ізраіль Голуб, пагражаючы пальцам і не здымаючы капялюш, сказаў генералу Бегільдзееву: „Ну, ну, ты не вельмі, бо можаш атрымаць!”. Паводле паліцэйскіх звестак, раней Голуба ўжо затрымлівалі за рэвалюцыйную дзейнасць, а фігураваў ён як анархіст і „вельмі шкадлівая асоба для грамадскага ладу”. У снежні яго затрымалі ў сінагозе. Падчас ператрусу ў кватэры вядомай эсэркі Рэбэкі Каган было знойдзена пісьмо з інфармацыяй пра тое, што бомбу ў атрад казакоў 7 траўня 1906 г. павінен быў кінуць менавіта Голуб, але ў апошні момант рашэнне адмянілі і бомбу кінуў Іцкох Рублянскі. У выніку эсэр быў сасланы на 3 гады у Томскую губерню. Цікавым падаецца факт, што пры савецкай уладзе Ізраіль Голуб працаваў начальнікам лагера ў Волагдзе.
6 ліпеня 1906 г. у Гродне арыштавалі касіршу гродзенскай групы Фрэйду Шылінг “Феню”, пры якой была пракламацыя К возрождению анархизма і нататка з імёнамі “Давід” і “Бакунін”. Падчас допыту яна адмаўляла прыналежнасць да анархістаў. У сваю чаргу 17 ліпеня на чыгуначным вакзале затрымалі аптэкарскага вучня Мордуха Крэпхана, 25-гадовага месчіча з вёскі Дубровы (які ў верасні 1908 г. эміграваў у ЗША) і 22-гадовую настаўніцу Ганну Шапіра, якая рыхтавалася да іспыту па лаціне. Яе кватэра па вуліцы Ганчарнай у доме Лунскага з’яўлалася канспіратыўным месцам анархістаў, дзе было знойдзена шмат лістовак і літаратуры. У Давіда Данеля выкрылі 30 брашур Крапоткіна. Улетку 1907 г. анархісты планавалі вызваліць з гродзенскай турмы сваіх аднадумцаў. Яны нават хацелі падарваць сцяну падчас шпацыру вязняў. Аднак, арганізатар акцыі Давід Адлер быў затрыманы, пры сабе ён меў 102 рублі, 30 футаў дынаміту, 44 аршыны шнура, 72 запалы. Раней, каб вызваліць з гродзенскай турмы таварышаў, анархісткі Фаня і Фейга прапанавалі наглядчыку хабар 300 рублёў. Сярод анархістаў, якія адбывалі пакаранні ў гродзенскай турме ў 1907 г. можна назваць Давіда Бекера ці баявіка Грыгорыя Кручкова (“Колю Екацярынаслаўскага”).
У рапарце памочнікаў гродзенскага ГЖУ у 1907 г. можна прачытаць, што „у бягучым годзе звароты выдавецтва анархістаў-камуністаў у рэгіёне не з’яўляліся. Варта зазірнуць у дакументы, у якіх героі гэтага артыкула самі апісваюць сітуацыю ў руху ўвосень 1907 г. У пісьме, датаваным на 28 верасня вядомы анархіст Сашка Шлюмпер (Самуіл Бейлін) пісаў да Копеля Эрдэлеўскага “Густава”, што з Варшавы трапіў у „шэрае, сумнае Гродна”, дзе замест ідэйных анархістаў “банда з 4 чалавек, сапраўдных хуліганаў”. “У Беластоку літаральна нічога няма, толькі драбяза. Жахліва думаць, што сталася з нашым гістарычным Беластокам, які паглынуў столькі маладых, лепшых сіл”. Крытыкуючы рэвалюцыянераў (за адсутнасць ідэйных змагароў, прастытуцыю і крымінал) у Адэсе, Варшаве, Жытоміры, Мінску, Гомеле, Шлюмпер жаліўся, што рух прыйшоў у заняпад, але не трэба пакладаць рук, а працягваць змагацца. Падобную ацэнку даваў гродзенскі аўтар пісьма ў “Бyревестник”, які адзначаў, што “настрой рабочых песімістычны”. Далей ён апісаў сітуацыю, падчас якой рабочыя, што бастуюць, адмовіліся ад дапамогі палітычных партый, звяртаючыся пры тым да анархістаў. Цягам 8 дзён забастоўкі агітатар ад лібертарыяў выступаў штодня перад рабочымі. Калі пачаліся арышты, анархісты кінулі бомбу ў майстэрню Файста. Група краўцоў старалася змусіць анархістаў да абавязацельства, што забастоўка кончыцца перамогай. На што рэвалюцыянеры адказвалі, што рабочыя павінны змагацца ўласнымі сіламі, аднак у выпадку забастоўкі яны ахвотна дапамогуць. У выніку да забастоўкі не дайшло.
У кастрычніку гарадзенскія паліцэйскія Сахарэвіч і Гуляеў затрымалі Мордуха Матыльскага. Ён прадпрымаў спробы уцячы, Матыльскі пачаў страляць пад самым паліцэйскім участкам. 20-гадовы кравец з Новага Двара Лідскага уезда ўжо меў дачыненні з паліцыяй, але без прысудаў. Ён прызнаўся, што ў 1907 г. уступіў у Гродзенскую групу анархістаў-камуністаў. Незалежна ад сваіх антыдзяржаўных поглядаў, ён дэклараваў, што у разбоях не ўдзельнічаў і што яму ўсё адно, ці трапіць ён у турму, ці застанецца на волі.
Прыблізна ў той жа час быў затрыманы Шлюмпер, якога арыштавалі ўначы. У гродзенскай турме, з якой спрабаваў збегчы, ён знаходзіўся да 1909 г. Паводле ўспамінаў Іды Зілберблат пасля пастаянных катаванняў, страціўшы розум, выбітны дзеяч анархіскага руху памёр у Арлоўскім цэнтрале 4 красавіка 1915 г. Па яго кантактах былі затрыманыя Ідэль Штэйн і Модко-Бер Цукерман ”Бэнэк”.
Напрыканцы 1907 г. з Крынак у Гродна прыехалі Мошэ Замухоўскі “Мейшке” і гарбар Хайкель Баркан “Муць”, якіх затрымалі на вакзале. Пры сабе анархісты мелі надрэзаныя кулі і 3 браўнінгі, за што і атрымалі прысуд высылкі ў Цюменскую губерню на 3 гады. Па гэтай справе праходзілі таксама Лейка Гульст, Рохля Оберштэйн, якіх выслалі ў Архангельскую губерню, і Рохля Жукоўская, ператрус на кватэры якой нічога не выявіў. Праз бліжэйшыя 2 гады яна заставалася пад паліцэйскім наглядам. З гродзенскай групай утрымлівалі кантакты варшаўскія безматыўнікі з групы „Інтэрнацыянал”, якія праз 19-гадовага пасрэдніка Хаіма Руга “Шыі” даслалі у лютым 1908 г. ў Гродна дынаміт і запальнік. У адным з пісем да Фейгі прасілі перадаць 150 рублёў на дзейнасць, чыстыя карткі з пячаткай Гродзенскай групы анархістаў-камуністаў і 8 нумар газеты “Буревестник”. Таксама са сваімі землякамі карэспандавалі пераплётчыкі, чальцы варшаўскага „Інтэрнацыянала”: Гірш Малахоўскі “Ілля” і Саламон Дышка.
У лютым 1908 г. у Вільне затрымалі Веніаміна Шымановіча “Немку Сацыялізма”. Народжаны ў 1886 г. сын краўца з Эйшышак, у 1903 г. належаў да гродзенскай РСДРП, у наступным да Бунду, у 1905–1907 гг. актывіст анархісцкага руху ў Коўне. Пасля арышту ён трапіў на 10 месяцаў у гродзенскую турму, пасля высланы ў войска, адкуль уцёк. У жніўні 1907 г. арыштаваны ў Коўне, але звольнены па прычынах адсутнасці доказаў. На яго рахунку знаходзілася шмат рэвалюцыйных эпізодаў: забойства глуханямога правакатара ў Беластоку, інцыдэнт з паліцэйскім у Гродне на вуліцы Гараднічанскай 16 траўня 1907 г., удзел у вялікіх экспрапрыяцыях у Коўне (60 тыс. рублёў) і ў Гродне (маёнтак Янішэўскага) у лістападзе таго ж года. У дадатку “Немка” быў натаваны як падазроны ў крадзяжы і адмаўленні ад праходжання вайсковай службы. 22 снежня 1910 г. змагар атрымаў прысуд 8 гадоў катаргі (як лідар Гродзенскай групы анархістаў-камуністаў), сталыя чальцы атрымалі ад 4 да 6 гадоў. Пасля рэвалюцыі Шымановіч заставаўся беспартыйным.
У 1907 г., калі рэвалюцыя была ў сваёй апошняй фазе, усё часцей дзейнасць розных рэвалюцыйных груп пачала справаджацца ў асноўным да тактыкі “эксаў”. Дзмітры Паўлаў падкрэслівае, што пастаянны кантакт і узаемападабенства максімалістаў і анархістаў ёсць характэрная асабліваць перыяда пасля першай расійскай рэвалюцыі. На рэвалюцыйнай сцэне з’явіліся гібрыдныя групы: анархісты-максімалісты, тэрарысты-непрымірымыя і г.д., якія займаліся у асноўным малымі экспрапрыяцыямі. Часцяком гэты былі тыпова крымінальныя структуры. Што тычыцца гродзенскай губрні, то ў жніўні 1908 г. Мечыслаў дэ Вірыён, уладальнік маёнтка ў Жылічах атрымаў ліст з просьбай выплаціць рэвалюцыянерам 150 рублёў. Камітэт анархістаў-максімалістаў адзначаў, што Вырыён раней фінансава не падтрымліваў анархістаў у адрозненні ад іншых “спонсараў”, але прыйшоў і яго час. У лістападзе брэсцкі фабрыкант Якуб Левін, атрымаў пісьмо з патрабаваннем выплаціць 500 рублёў. У выпадку непадпарадкавання Цэнтральны Камітэт анархістаў-камуністаў пагражаў выкарыстаннем выбухоўкі.
Паліцэйскія рапарты сведчаць, што ўвесну 1908 г. па прычынах адсутнасці канкрэтных, дасведчаных рэвалюцыйных кіраўнікоў гродзенскія анархісты стварылі Гродзенскую рэвалюцыйна-тэрарыстычную групу “Чорны Крумкач”. Група займалася вымаганнем грошаў і запалохваннем. Паводле паліцэйскіх крыніц, падчас аднаго з падзелаў “касы” чальцы групы пасварыліся і падзяліліся прынамсі на дзве самастойныя групы. Чальцы “Чорнага Крумкача” у лістоўцы заяўлялі, што некаторыя асобы выкарыстоўваюць назву групы ў прыватных мэтах. Каб пазбегнуць непаразуменняў “крумкачы” падкрэслівалі, што яны заўсёды прыходзяць не менш, чым па 2 асобы і маюць пры сабе пячатку чырвонага колеру, а з групамі “Самаабарона” ці “Тэрарысты” не маюць нічога супольнага. Пра сябе яны пісалі, што “вядуць непрымірымую барацьбу супраць палітычнага шантажу, дзеля выкаранення якога не баяцца стасаваць ніякія метады”. Іншыя дадзеныя распавядаюць пра тое, што ў 1908 г. у Гродне дзейнічала група тэрарыстаў, што займалася вымаганнем грошаў праз шантажаванне пісьмамі, у якіх адрасатаў палохалі бомбамі. Сярод чальцоў былі: былы бундавец Эйна Панямунскі, Лейба Мараш і былы анархіст Хаім Кулік, які па прычынах адсутнасці анархісцкіх груп далучыўся да тэрарыстаў. Усе яны былі арыштаваныя, а рэшта групы пасля некалькіх няўдалых акцый раз’ехалася (Іцкох Альхоўскі трапіў у рукі паліцыі ў Беластоку). У жніўні ў Гродне знаходзіўся нейкі атаман-тэрарыст “Каршун”, але пасля арышту іншых тэрарыстаў з’ехаў. Магчыма, што Панямунскі, Мараш і Кулік уваходзілі ў “Чорны Крумкач”.
Банды з ідэнтычнай назвай, накшталт “Чорных Крумкачоў” можна было сустрэць практычна ва ўсіх рэгіёнах Расійскай Імперыі, у тым ліку ў Лідзе. 23 траўня 1907 г. рабочы піўзаводу Восіп Рагуцкі у мыйным аддзяленні знайшоў бляшаную цыліндрычную скрынку, абкручаную дротам. Банка, якая аказалася снарадам, праз ўладальніка завода Мейлаха Пупко трапіла ў паліцыю. 6 траўня 1907 г. Мейлах Пупко атрымаў пісьмо са штэмпелем “Федэрацыя Віленскай групы анархістаў Чорны Крумкач” з патрабаваннем ад яго і яго брата Мейлаха Пупко 500 рублёў. У адваротным выпадку фабрыкантам пагражалі знішчэннем завода. 23 траўня было даслана наступнае пісьмо, у якім анархісты выказвалі шкадаванне, што бомба не падарвалася, і патрабавалі ўжо 600 рублёў, (дадатковыя 100 руб. штрафу “за невыкананне першага патрабавання і наданне справе галоснасці”). Абрам Пупко падазраваў гаспадара Лідскай коннай пошты Янкеля Пупко і яго сыноў Абеля і Шымеля, затрыманага ў лютым па абвінавачванні ў замаху на забойства Яна Боландзя. Шымель быў звольнены з працы, а калі прабаваў ізноў уладкавацца на завод, Пупко яму адмовіў. Сітуацыю выратавалі таварышы Шымеля, якія утрох прыйшлі да фабрыканта і запатрабавалі, каб ён дазволіў вярнуцца звольненаму жыду. Праз нейкі час Шымель з’ехаў з Ліды за мяжу, а яго брат Абель сустрэўшы на вуліцы Абрама Пупко, пагражаў апошняму адпомсціць за данос пракурору на Шымеля. Пазней знік і Абель. Ператрус і допыт Янкеля Пупко, бацькі Шымеля і Абеля нічога не выкрыў. Відавочна бацька не быў замешаны ў справу, а з сынамі не утрымліваў кантактаў. У выніку следствам не ўстаноўлена, хто менавіта пакінуў у мыйным аддзяленні завода разрыўны снарад, хто дасылаў лісты і хто прыходзіў да Мейлаха Пупко з патрабаваннем аб прыняцці Шымеля на працу.
Згодна з архіўнымі матэрыяламі ў сувязі з адсутнасцю анархісцкай групы ў Гродне на чале бандытаў у 1908 г. стаяў народжаны ў 1887 г. Вольф Шэваховіч “Бакунін”. Ён утрымліваў кантакты з беластоцкім анархістам “Турэкам”, ад якога меў грошы на зброю, падрыхтоўку анархісцкай канферэнцыі і ўцекі вязняў з гродзенскай турмы. У групу таксама ўваходзілі: Гірш Малахоўскі “Ілля”, Таўта Шэваховіч “Гажанская”, Люба Бельчыц “Феня”, Фрэйда Шылінг “Фаня”, 20-гадовая Фейга Зарухесь (за улёткі асуджаная на 2 гады).
Магчыма, што адным з апошніх актаў рэвалюцыйнага тэрору ў Гродне на пачатку XX ст. стала акцыя, якой кіраваў Шэваховіч. У верасні 21-гадовая анархістка Нехам Хашкес удзельнічала ў акцыі на фабрыцы Шэрэшэўскага, падчас якой яна абліла сернай кіслатой майстра Глазмана, якога рабочыя абвінавачвалі ў правакатарскай дзейнасці. Хашкес атрымала прысуд 2 гадоў, а Шэваховіч 3 гадоў высылкі ў Табольскую губерню. Хоць лістоўкі Гродзенскай групы анархістаў-камуністаў распаўсюджваліся і далей 12 снежня 1908 г. стараста Дзям’ян Уросік знайшоў у Крынках зварот К новобранцам, то ўжо ў лістападзе паліцыя сцвярджала адсутнасць тэрарыстычных груп у Гродне. На гэтым скончыўся першы эпізод з гісторыі гродзенскага анархізму, важную ролю ў якім адыграў рэвалюцыйны тэрарызм.
Аляксандр Ланеўскі (Кракаў)
Апублікавана: Горад Святога Губерта: альманах лакальнай гісторыі, Выпуск 10 (2015).
Артыкул з’яўляецца дапрацаванай версіяй рэферату „Рэвалюцыйны тэрарызм у Гродне на пачатку XX стагоддзя”, які быў агучаны падчас IV Міжнароднага Кангрэсу даследчыкаў Беларусі ў Коўне (3-5 X 2014 г.). Першая частка, прысвечаная дзейнасці Баявой арганізацыі Польскай сацыялістычнай партыі ў Гродне, была дасланая для публікацыі ў часопісе „Białoruskie Zeszyty Historyczne”.