Інтэрвью з мексіканскім анархістам

Студзень 2014 года: французскі анархісцкі часопіс Des Ruines узяў інтэрвью ва ўдзельніка мексіканскага анархісцкага руху.

Шэраг цікавых фактаў аб гістарычным і сацыяльным кантэксце барацьбы мексіканскіх анархістаў і працоўных, аб сітуацыі з карэннымі народамі дазваляюць больш дасведчаным вокам паглядзець на рэаліі сённяшняй рэвалюцыйнай барацьбы ў Мексіцы.

Гэта апошні матэрыял з «мексіканскай» серыі публікацый. Але мы працягнем сачыць за сацыяльным змаганнем мексіканскага народу і інфармаваць аб ёй нашых чытачоў.

 

1. Можаш прадставіцца?

Я адношу сябе да анархізму бунту, гневу і дзеяння – што дае поўную сферу індывідуальнай аўтаноміі, якую арганізаваныя структуры так добра ўмеюць падаўляць. У мяне шмат сумневаў адносна арганізацыйнага анархізму і складаныя зносіны з ім. У тэорыі, я лічу што арганізацыя з чыстымі анархісцкімі прынцыпамі, як гішпанская CNT (Нацыянальная канфедерацыя працы – масавы анарха-сіндыкалісцкі прафсаюз, прым. Прамень) можа быць добрым інструментам. На практыцы ж усё больш складана. У любым выпадку, гэта вечны спор, і паміж абедзвюма тэндэнцыямі заўжды будуць кропкі дотыку.

У любым выпадку мне здаецца, што сучасныя арганізацыі прапануюць «забруджаны» анархізм, далёкі ад дзеяння. Як для мяне, я прыхільнік развіцця ў напрамку афініці-груп свядомых індывідаў для падтрымкі трывалай анархісцкай пазіцыі ў рамках сацыяльных рухаў, калі гэта патрэбна. Агульна кажучы, я лічу што многія сучасныя «прафесіі» анархісцкага радыкалізму – дымавая завеса, якая дазваляе ім рабіць дзіўныя адыходы ад базавых прынцыпаў і дэманстраваць прыгожую дэмагогію ў дыскурсе і гістарычнай інтэрпрэтацыі іх уласнага руху. Хаця пераасэнсаванне і крытычная пераацэнка анархісцкай гісторыі – барацьба супраць дэмагагічных дыскурсаў – гэта важная рэч, гэта павінна рабіцца не для таго, каб пакінуць людзей у татальным сумневе (што вельмі добра ўмеюць прафесіяналы псеўда-дэканструкцыі), а для таго, каб праясніць нашыя калектыўныя і індывідуальныя погляды, змагацца з большым поспехам і адвастрыць нашую зброю. Гэтыя мэты могуць быць дасягнутыя толькі праз даверныя анархісцкія зносіны паміж асобамі і па-сапраўднаму падрыўным дыскурсам.

2. Адсюль з Францыі мы чуем (і больш шчыльна кантактуем) з Чылі, Аргентынай ці Паўночна-амерыканскімі анархістамі. Ты можаш выдзеліць нейкія асаблівасці і падабенствы мексіканскага руху з рухам у гэтых краінах?

Пасля паразы маганістаў [1], інстытуцыяналізацыі Мексіканскай рэвалюцыі і інтэграцыі працоўнага руху 1920-х, мексіканскі дзейны анарха-рух у большай ці меншай ступені знік. Было пэўнае анархісцкае аднаўленне з 1990-х, часткова праз панк-сцэну. Анархісцкі рух зараз складаецца з даволі вялікай колькасці калектываў, пераважна ў некалькіх вялікіх гарадах. Анархісцкая думка і практыкі развіваюцца хутка і выклікаюць пэўны інтарэс.

Аднак у адрозненні ад іншых краін на кантыненце, выраб тэорыі тут дагэтуль вельмі слабы, без сумневу з-за таго, што анархізм, накіраваны на дзейнасць – адносна новая з’ява, прысутнічае складанасць з атрыманнем матэрыялаў, не хапае месцаў для сустрэч (такія месцы ва ўсёй краіне можна палічыць па пальцах на адной руцэ). Ёсць актыўны абмен, дыскусіі, адносіны паміж асобамі і калектывамі розных анархісцкіх і антыаўтарытарных тэндэнцый: дзякуючы адкрытаму і пазітыўнаму ладу мыслення а таксама, на мой погляд, таму, што межы гэтых груп даволі размытыя. Даволі часта сустракаюцца пазіцыі ці дзеянні, якія хтосьці можа палічыць вельмі дзіўнымі, знаходзячыся ў краіне, дзе анархісцкая прысутнасць мае больш глыбокія карані, здараюцца і вельмі двухсэнсоўныя рэчы. У краіне, дзе барацьба – частка штодзённага жыцця, дзе сацыяльны рух – вялікі і актыўны, ведае моцную гісторыю супраціву і партызанскіх рухаў, існуе рэальны дынамізм, досвед і уцягнутасць асобаў у барацьбу на месцах. Мне здаецца, што галоўная асаблівасць мексіканскага анархізму ў ягоных сувязях з барацьбой супольнасцяў, у асаблівасці – карэнных жыхароў. У апошні час назіраецца пашырэнне аўтаномнай барацьбы карэнных народаў краіны і гэтыя сувязі ўзмацняюцца, што ставіць перад намі некаторыя пытанні.

3. Можна з упэўненасцю сказаць, што анархісцкі рух у Мексіцы гэта малады рух. І ён мае як свае перавагі, так і свае недахопы. Мы можам, напрыклад, скардзіцца на недахоп тэарэтычнага аналізу, што адчуваецца на практыцы. Аднак з іншага боку, Мексіка гэта краіна з моцнымі традыцыямі сацыяльнага гвалту. Колькасць гвалту, якая ідзе ад руху, у гэтым выпадку даволі сімптаматычная. У якасці прыкладу можна ўзяць групу «Супольнасць неўтаймаваных асобаў» (Individualidades Tendiendo a lo Salvaje (ITS)) , якая заяўляла аб забойстве навукоўцаў [2] альбо рабіла атакі ад імя FAI альбо мексіканскага аддзялення ЗВЯ (Змовы вогненных ячэяк), актыўнасць якой зараз, пэўна, найвышэйшая у свеце. Такім чынам, мы знаходзімся ў сітуацыі, адваротнай, чым у іншых краінах, калі практычныя эксперыменты развітыя больш за тэарэтычныя, і часам адно аддзелена ад другога. Ты падзяляеш гэтыя нашыя адчуванні? І ці можаш апісаць, якім чынам паўстанцкія тэорыі успрымаюцца паплечнікамі?

Гэта так – практыка пакутуе ад недахопу тэарэтычнага аналізу. Для мяне гэта фундаментальны момант, хаця прагрэс ідзе і паляпшэнні адбываюцца. У Мексіцы, у тым ліку ў анархісцкім руху, застаецца ўхваленне ўзброенай барацьбы рухаў партызанскага напрамку. Цягам 70-х – 80-х гэтыя рухі былі вельмі моцнымі, і яны працягваюць існаваць, некаторыя нават дагэтуль актыўныя. Мы знаходзім, што націск на ўзброеную барацьбу ў камюніке актывісцкіх груп можа быць праблематычным для шэрагу анархістаў. Але ў большасці выпадкаў, гэтыя камюніке нагадваюць тыя, што прыходзяць з Грэцыі. Выпадак Супольнасці неўтаймаваных асобаў трошкі іншы: у апошнім інтэрв’ю Contra Info яны сказалі, што яны сябе не лічаць анархістамі. На гэтым параўнанні можна скончыць.

Асабіста мне не здаецца, што сацыяльны гвалт, уласцівы для краіны, не развівае практыкі сацыяльнага і анархісцкага руху ў агульным у напрамку большага гвалту. Важныя іншыя абставіны: інфільтрацыя, аслабленне ці квазі-знішчэнне цэнтраў барацьбы ў некаторых частках краіны. Паўстанцкія практыкі толькі зараз пачалі набываць пэўную папулярнасць, у прыватнасці, у бедных раёнах Мехіко. Гэта сталася, як мінімум часткова, лагічным адказам на вайсковую акупацыю гэтых мясцовасцяў (і краіны ўвогуле), калі немагчыма выйсці на прагулку і не сутыкнуцца твар у твар з узброенымі салдатамі ці разнастайнымі вайсковымі групамі. А таксама гэта адказ на умацаванне нарка-картэлей, якія аслабляюць сацыяльныя сувязі і ўскладняюць калектыўную барацьбу, заахвочваючы таемнасць. Практыкі гвалту – частка мексіканскага сацыяльнага руху, і нават у большай ступені гэта адносіцца да карэнных супольнасцяў. Вядома, узброеныя супольнасці тут не з’яўляюцца выключэннем. Іх цвёрдая «канструкцыя» нарадзілася з рознага кшталту досведу (каланізацыі, Мексіканская рэвалюцыя, партызанка і г.д.), якая робіць падрыхтоўку да дзеяння і здольнасць да дзеяння сапраўды ўражальнай. Таму паплечнікі часта наведваюць іх вучацца на іх досведзе.

4. Фактычна, ў дачыненні да карэнных супольнасцяў, яны частка недастаткова крытычныя адносна іх нацыяналізму, альбо канцэпцыі «народа», «нацыі» а таксама духоўных\«мірскіх» лідараў., якія так ці інакш часта прадстаўленыя ў гэтых супольнасцях. Мы ведаем, што некаторыя паплечнікі, ад Паўднёвай Амерыцы да Канады, уцягнутыя ў іх барацьбу, але не дэманструюць дастатковага крытыцызму наконт гэтых канцэпцыі. Ці гэта так у выпадку Мексікі? І ці можаш ты распавесці нам больш аб гэтым пытанні?

Я лічу, што ў пытанні таго, што датычна патрабаванняў супольнасцяў, сярод многіх анархістаў усіх тэндэнцый не хапае крытычнай рэфлексіі. Мне здаецца, што гэта закранае табуіраваныя пытанні дэмагогіі: нам трэба быць бліжэй да людзей, быць уцягнутымі ў барацьбу, што часта азначае рапушчэнне ў паўсядзённасці, недахоп настойлівасці адносна таго, хто мы такія і чаго хочам; пад нагодай адкрытасці , салідарнасці з прыгнечанымі, каб не шакаваць людзей і г.д. Натуральным было б, на мой погляд, перапрацаваць наш аналіз і нашую пазіцыю па гэтай тэме: якія разнавіднасці барацьбы і патрабаванняў мы будзем падтрымліваць, і што з гэтага супярэчыць ідэям свабоды, эмансіпацыі і г.д. Карэнныя супольнасці, напэўна, з’яўляюцца авангардам мексіканскага сацыяльнага руху. Гэта азначае, што шэраг патрабаванняў, канцэпцый і практык з’яўляюцца праблематычнымі: патрабаванні ідэнтычнасці, формы традыцыйнай ўлады, ідэалізацыя супольнасці, шэраг няроўнасцяў унутры супольнасцяў і г.д. Пакуль многія спадзяюцца схаваць іх альбо толькі мімаходзь пры памянуць, ад гэтага зменіцца немногае.

Фактычная адсутнасць крытычных тэкстаў аб сапатызме для руху такога шырокага маштабу, і аб якім ведаюць так многа людзей, прытым што агульныя тэксты нашага руху аналітычна і тэарэтычна даволі слабыя, кажа сама за сябе. Альбо еўрапейскі аналіз розных карэнных рухаў, звычайна моцна завязаны на эссэнцыялізме, які да таго ж дэманструе схематычнае прачытанне свету карэнных народаў. Ён напоўнены мноствам супярэчнасцяў і тым, што не дапамагае зразумець праблему. Мы вельмі рэдка узгадваем пранікненне ідэалогій у супольнасці карэнных народаў (сацыялізму, марксізму і г.д.), зносіны з «мадэрніті» і знешнім светам, доўгую традыцыю арганізацыі і феномен бюракратызацыі іхніх структур, формы, якія прымае напружанне паміж людзьмі і супольнасцю (напрыклад, такі важны факт, як адпраўка моладзі ў ЗША у тым ліку з сапатысцкіх камун, чаканні ад людзей, «адхіленні» і гэтак далей).

Я думаю, што патрабаванні, якія засяроджаныя на культуры, касцюмах, традыцыях (якія моцна праяўляюцца ў сапатызме і ў барацьбе супольнасцяў, нярэдка скажаюць ідэі прыхільнікаў асабістай свабоды: рэлігія, аўтарытарныя практыкі (якія датычныя ўзросту, статусу), стрымліванне людзей у рамках і вызначаных парадках і гэтак далей. У Хучытане, у раёне перашыйка Тэўантепек, дзе мае месца моцная барацьба супраць ветрагенератараў, некаторыя патрабаванні Народнай асамблеі Хучытана вельмі кансерватыўныя: узмацненне (каталіцкіх) рэлігійных практык, нашэнне традыцыйнага сапатэцкага адзення. Тое як яны бачаць Мухес (транссэксуалаў) ўяўляе сабой для іх сведчанне ашаламляльнай свабоды маралі, што, ў сваю чаргу, выяўляе вельмі абмежаваны аналіз гэтага пытання у грамадстве сапатэкаў. Але я не веру, што нашая мэта – пакінуць барацьбу карэнных народаў, альбо з дапамогай «інтэлектуальнай атруты» абвінавачваць супольнасці за іх асаблівасці.

Іх неабходна ведаць, іх неабходна разумець. Разгортваюцца цікавыя працэсы, разнастайныя практыкі, актыўнасць, разуменні. Многія паплечнікі, якія там змагаюцца, дэманструюць уражальную смеласць і настойлівасць. Але трохі больш крытычнага погляду (які павінен быць і ва ўсіх іншых справах) таксама важныя. Як мінімум мы не хочам працягваць наведваць супольнасці, дзе нас, анархістаў, абслугоўваюць пакорлівыя жанчыны, дзе мы міла дапамагаем на саветах старэйшын (якія дэмагагічна завуцца «асамблеямі»), альбо на традыцыйных вяселлях, і маўчым аб сваіх адрозненнях, адсоўваючы іх на задні план як нешта другараднае. Усё гэта азначае канфрантацыю на ідэйным полі і адмову ад ідэалізацыі іншых грамадстваў (да якіх многія з нас адчувалі сымпатыю). Гэта нашмат больш складана, чым узбуральныя спрошчанні, якія мы ўжываем да гэтых меншасцяў. І «анархісцкія антраполагі», універсітэцкія мысляры і новыя лібертарныя плыні, якія задаюцца пытаннямі рас і адрозненняў не надта дапамагаюць нам у гэтым аспекце.

5. Гэта вельмі цікава… Гэта «дэмагогія», аб якой ты кажаш, таксама мае месца і тут, асабліва ў барацьбе на баку мігрантаў альбо бяздомных а таксама іншых катэгорый людзей, у змаганні якіх неадкладныя мэты адыгрываюць большую ролю, чым больш агульныя і глабальныя чаканні. Але нават калі б мы маглі паверыць, што натхненне гэтых традыцый выключна левае, мы б памыляліся, бо аўтаномны рух 70-х і больш позняга часу будавалі свае практыкі вакол сённяшніх патрэб: забастоўкі датычныя арэнднай платы ці платы за электрычнасць, калектыўны шопліфтынг і г.д. Але ў Мексіцы, напрыклад, гэтай традыцыі не існуе. Таму нам цікава – якія на сёння асноўныя тэндэнцыі ў радыкальным сацыяльным асяроддзі ў Мексіке? Ці маюць анархісты тэарэтычную прастору для рухаў і стварэння ці, як у Францыі, яна ўжо падарваная тэндэнцыямі, некрытычнымі да аўтарытарызму?

Гэта складаная тэма. Тое што ты кажаш – праўда. Але ў той жа час праблема адэкватнасці ўдзелу ў рухах і метады пранікнення ў іх заўсёды стаялі перад анархістамі. Засмучае тое, што тое, як успрымаецца пытанне расы і адрозненняў, не спрыяе разуменню гэтых пытанняў. Мае месца таксама недастаткова актыўны крытычны удзел, недастаткова выразна падкрэсліваюцца нашыя канчатковыя мэты і практыкі. У той жа час здаецца, што у мексіканскіх анархістаў ёсць прастору для манеўру: аўтарытарныя арганізацыі маюць двухсэнсоўную невызначаную гісторыю. Аўтарытарызм сыходзіць пераважна ад шэрага марксісцкіх арганізацый.

Але фактычна ён можа сыходзіць і ад больш-менш маладых анархісцкіх груп ці арганізацый з туманнымі прынцыпамі, якім не хапае досведу. Як я казаў вышэй, галоўнай праблемай хутчэй за ўсё з’яўляецца недахоп разважанняў. Многія анархісты, якія ўдзельнічалі ў нядаўняй барацьбе настаўнікаў, не аналізавалі належным чынам гэтую барацьбу у тэарэтычным і практычным полі, не дыстанцыяваліся належным чынам ад рэфармісцкіх стратэгій і функцый CNTE [3].

Існуе велізарная розніца паміж мэтай «дэмакратызаваць» структуру, вельмі моцную ў Менксіканскім сацыяльным руху, прывязанаю да свайго кіраўніцтва і кантраляваную зверху, і анархісцкімі мэтамі. Каб не было блытаніны, анархістам трэба аддзяліць сябе ад першай мэты. У агульным і цэлым, мелкія «самакіраваныя» праекты, кааператывы і актыўнасць па «сацыялізацыі» займаюць істотнае месца ў руху. Вядома, гэта ставіць перад намі тыя ж пытанні і мае тыя ж ліміты развіцця, што і ў Францыі, нават калі сабраць іх пад адной шыльдай альбо адмовіць усе разам. Але здаецца, што зараз збег абставін дазваляе анархістам Мексікі рухацца ў правільным напрамку. Што з гэтага атрымаецца – будзе бачна.

6. Менавіта так! Мексіканская дзяржава зараз разумее, што анархізм знаходзіцца ў працэсе хуткага развіцця і мы бачым як выпадкі анты-анархісцкіх рэпрэсій у гэтым месяцы ідуць адзін за адным. Ты не мог бы даць паясненні па гэтых пытаннях? Мы кажам аб тым, які маральны клімат ствараюць гэтыя рэпрэсіі сярод паплечнікаў і асабліва, спрыяюць яны росту руху, ці наадварот?

Выпадкаў рэпрэсіі з 2013 года было настолькі шмат, што было б занадта доўгім іх пералічваць. Мексіка – сапраўдная лабараторыя рэпрэсій, і ў дзяржавы ёсць вялікі досвед інфільтрацыі ў рухі і іх кааптацыі. З некаторага часу дзяржава робіць упор на рэпрэсіі супраць анархістаў: падчас дэманстрацый, акцый і важных здарэнняў адбываюцца арышты, якія часта скончваюцца выстаўленнем абвінавачанняў. Важна заўважыць, што медыя робяць асаблівы націск на небяспеку, якую уяўляюць сабою «людзі ў капюшонах» на дэманстрацыях, і заўважана тэндэнцыя – левыя медыя таксама часта папракаюць анархістаў – ужо са сваёй пазіцыі. Як вынік – пэўная стыгматызацыя анархістаў за іх «гвалт». Як і паўсюль, у нас ёсць некаторая нязгода паміж анархісцкімі групамі па пытанню гвалту. І супраць тых, хто яго ўжывае, выкарыстоўваюцца тыя ж самыя аргументы. Не сакрэт, што ў анархісцкае асяроддзе, як і ў сацыяльны рух у агульным, інфільтраваныя паліцэйскія агенты. Але гэта не робіць справядлівым абвінавачанні некаторых анархістаў супраць сваіх паплечнікаў, нават калі тыя робяць памылкі з-за недахопу досведу.

Апошнія навіны ў руху на сёння – працяг затрымання (нягледзячы на адсутнасць доказаў і абмежаваны законам тэрмін для затрымання) Маріо «Эль Тріпа» Лопеса, Карлоса, Фалона і Амелі. Маріо Гонзалес у студзені быў прысуджаны да 5 гадоў і 9 месяцаў пазбаўлення волі за «атаку на грамадскі парадак» (г.зн. удзел у бунце; зараз ён вольны, — прым. рэдактара). Восем іншых паплечнікаў, якіх арыштавалі на маршы памяці 2 кастрычніка [4], чакаюць прысуду.

Гэтыя справы – толькі асобныя эпізоды мноства спраў актывістаў розных напрамкаў, якіх саджаюць у турму ці забіваюць. Нішто фактычна не сведчыць аб тым што рэпрэсіі судзейнічаюць росту руху, нават калі яны аслабляюць пэўныя групы. Краіна звыклася з высокім узроўнем рэпрэсій і людзі з рэвалюцыйнага асяроддзя ўсведамляюць гэтую рызыку. У агульным жа, нягледзячы на многія непаразуменні і абвінавачанні, што прыведзеныя вышэй, можна з радасцю канстатаваць, што анархісты дэманструюць вялікую салідарнасць з зняволенымі.

7. Застаючыся ў межах гэтай непрыемнай тэмы: не мог бы ты узгадаць, што здарылася, калі было выпушчанае фэйкавае камюніке аб смерці паплечніка з Мексікі? Гэтае несапраўднае здарэнне, якое сталася для мяне сур’ёзнай рэччу, справакавала даволі жывую палеміку ў нас і, магчыма, паўсюль. Таму зараз, калі час мінуў, ці ёсць у цябе больш інфармацыі аб гэтай змрочнай гісторыі?

Прычыны застаюцца туманнымі і сябры калектыву, які быў адказны за распаўсюд гэтай інфармацыі, адмовіліся прыняць на сябе адказнасць… і не выяснілі належным чынам, што адбылося, не прызналі сваю памылку. Гэта выдае недахоп досведу і прынцыпаў унутранай работы ў некаторых калектывах, якія да таго ж неабмежавана і некантралявана выкарыстоўваюць сацыяльныя сеткі. Яны лічаць, што гэта можа пасадзейнічаць у іншых сферах… Недахоп адказнасці ў некаторых індывідуумаў, нажаль, пакідае прастору для спекуляцыі, асабліва калі ведаць ступень інфільтрацыі паліцыянтаў у анархісцкі рух Мексікі.

8. Не мог бы ты таксама выказаць свае думкі наконт «акупацыі Чэ Гевары», дзе некаторы час таму мелі месца міжнародныя і нефармальныя анархісцкія сходы?

Есць доўгая гісторыя барацьбы за універсітэт. Лявацкія арганізацыі і больш-менш самакіраваныя і анархісцкія калектывы выступалі за самакіраванне акупаванага UNAM, буйнейшага ўніверсітэта ў горадзе Мехіко. Гэта было аб’яўлена раней, і зараз – адносна нядаўна, падчас даволі крывавых здарэнняў (у лютым анархісты былі атакаваныя добра ўзброенымі групамі левакоў). Гэтыя атакі, відавочна, трэба публічна асудзіць (што і было зроблена), і для мяне здаецца настолькі ж важным, што анархісцкая прысутнасць у такім вялікім месцы ставіць шэраг пытанняў для нас: гэта ўніверсітэт, што мае на ўвазе няспынную прысутнасць (асабліва ноччу), пастаянна быць на віду сам на сам з адміністрацыяй і яе стратэгіяй кааптацыі і інфільтрацыі, сутыкненне з іншымі арганізацыямі, самазванымі і самакіраванымі групамі, якія не заўсёды маюць ясную практыку і мэты. Якія тэмы мы падымаем? На базе чаго? Мне здаецца, што калі мы абараняем месца ад захопу варожымі элементамі, то не можам задацца пытаннямі стратэгіі. Неабходна гэта зразумець, гэтаксама ж як узброіцца і ясным аналізам арганізацыі мерапрыемства «Анархісцкія дні снежня 2013» [5].

9. Якія найбольш важныя мэты, на твой погляд, павінны ставіць перад сабой анархісты Мексікі?

Развіццё крытычнага аналізу і больш выразныя анархісцкія пазіцыі для адказу на пытанні, якія ставіць радыкальнае асяроддзе: сацыяльныя рухі (сапатызм, аўтаноміі, сіндыкалісцкая барацьба, групы самаабароны [6] і г.д. ), ўніверсітэцкае асяроддзе і яго контркультуру, тэхналогію, камерцыю, кааператывы і самакіраваныя праекты, падтрыманне калектыўных месцаў, такіх як «Акупацыя Че».

Па большасці з гэтых пытанняў пазіцыі і практыкі анархістаў яшчэ вельмі слаба адрозніваюцца ад уплыву асяроддзяў левакоў, рэфармістаў і ім падобных і час ад часу вядуць да двухсэнсоўнасці. Акрамя таго, нам трэба ўзмацніць кантакты і ўзаемасувязі з паплечнікамі з Гішпаніі і гішпанамоўных краін. Трэба выйсці за рамкі студэнцкай сферы, дзе нашыя плыні абмежаваныя, а таксама – працягнуць падтрымку зняволеных паплечнікаў.

 

Заўвагі

[1] прым.рэд – Паўстанні Рыкарда Флореса Магона — сэрыя паўстанняў за «зямлю і волю», якія прывялі да Мексіканскай рэвалюцыі, у якой часткова-карэнны (сапатэк) анархіст Рыкарда Флорэс Магон быў натхняльнікам і інтэлектуальным лідарам. Паўстанні былі праданыя рэфармістамі, Магон загінуў у турме ў ЗША.

[2] прым.рэд.. – на сённяшні дзень быў толькі адзін зарэгістраваны выпадак смерці ад іх дзеянняў.

[3] Каардынацыйны савет «дэмакратычных» прафсаюзаў SNTE (Адзіны прафсаюз працоўных адукацыі), карумпаваная і бюракратычная арганізацыя. Развівае тэндэнцыю лефтызма ў Мексіке.

[4] У памяць аб масавым забойстве студэнтаў 2 кастрычніка 1968 у Мехіко (як лічыцца, каля 300 чалавек былі застрэленыя ваеннымі і паліцыяй на дэманстрацыі за 10 дзён да адкрыцця алімпійскіх гульняў, у краіне, якую раздзіралі сацыяльныя пярэчанні. Гэтае здарэнне – частка мексіканскай «Бруднай вайны», калі ўрад выкарыстоўваў сілавікоў для знішчэння палітычнай апазіцыі)

[5] Паплечнікі з Грэцыі, Англіі, ЗША, Італіі і Чылі наведалі мерапрыемства, падчас якога кубінскі анархіст Густаво Родрігез быў выкрадзены федэральнымі агентамі, катаваны, дапытаны і дэпартаваны ў ЗША.

[6] Складаны «народны» рух, які ўзнік у Мічлоаdкане (штат Мексікі, у якім вырабляюцца наркотыкі) у барацьбе супраць прысутнасці картэляў. Рух мае не вельмі зразумелыя мэты і моцна падвержаны руху землеўласнікаў, якія ўзбройваюць сваіх працоўных… у чым мы можам разглядзець спробу капіталістычнага пераразмеркавання тэрыторыі, хаця сам рух, вядома, не абмежаваны гэтым.

Крыніца: https://itsgoingdown.org/flourishing-movement-laboratory-repression-interview-mexican-comrade/

Пераклад на беларускую: Прамень.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *