Парламентарызм — фікцыя народаўладдзя

11 верасня ў Беларусі пройдуць чарговыя парламенцкія выбары. Ужо многа сказана і пажартавана наконт таго, што парламент у Беларусі не выконвае амаль ніякай палітычнай ролі; што ён пераўтварыўся ў хатні пітомнік прэзідэнта, дзе за тлустыя падачкі тыя, хто патрэбна галасуюць як патрэбна; што Палата прадстаўнікоў нішто іншае як сінекура для чыноўнікаў на пенсіі, і гэтак далей.

Аднак на нашым інфармацыйным полі не хапае грунтоўнага анархісцкага аналізу інстытуту парламентарызму ўвогуле і асабліва ў беларускім кантэксце. Таму група «Прамень» мусіць запоўніць гэтую пустэчу і выказаць сваю пазіцыю аб гэтых пытаннях.

Перш за ўсё, з чаго пачаліся парламенты?

Самым старажытным парламентам лічыцца ісландскі Альцінг, які ўпершыню сабраўся ў 930 годзе. Але з сучаснымі парламентамі ён мае мала агульнага — прымаць удзел у ім мелі права ўсе свабодныя мужчыны і такім чынам ён з’яўляўся хутчэй органам прамой дэмакратыі, чым парламентам у нашым разуменні гэтага слова, бо сённяшнія парламенты – выключна прадстаўнічыя органы. Тое ж самае можна сказаць і пра грэцкія эклесіі і рымскія каміцыі – у пэўны перыяд існавання гэта былі галоўныя органы ўлады, якія маглі прызначаць і здымаць чыноўнікаў, вырашаць пытанні вайны і міру, выгнання людзей з супольнасці і г.д. Удзел у іх маглі прымаць усе вольныя дарослыя грамадзяне мужчынскага полу – яны проста прыходзілі на месца правядзення сходу і там нараўне з астатнімі абмяркоўвалі пытанні грамадскага жыцця.

Правобразам сучасных парламентаў трэба лічыць парламент Англіі, які пачаў дзейнічаць у ХІІІ стагоддзі. Пасля таго, як кароль Генрых III атрымаў паразу ад сваіх жа феадалаў, ён вымушаны быў падзяліцца з імі ўладай і прызнаць існаванне і дзеянне заканадаўчага органу, які сур’ёзна абмяжоўваў ягоныя паўнамоцтвы. У склад тагачаснага парламенту Англіі уваходзілі бароны, епіскапы і абаты, а таксама па два рыцары ад кожнага графства, то бок, заўважым – ніяк не ўсё дарослае насельніцтва.

Прамым жа продкам парламентаў сучаснасці – у той форме, у якой мы іх прывыклі бачыць, сталі Генеральныя штаты (пазней перайменаваныя ў Нацыянальны сход), што былі народжаныя Вялікай Французскай рэвалюцыяй. Яго паходжанне вельмі падобнае на паходжанне ангельскага парламенту і яўляла сабой падзел ўлады паміж класамі. Канец 18-га стагоддзя ў Францыі – перыяд імклівага росту колькасці буржуазіі. Мануфактуршчыкі, мелкія і буйныя гандляры, фабрыканты, авантурысты, што разбагацелі ў калоніях, набывалі ўсё больш капіталу і маёмасці, але амаль не мелі палітычных правоў – саслоўны феадальны лад, які існаваў дзеля дваран і часткова духавенства, проста не прадугледжваў для іх ўдзелу ў кіраванні дзяржавай. А паколькі буржуазіі станавілася ўсё болей, як і багаццяў, што канцэнтраваліся ў іх руках, то ў пэўны момант «трэцяе саслоўе» (як тады называлі буржуа) паставіла пытанне рубам і, умоўна кажучы, сказала Людовіку ХVI: «трэба дзяліцца», бо без палітычнай ўлады ўласнікам маёмасці ніяк не пражыць: маёмасць трэба абараняць легальнымі сродкамі а таксама мець палітычныя інструменты для пашырэння сваіх багаццяў.: яна дазваляе не толькі належным чынам абараняцца ад усіх, хто на яе спакушаецца, але і пашыраць свае багацці. Пад ціскам буйных прамысловых колаў і часткі прагрэсіўнага дваранства ў 1789 годзе кароль быў вымушаны склікаць Генеральныя штаты. Продкамі Генеральных штатаў, што ўпершыню склікаліся ў 1302, былі, дарэчы, пашыраныя паседжанні каралеўскага савету – зноў жа, і там і там мы бачым гаспадароў, а ніяк не прадстаўнікоў большасці насельніцтва.

Дэпутаты трэцяга саслоўя хутка аб’явілі сябе Устаноўчым сходам – найвышэйшай прадстаўнічай і заканадаўчай уладай Францыі. За ўсім гэтым паследваў шэраг рэвалюцыйных перамен, якія скончыліся ў 1794-м і зрабілі Францыю першай буржуазнай дзяржавай. У мэтах знішчэння феадалізму і ўсталявання рэспублікі буржуазія шырока выкарыстоўвала дэмакратычную і эгалітарную рыторыку (узгадаем хаця б «Liberte, Egalite, Fraternite»), якая дазволіла падняць на барацьбу з манархіяй шырокія колы насельніцтва: сялян, рамеснікаў, нешматлікі тады яшчэ пралетарыят.

У гэтым пераходзе ўлады ад аднаго класу да іншага вялікую ролю адыграў парламент, які пачынаўся, як савет найбольш уплывовых людзей пры абсалютным манарху, а стаў галоўным заканадаўчым органам краіны.

Што ж уяўляе з сябе парламент у сённяшніх краінах парламенцкай дэмакратыі? Сход народных прадстаўнікоў, сапраўдных выразнікаў волі насельніцтва, ці зноў – клуб багатых і ўплывовых, што кіруюць дзяржавай у сваіх інтарэсах?

Незалежна ад формы кіравання – будзь то прэзідэнцкая рэспубліка ці парламенцкая, у любым заканадаўчым органе пераважную большасць будуць складаць людзі, якія да свайго прыходу ў парламент мелі ўладу ў той ці іншай форме.

Звычайна гэта бізнесмены, кіраўнікі дзяржаўных органаў розных узроўняў, партыйныя функцыянеры. Вельмі распаўсюджаны лабізм – прасоўванне бізнес-коламі кандыдатаў ва ўладу, якія адстойваюць там іх інтарэсы. Напрыклад, блакуюць прыняцце жорсткага экалагічнага заканадаўства, якое б’е па прыбытках капіталістаў, ці, наадварот, ініцыююць паслабленні ў падаткавым заканадаўстве, законах аб гандлю. Тыповым прыкладам гэтага з’яўляецца забарона на рэкламу піва ў Расіі. Забараніць яе пыталіся з 2004 году, але парламент раз за разам адхіляў адпаведныя законы. І толькі ў 2012 годзе такая рэклама трапіла пад поўную забарону, але ўжо ў 2014 годзе забарона была знятая. Няцяжка разгледзець за гэтымі дзеяннямі актыўнасць «піўнога лобі» — у сферы алкагольных напояў круцяцца шматмільённыя прыбыткі. Таму відавочна — нават чалавек, які фармальна пазіцыянаваў сябе ў парламенце як «незалежны», усё роўна можа прасоўваць інтарэсы ўласнікаў.
Некаторыя левыя партыі Заходняй Еўропы можна сустрэць дэпутатаў, якія да свайго выбрання былі звычайнымі працоўнымі. Але ўсё роўна, перад тым як стаць дэпутатамі, ім прыйшлося пэўны час пабыць партыйнымі функцыянерамі – бюракратамі на заробку з сяброўскіх унёскаў.

Такім чынам, мы бачым, што сёння ў парламент, як і 300 і 700 год таму трапляюць, зноў жа адны толькі начальнікі, людзі, якія і так не былі абдзеленыя ўладай і грашыма. Чаму ж ў заканадаўцы не трапляюць людзі «з народу», як кажуць, «ад сахі», якія, тэарэтычна, маглі б адстойваць там інтарэсы менавіта народу, а не бізнэс-эліт? Тут усё проста. У капіталістычнай сістэме заўсёды выйграе той, хто мае больш рэсурсаў. Маючы вялікую колькасць грошай, капіталісты, альбо тыя, на каго яны паставілі, без вялікіх праблем могуць пераканаць грамадскую думку ў тым, што галасаваць трэба менавіта за іх – хаця б метадам масавага вырабу і распаўсюду агітматэрыялаў. На сённяшні дзень грамадская думка амаль цалкам фарміруецца СМІ. А СМІ звычайна знаходзяцца ў руках тых, у каго ёсць грошы. Чым больш у кандыдата фінансавы рэсурс, тым больш ён можа купіць журналістаў, публікацый, газет, тэлеканалаў, якія будуць штодзень прадстаўляць кандыдата ў найлепшым свеце, а яго канкурэнтаў – у найгоршым.

Зразумела, што ні ў якога «простага» кандыдата такіх грошай не будзе. Каб вытрымаць перадвыбарную барацьбу, патрэба альбо быць чалавекам з грашыма, альбо пачаць дзейнічаць у інтарэсах таго, хто гатовы цябе спансаваць.

Практыкуюцца і іншыя метады перадвыбарнай барацьбы: чорны піяр, купля пікетоўшчыкаў\зборшчыкаў подпісаў, інтэрнэт-агітатараў, а тое і проста купля галасоў.

 

vyb004

 

У любой, нават самай дэмакратычнай краіне, у палітычных спаборніцтвах распаўсюджаны папулізм – апеляцыя да самых нізкіх інстынктаў чалавека, да пачуццяў, а не розуму, ігра на страхах і фобіях людзей, прапанаванне простых рашэнняў складаных праблем.

 

vyb005
vyb001

vyb002

(Надпіс зверху: «Дональд — забойца драконаў». Надпіс на шчыце: «Зрабі Амерыку вялікай ізноў». Надпіс на драконе: «Паліткарэктныя, мусульманскія, марксісцкія медыя». Надпісы на чашуі дракона — абрэвіятуры ворагаў Трампа: ад Ірану і ААН да ЛГБТ і ІДІЛ.)

vyb003

 

Перадвыбарная гонка сёння гэта ужо хутчэй не спаборніцтва праграм, разумных думак і рацыянальных прапаноў аб тым, як зрабіць грамадства лепей, а спаборніцтва абяцанняў, рыторыкі, сафізмаў, узаемных абвінавачанняў і, вядома, грошай.

 

І інакш быць не можа – у сацыяльна-эканамічнай сістэме, дзе сродкі вытворчасці, інтэлектуальная маёмасць і сродкі распаўсюду інфармацыі належаць вузкаму колу людзей, любы прадстаўнічы орган будзе органам улады гэтых людзей, а ніяк не большасці, не народу.

Але нават калі дапусціць, што простыя людзі, абяздоленныя і эксплуатаваныя трапяць ва ўладу, што час ад часу здараецца ў гісторыі, то ніякіх кардынальных змен у сістэму гэта не прыўнясе. Абсалютная большасць людзей, якая атрымлівае неабмежаваную, ці малаабмежаваную ўладу, па-першае, імкнецца ўсімі сродкамі яе пашырыць, па-другое, усімі сродкамі яе працягнуць у часе і па-трэцяе – выкарыстаць яе ва ўласных карысных мэтах. Менавіта таму ў справе пабудовы бескласавага грамадства заўсёды цярпелі фіяска марксісцкія праекты, згодна з якімі замена ўраду з буржуяў на урад з працоўных павінна адразу прывесці да сацыялізму. Як бачым, гэтага не атрымлівалася ані разу. Класічны прыклад – прыход да ўлады бальшавікоў у Расеі, калі ўчорашнія сяляне і працоўныя з заводаў, заняўшы пасля рэвалюцыі высокія пасады, пачыналі весці сябе гэтаксама ж як тыя, каго яны толькі што зрынулі – знішчаць палітычных супернікаў і працоўных актывістаў, усталёўваць дыктатуру ва ўсіх сферах грамадскага жыцця, і гэтак далей.

Які ж, у такім выпадку, выхад?

Альтэрнатыва прадстаўнічай дэмакратыі, якая мае вялізны шэраг недахопаў (ажно да таго, што часта перараджаецца ў прамую дыктатуру) існуе і вядомая з часоў старажытнасці. Гэта ўжо згаданыя народныя сходы Афін, Рыму, народныя веча ўсходнеславянскіх гарадоў. Альтэрнатыва гэтая – прамая дэмакратыя. Прамая дэмакратыя мае на ўвазе непасрэдны ўдзел кожнага чалавека ў прыняцці рашэнняў. Замест таго, каб давяраць свой лёс камусьці, ты проста ўдзельнічаеш у калектыве такіх жа, як сам, спачатку ў абмеркаванні якога-небудзь рашэнні, а потым у яго фармаванні і прыняцці. У прамой дэмакратыі ёсць адпаведны інструментарый: пэўная культура абмеркавання, галасаванне большасцю, сверхмажарытарнае галасаванне, кансенсус. Усе яны зарэкамендавалі сябе добрым чынам, асабліва калі ідзе гаворка пра невялікія калектывы, якія нескладана фізічна сабраць у адным месцы, і якія аб’яднаныя агульнымі жыццёвымі практыкам (напрыклад, жыхары аднаго кварталу ці працоўныя аднаго цэху.)

Анархісцкі праект прадугледжвае сапраўдную, а не фармальную роўнасць усіх грамадзян, а таксама максімальна актыўны ўдзел кожнага ў прыняцці рашэнняў, з абмежаваннем магчымага лідарства і правадырскіх тэндэнцый, якія патэнцыяльна могуць прывесці да дыктатуры.

Прамая дэмакратыя актыўна практыкуецца паўсюль, дзе народ вядзе рэвалюцыйную барацьбу і зрынаюцца традыцыйныя формы кіравання. У індзейскіх абшчынах Чыяпаса, якія ў 1994 годзе паўсталі супраць тыраніі алігархаў і дагэтуль утрымліваюць аўтаномію, у камунах Сірыйскага Курдыстану, які вядзе вайну супраць джыхадзістаў ІДІЛ, на акупаваных падчас эканамічнага крызісу заводах Аргенціны і ў многіх іншых месцах. Метад прамой дэмакратыі і кансенсусу дзесяцігоддзямі прымяняюць ў актывісцкіх і анархісцкіх групах, у тым ліку пры арганізацыі масавых пратэстаў, напрыклад, у лагерах руху «Occupy» і іншых «майданах».

Вядома, для арганізацыі грамадскага жыцця на вялікіх тэрыторыях выкарыстоўваць агульныя сходы будзе немагчыма. Аднак пры сённяшнім прагрэсе ў тэхналогіях нічога не стоіць даведацца меркаванне кожнага і наладзіць дыскусію праз Інтэрнэт. Ды і прадстаўніцтва як такое не з’яўляецца само па сабе злом – чалавек, якога высунулі на пасаду, можа быць служыць народу, калі яго можна ў любы момант змясціць, ўся ягоная дзейнасць кантраляваная і падсправаздачная выбаршчыкам, а ратацыя пасады адбываецца непазбежна. Аднак сучасныя дэпутаты робяць амаль усё, каб гэтыя прынцыпы не дзейнічалі, і даўно пераўтварыліся са служкаў народа ў яго гаспадароў. Залішні дэмакратызм і народны кантроль ім ні к чаму – ён толькі замінае рабіць грошы і атрымліваць бонусы ад свайго становішча.

Якія вынікі ўсё вышэй сказанае дапамагае зрабіць адносна беларускага парламенту і выбараў, якія хутка маюць адбыцца?

Па-першае, беларускі парламентарызм далёкі нават ад класічнай буржуазнай дэмакратыі. Галоўная прычына – парламентарыяў не абіраюць, а назначаюць. Палата прадстаўнікоў — «адстойнік» для чыноўнікаў, што выпрацавалі свой рэсурс, сховішча для бездарных кіраўнікоў з «абоймы прэзідэнта», якія, аднак, праявілі сябе годнымі выканаўцамі і іх трэба неяк узнагародзіць. Карацей, гэта што заўгодна, але не орган, які нешта ўсур’ёз вырашае. Пасля 1995 года, калі у прэзідэнцкім спецназам былі разагнаныя 19 сяброў парламенту, што аб’явілі галадоўку, і 1996 года, калі праведзены рэферэндум істотна знізіў паўнамоцтвы Нацыянальнага сходу, роля парламенту ў краіне няўхільна зніжалася і сёння стала літаральна карыкатурнай.

Аднак сама наяўнасць парламенту важная «вертыкалі» і Лукашэнка – яна дапамагае імітаваць дэмакратызм, даказваць як знешняму назіральніку, так і свайму ўласнаму народу, што ў нас «усё як у людзей». Таму ўвесь выбарчы працэс у Беларусі ад пачатку і да канца – гэта адзін суцэльны спектакль, сваю традыцыйную ролю ў якім адыгрывае і апазіцыя.

Што прапануем мы?

Удзельнічаць у арганізаваных уладай імітацыйных мерапрыемствах азначае непасрэдную падтрымку гэтай улады. Кожны бюлетэнь, кінуты ў урну, не кажучы ўжо пра балатаванне ў дэпутаты, спрыяе легітымізацыі рэжыму і яго ўмацаванню – чым больш людзей уцягваецца ў спектакль, тым больш права ўлада мае сказаць, што гэты спектакль і ёсць рэчаіснасць. Таму мы заклікаем да байкоту парламенцкіх выбараў. Яны не проста не з’яўляюцца актам дэмакратыі і волевыяўлення народу, яны не з’яўляюцца ім удвайне. Першы раз – таму што прадстаўнічая дэмакратыя ва ўмовах капіталізму сама па сабе не забяспечвае годную рэпрэзентацыю працоўных, другі раз – таму што беларускі парламент нават не з’яўляецца парламентам ў агульнапрынятым разуменні гэтага слова, а хутчэй падобны на «савет пры каралі» з Англіі XIII стагоддзя.

Аднак відавочна, што простым байкотам зрынуць Сістэму і дабіцца неабходных нам перамен не атрымаецца. Таму мы заклікаем усіх неабыякавых людзей замест удзелу ў выбарчым фарсе ўдзельнічаць у прамым і непасрэдным змаганні за свае правы: арганізоўвацца па месцы працы для змагання з начальствам, па месцы жыхарства – для вырашэння надзённых праблемаў жыхароў. Арганізоўвацца для задавальнення сваіх патрэб, узаемнай дапамогі, распаўсюду інфармацыі, пратэсту і барацьбы ва ўсіх сферах грамадскага жыцця. У грамадстве шмат праблем – ад кропкавай забудовы да ментоўскага беспределу, ад сваяволля суддзяў і пракурораў да затрымання заробкаў — праз вырашэнне іх мы можам рэалізаваць сваю ўладу як грамадзяне і як працоўныя. Непасрэдны ўдзел у змяненні грамадства праз сацыяльную барацьбу дасць нам рэальную магчымасць узяць лёс у свае рукі, у адрозненні ад удзелу ў чарговых бессэнсоўных дзяржаўных імітацыях.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Похожие записи

Начните вводить, то что вы ищите выше и нажмите кнопку Enter для поиска. Нажмите кнопку ESC для отмены.