Як паведамляе падатковая інспекцыя, ужо 470 тысяч беларусаў атрымалі паведамленні на выплату падатка на «дармаедства». Гэта кожны 12-ы працаздольны жыхар краіны. Аднак не можа не радваць той факт, што ганебны збор заплацілі ўсяго 44,5 тысяч чалавек — то бок каля 10% ад «абавязаных».
Як мінімум на дастаўку паведамленняў заказнымі лістамі дзяржава выдаткавала 705 тысяч рублёў (367 тысяч даляраў). І гэта не лічачы чалавека-гадзін працы супрацоўнікаў падатковай інспекцыі. Тут, як і звычайна, дзяржава і бюракратычны апарат праяўляе цуды нерацыянальнасці, марнуючы чалавечыя і матэрыяльныя рэсурсы на бессэнсоўную працу па выцісканню грошай з людзей — для таго каб гэты ж бюракратычны апарат падтрымаць.
Па ўсёй відавочнасці, дзяржава не ў стане забяспечыць прымусовы збор грошай з такой колькасці насельніцтва, таму траціць усе высілкі: асабліва праз дзяржаўную прапаганду і запужванне, на тое, каб людзі плацілі самі. Але зрабіць гэта — значыцца дабраахвотна пазбавіцца сваёй чалавечай годнасці і заахвоціцю бюракратычны рэжым на яшчэ большае прыцісканне сваіх правоў.
Нагадаем, што 17 лютага а 18-00 на Кастрычніцкай плошчы Менска пачнецца Марш абураных беларусаў з патрабаваннем скасавання дэкрэта аб «дармаедах».