Ці варта краіне ведаць сваіх «герояў»? Наколькі магчыма выкрываць іх на волі ды за кратамі? Калі і пры якіх абставінах трэба агалошваць імёны? Каму на руку такое выкрываньне?
…Яшчэ гадоў дзесяць таму Павал Шарамет казаў, што беларуская апазыцыя літаральна нашпігаваная агентамі, а адсотак сексотаў у любой апазыцыйнай арганізацыі, у любым апазыцыйным руху ў некалькі разоў вышэйшы за сярэдні па краіне. Усё гэта ў рамках закону аб апэратыўна-вышуковай дзейнасьці. Сёньня яе ў Беларусі ажыцьцяўляюць ажно восем структураў.
Сябра анархісцкага руху Ігар Аліневіч пасьля пяці год зьняволеньня лічыць, што сексотаў лепш ведаць, чым ня ведаць. На зоне выкрываць іх варта тады, калі ёсьць падтрымка калектыву і ўдаецца здабыць доказы. Як правіла, такое калі і здараецца, то вельмі рэдка. Але ж для сябе высновы трэба зрабіць абавязкова. Часам гэта наўпрост карысна. Сексота можна дэзынфармаваць, спэцыяльна падпускаючы яго бліжэй, каб у опэраў склалася ўражаньне, што сытуацыя пад кантролем. На волі гэтак балянсаваць не выпадае, а таму трэба рабіць агалоску. Аднак толькі ў тым выпадку, калі ёсьць доказы, а не развагі. Бо агульныя развагі толькі ўскладняюць сытуацыю і робяць атмасфэру яшчэ больш нездаровай.
Ігар Аліневіч трапіў за краты па «наводцы» свайго ж паплечніка, якому на той час вельмі давяраў.
«У верасьні 2010-га беларускія сілавікі затрымалі шэраг анархістаў. Супрацоўніцтва прапаноўвалі многім. Антон пагадзіўся. Праз тры месяцы, калі я быў у Маскве, яго паслалі на сустрэчу са мной».
Ігара затрымалі ў маскоўскім гандлёвым цэнтры людзі ў масках. Потым была экстрадыцыя ў Менск, СІЗА КДБ, папраўчыя калёніі ў Наваполацку і Віцебску.
Па словах Аліневіча, яму прапаноўвалі супрацоўнічаць ажно дзьве спэцслужбы. Спачатку палітычная паліцыя, потым крымінальная. Глыбокага адрозьненьня паміж гэтымі дзьвюма структурамі ён ня бачыць. Розьніцца толькі спэцыфіка кампрамату, а сутнасьць адна — паставіць пад сумнеў рэпутацыю чалавека ў ягоным асяродзьдзі:
«У „амэрыканцы“ мне прапаноўвалі застацца ў іх і папрацаваць на КДБ у якасьці хакера. Гэта пры тым, што я нават не валодаў такімі навыкамі. Як прыклад прыводзілі праўрадавых хакераў Кітая. Я ня стаў нават пытацца, чаго менавіта яны хацелі — ламаць сайты палітычных рухаў, шпіёніць за людзьмі ці змагацца зь дзіцячай парнаграфіяй у інтэрнэце. Якімі б высакароднымі матывамі яны ні кіраваліся, зьвязвацца з чэкістамі — гэта сабе на пагібель. Дый пра якую барацьбу са злом зь іх боку можа ісьці гаворка? Возьмем справу 17-ці, калі КДБ і УБАЗ некалькі гадоў служылі „дахам“ для распаўсюду наркотыкаў. Ці можна ў такім выпадку разам з гэтымі структурамі змагацца супраць гэтага ці якога іншага зла? Потым у наваполацкай ПК-10 прапаноўвалі стаць кашталянам вытворчай зоны, або, як называюць гэтую пасаду зэкі, галоўказлом промкі. Што тычыцца апошняга месца зьняволеньня, калёніі „Віцьба“, то там мне ўжо нічога не прапаноўвалі».
— А можа, агенты, прынамсі ў месцах зьняволеньня, патрэбныя дзеля таго, каб папярэдзіць розныя цяжкія злачынствы, а таксама суіцыды?
Ігар Аліневіч адказвае:
«Стукач, які б „стукаў“ з высакародных матываў — дзеля таго каб прадухіляць забойствы, самагубствы, перакрываць каналы распаўсюду наркотыкаў — ва ўмовах нашай пэнітэнцыярнай сыстэмы зьява немагчымая. Такі чалавек проста не прыжывецца ў супольнасьці, дзе квітнее карупцыя і ўсё будуецца на інтрыгах супраць сваіх жа.
Па-другое, злачынствы на зоне зьдзяйсьняюцца не таму, што мала апэратыўнай працы і не хапае сексотаў, а таму, што мала каму цікавыя тыя ўмовы ў турмах і на зоне, якія штурхаюць людзей на разбуральныя ўчынкі. Напрыклад, у маім бараку ў 2015-м павесіўся хлопец. Канчатковым штуршком для суіцыду стала адмова ў тэлефоннай размове з маці. Няўжо дзеля таго, каб такое не адбывалася, трэба мець яшчэ больш стукачоў у бараку, замест таго каб забясьпечыць нармальны доступ да тэлефона? Сёньня ў калёніях, каб патэлефанаваць дадому, трэба стаяць у вялікай чарзе, у адведзены канкрэтна для цябе час».
ЧЫТАЙЦЕ ТАКСАМА: ПСІХАЛОГІЯ ДОПЫТУ https://pramen.io/ru/2017/04/psihologiya-doprosa/
Ігар Аліневіч спрабуе наўскідку сказаць, які працэнт інфарматараў сёньня за кратамі. Зразумела, гэта пакуль не 100%. Калі ўзяць зону, то гэта, на яго думку, недзе 50/50.
Паводле старых сядзельцаў, зь якімі палітвязень сутыкаўся ў Наваполацку ды на «Віцьбе», пры Саветах на кожны барак (100–200 асуджаных) прыпадала недзе пара стукачоў. За дваццаць год лічба ўзрасла ў разы.
«У „амэрыканцы“, — працягвае Аліневіч, — разам са мной у камэры было дакладна дзьве „наседкі“. Чалавек сталага веку Ўладзімер, пра якога было вядома, што ён чыноўнік з Магілёва. Ён вельмі стараўся, задаваў пытаньні як мог, у лоб, што выклікала толькі ўсьмешку і пачуцьцё суму. Гэтага немаладога чалавека было шкада. Хутчэй за ўсё, апэратыўнікам удалося ўвесьці яму ў вушы, што ён ніякі не крымінальнік, а нармальны грамадзянін, які крыху заблытаўся, а таму ягоны абавязак — дапамагчы органам. Магчыма, паабяцалі зьмякчыць вырак.
Іншым, куды больш дасьведчаным, сексотам быў Максім Н. Адрозна ад Уладзімера, ён нічога не выпытваў, паводзіў сябе асьцярожна. Пра тое, што ён сексот, я даведаўся толькі гады праз чатыры, калі ў калёнію пасьля „амэрыканкі“ прыбыў адзін хлопец. Аказваецца, ён сядзеў разам з Максімам. Толькі тады яго ўжо клікалі Андрэем. Хлопец, які прыбыў на зону, расказаў, што западозрыў у сваім сукамэрніку даносчыка і дзеля праверкі неяк мімаходзь абмовіўся, што ў перадачы для яго будзе схаванае ў цыгарэтах нейкае забароненае рэчыва. У выніку цыгарэты прыйшлі разламанымі. Такім чынам Максіма, ён жа Андрэй, вывелі на чыстую ваду».
Аліневіч узгадвае, што толькі на зоне ён пачаў разумець розныя дэталі ў паводзінах Макса-Андрэя. Напрыклад, сукамэрнік увесь час пісаў нібыта лісты, прычым нашмат больш, чым атрымліваў. Хутчэй за ўсё, потым, ідучы, напрыклад, у тую ж санчастку, ён перадаваў іх куратару.
Або такі момант. Калі ў «амэрыканцы» вязьняў сталі катаваць ахоўнікі ў масках, Ігар вырашыў пайсьці на крайнюю меру — ускрыць сабе вены. Трэба было толькі дачакацца панядзелка, калі выдавалі станкі для галеньня. Нечакана Аліневіча хутка выклікалі да начальніка СІЗА. Той быў у курсе гэтых плянаў. Макс быў адзіны, хто гэта ведаў. Але тады Ігар быў упэўнены, што адміністрацыя атрымала інфармацыю са схаваных камэр назіраньня.
Успомніўся яшчэ адзін момант — аднойчы, нечакана глянуўшы на Макса, ён замест ветлівага і прыемнага выразу твару ўбачыў твар, перакошаны злосьцю. Таварыш па камэры (такім ён яго тады лічыў) глядзеў на яго, як зьвер на нейкую здабычу. Пазьней, у калёніях, вывучаючы псыхалёгію, мову мімікі ды жэстаў, ён пачаў ставіцца да такіх дэталяў з усёй сур’ёзнасьцю. Як правіла, яны сыгналізавалі, што побач зь ім небясьпечныя людзі.
— Традыцыйна турма — люстэрка волі. Чаму стукацтва распаўсюджана там сёньня яшчэ больш, чым за ранейшым часам, пры Саветах? Або людзі настолькі запалоханыя сучаснымі рэпрэсіямі?
«Справа зусім не ў рэпрэсіях, — мяркуе былы палітвязень. — Раней зэку сядзелася нашмат цяжэй, чым цяпер. Я лічу, разам з палітычным рэжымам прагніло само грамадзтва. Якая мараль узяла верх у 1990-я? Гэта культ багацьця, узбагачэньня, гвалту, цынізму. Я яшчэ памятаю, як у дзяцінстве (канец 1980-х — пачатак 1990-х) людзі выносілі сталы ў двары, каб сьвяткаваць дні нараджэньня. Хіба можна сабе ўявіць такую сытуацыю сёньня? Акрамя таго, улада сьвядома заахвочвае стукацтва. А салідарнасьць, наадварот, разбурае».
«Каб схіліць чалавека даносіць на іншых, — кажа Ігар Аліневіч, — опэры ўжываюць розныя падыходы, арыентуючыся на магчымыя псыхалягічныя асаблівасьці чалавека. Шмат хто зь сядзельцаў на зоне — звычайныя слабыя людзі, якія ня могуць адмовіць мацнейшым. Такіх цкуюць, палохаюць праблемамі за кратамі, і многія не вытрымліваюць. Тым ня менш эфэкт ад працы такіх стукачоў вельмі малы, бо страх ня можа быць трывалым матыватарам. Звычайна такі чалавек затойвае злосьць на тых, хто прымушае яго да неўласьцівых рэчаў. Проста пачынае ўтойваць інфармацыю.
Другая катэгорыя сексотаў — людзі хітрыя ды мэркантыльныя. Яны ідуць на супрацоўніцтва дзеля ўласнай выгады, напрыклад, умоўна-датэрміновага, або каб мець на зоне „дах“ для свайго неафіцыйнага бізнэсу — продажу тэлефонаў, наркотыкаў і г.д. Такія сексоты могуць нават трапіць у штрафны ізалятар, але наступствы для іх заўсёды будуць мяккія. Самыя ж прафэсійныя агенты — тыя, якія „стукаюць“ паводле «прызваньня». Іх караюць ШЫЗА і ПКТ, нават пасылаюць са спэцыяльным заданьнем на „крытку“. Такі „ідэйны“ можа пакутаваць больш, чым іншы „блатны“, абы легенда была рэалістычная. Гэта людзі кшталту нашага земляка, ураджэнца Гарадзеншчыны, агента царскай „ахранкі“ Еўна Азэфа. Яны — асы сваёй справы, і часам незразумела, хто кім кіруе: ці то спэцслужбы імі, ці яны спэцслужбамі. Дарэчы, мне даводзілася сутыкацца з выпадкамі, калі зэк — памочнік опэра быў нашмат больш таленавіты за самога опэра».
«Аднак па мне, — кажа былы палітвязень, — як стукача ні назаві, ён усё роўна падлюга і нягоднік».
Мяркуючы па тым імпэце, зь якім у незалежных СМІ выкрываюць сексотаў сярод палітыкаў ды грамадзкіх дзеячаў, гэтая тэма запатрабаваная «народам», кажа палкоўнік МУС, а ў мінулым і сам «вэрбоўшчык» Алег Алкаеў: «Адзін час я нават сам пачаў пісаць на сваім акаўнце ў ФБ пра стукачоў і сексотаў. Шмат якія рэчы я ведаю абсалютна дакладна. Бо кантакты нікуды ня дзенеш. Зьняволеныя вызваляюцца, супрацоўнікі на пэнсію сыходзяць. Людзі выказваюць свой пункт гледжаньня, некаторыя непасрэдна ведаюць канкрэтныя выпадкі, эпізоды. Мы ўсе жывем гэтым жыцьцём, бо, як кажуць, „былых не бывае“… Карацей, пачаў, але потым спыніўся. Зразумеў, што калі ўлезу ў нейкія нюансы, то дам падставу людзям падазраваць адно аднаго. А гэта будзе толькі на руку маніпулятарам ад рэжыму. Раю і іншым спыніцца. Нельга, ня маючы доказаў, публічна называць некага агентам, нельга падыгрываць спэцслужбам».
«Да мяне ня раз у прыватным парадку зьвярталіся, — кажа Алег Алкаеў. — Пытаньні кшталту: як ставіцца да таго, што адзін адседзеў, а другі — не. Аднаму далі пяць сутак, а другому — пятнаццаць. Некага вызвалілі датэрмінова, некаму ўвогуле далі апраўдальны прысуд. Я рэдка размаўляю на гэтую тэму, толькі зь людзьмі, якім давяраю, у мэтах прыватнага выкарыстаньня маёй інфармацыі, без усялякіх публікацый».
Алкаеў пазьбягае імёнаў ды прозьвішчаў, падбірае найбольш памяркоўныя фармулёўкі. Тым ня менш слова «дакладна» ён выкарыстоўвае таксама.
«Пра што магу сказаць дакладна: усе маніпуляцыі зь вядомымі людзьмі ў месцах пазбаўленьня волі выпадковымі не бываюць. Гэта тычыцца іх камэрнага ды лягернага ўтрыманьня, а потым характару вызваленьня, далейшага выдварэньня ды іншага. І, зразумела, вырашаецца гэта не на ўзроўні прапаршчыка. Я маю важкія падставы падазраваць некага ў сувязі са спэцслужбамі, калі гэты нехта атрымаў нейкія льготы пры вызваленьні зь месцаў зьняволеньня. Зусім ня важна, прасіў ён пры гэтым аб памілаваньні ці не. Таксама магу падазраваць у супрацоўніцтве і некага, хто такіх ільгот не атрымліваў. Злыя публічныя выступы, так званыя выкрываньні сваіх колішніх паплечнікаў з агалоскай назваў ды імёнаў, якія апошнім часам сустракаеш у апазыцыйных СМІ ды сацсетках, нярэдка толькі пацьвярджаюць гэты факт. Гэта дапушчальна ў пэўных сытуацыях, бо гэта своеасаблівая форма прыкрыцьця, якая рэкамэндуецца, а часам проста абавязковая дзеля ўмацаваньня сваіх пазыцый і дзеля глыбейшага ўплыву на працэсы».
— Ці могуць наўмысна пасадзіць чалавека за краты ў агентурных мэтах?
«Цалкам можа быць! — адказвае Алкаеў. — Такая магчымасьць рэглямэнтуецца законам аб апэратыўнай дзейнасьці. Такое пры мне распрацоўвалася дзеля ўкараненьня свайго агента ў зладзейскае асяродзьдзе. Аднак паводле некаторых прыкмет дапускаю, што гэта паўтараецца і ў апазыцыйным руху. Для прыкрыцьця каштоўнага агента, падняцьця яму аўтарытэту, умацаваньня ягоных пазыцый у апазыцыйным асяродзьдзі ён можа і адседзець пару-тройку год. Нічога страшнага тут няма. Адпаведна, яму ствараецца рэкляма, як яго катуюць, як ён цяжка пакутуе. Закон дазваляе ствараць легенды сваім агентам, укараняць іх у адпаведнае асяродзьдзе шляхам маніпуляцый з органамі выкананьня пакараньняў. У мэтах легендаваньня таксама ствараюцца прадпрыемствы, фірмы, арганізацыі, кожная са сваёй „гісторыяй“, робяцца патрэбныя дакумэнты, каб дзейнічаць пад прыкрыцьцем. У маёй практыцы былі нават выпадкі, калі агентаў укаранялі ў камэры да злачынцаў. Але гэта было вельмі рэдка. Агенты ўплыву былі, ёсьць і будуць… Мы пра гэта даведваемся вельмі позна. Гэта вельмі сур’ёзны маштаб дзейнасьці».
— У апазыцыйныя партыі ды рухі таксама ўкараняюцца людзі зь легендай?
«Звычайна ў працы з апазыцыяй выбіраюць найпрасьцейшы шлях — людзей проста вэрбуюць. Для сытуацыі, у якой апынулася наша апазыцыя, калі кожны лідэр нават самай карлікавай арганізацыі бачыць сябе лідэрам краіны, дзе больш думаюць пра раскол, чым пра аб’яднаньне, нават і ня трэба агентаў уплыву. Хоць, канечне, без маніпуляцый сексотаў тут таксама не абыходзіцца.
Сёньня інфармацыяй пра завэрбаваных стукачоў перанасычаны ўвесь апазыцыйны інтэрнэт. Усе гэтыя абвінавачаньні выглядаюць дылетанцкімі. А гэта толькі на руку рэжыму. Вось, напрыклад, толькі лянівыя не называюць сексотам лідэра аднаго з грамадзянскіх рухаў. А які гэта агент? Што ён, некаму наркотыкі ў кішэні падкладаў ці патроны? Дзейнасьць хлопца была празрыстая ад самога пачатку, ён рос на нашых вачох, усім вядома, хто яго выкарміў… Хіба гэта не на руку спэцслужбам?»
Спадар Алкаеў кажа, што сам ён вельмі асьцярожны ў падобных меркаваньнях. Гэта дорага абыходзіцца, бо гэта ж органы, а яны моцныя сыстэмай.
«Возьмем такую постаць, як Салжаніцын, які заваяваў галовы многіх людзей, у тым ліку маю. Я таксама лічу яго выдатным пісьменьнікам, які апісаў жыцьцё ГУЛАГу. Праз чэхаў, у 1972 ці 1974 годзе, выйшлі ягоныя даносы, якія ён напісаў, знаходзячыся ў лягеры ў Экібастузе, у Казахстане. «Агент Ветраў». Разумееце, гэтым займаюцца ўсур’ёз. Хтосьці не паверыў, а хтосьці ж і паверыў, разумееце. Ва ўсякім разе, яму давялося апраўдвацца. А хто апраўдваецца, заўсёды вінаваты.»
Былы начальнік «Валадаркі» ўзгадвае, што здарылася зь ім гады праз два пасьля ад’езду ў Нямеччыну:
«Недзе ў 2003-м датэрмінова з-за кратаў вызвалілі аднаго вядомага апазыцыянэра, зь ліку асабістых ворагаў прэзыдэнта, вызвалілі на той умове, што ён павінен быў супрацьстаяць мне. І ён гэта зрабіў. Досыць пасьпяхова. Нават патрабаваў маёй экстрадыцыі. І па адкрытых, і па неадкрытых каналах. А што начальнік турмы ў вачох грамадзянскай супольнасьці? Хто такіх любіць? Здавалася б, ну што там саступіць адміністрацыі — узяць ды зьмяшаць з брудам былога кіраўніка „Валадаркі“… Але той апазыцыянэр ня ўцяміў, што мае справу з чалавекам з турэмнага асяродзьдзя».
Палкоўніку адразу паведамілі — хто, што, навошта, каго і як. І, кажа Алкаеў, яму ўдалося сябе абараніць.
«У турме і на зоне ў апэратыўнікаў улада вялізарная, — працягвае колішні начальнік „Валадаркі“. — Яны і правакацыю могуць зрабіць, але гэта дурні. Вось там сядзелі хлопцы палітычныя. Я ведаю, з Дашкевіча зьдзекаваліся. Саньнікава спрабавалі выкарыстоўваць, чынілі „беспредел“… Я гнаў бы такіх турэмнікаў. Нельга апэратыўніку ўдзельнічаць у палітычных гульнях, нельга. Ва ўсякім разе, я гэтага не рабіў, хоць сядзелі і палітычныя. Але без ідыётаў нідзе не бывае.
Кінуць цень на былога палітвязьня — у інтарэсах спэцслужбаў. Нельга забывацца пра гэта, таму трэба быць абачлівым, узважваць кожнае слова».
Як і Ігар Аліневіч, Алег Алкаеў узгадвае імя Еўна Азэфа, нашага земляка і самага сакрэтнага агента за ўсю гісторыю Расейскай імпэрыі.
«Недзе тут у Бэрліне яго магіла ёсьць, я ўсё хацеў паглядзець схадзіць», — кажа Алег Алкаеў.
Палкоўнік называе Азэфа сапраўдным профі. Роля Азэфа ў гісторыі на працягу доўгага часу заставалася таямніцай як для рэвалюцыянэраў, так і для Дэпартамэнту паліцыі. Кожны бок быў перакананы, што Азэф адданы яму ўсёй душой. Каб яго ня выкрылі, Азэфу дазвалялася нават забіваць даволі высокіх асобаў. А сам агент хацеў «займець» і тых, і другіх…
Лічыцца, што такія асобы зьяўляюцца ў часы рэвалюцый ды смуты — калі ўлада ня надта ўпэўненая ў сваіх сілах і спэцслужбы маюць магчымасьць кіраваць дзеяньнямі апазыцыянэраў. Часам дзеля таго, каб напалохаць уладу і выбіць нейкія саступкі, а часам і дзеля таго, каб зрушыць уладу рукамі апазыцыі і паставіць «каля руля» падкантрольных людзей.