Індывідуальныя прадпрымальнікі сцвярджаюць, што ў працэсе будаўніцтва іх падманулі. Акцыя працягвалася каля гадзіны і скончылася без затрыманьняў. Удзел у ей прынялі каля палутара дзесяткаў чалавек.
«Мы будавалі за свой кошт будынак, яго 27 чысла прадалі кампаніі, якую ўзначальвае сябар прэзыдэнта. Нас абрабавалі. Пры гэтым нашу праблему можна вырашыць адным тэлефанаваньнем — ад прэзыдэнта, — кажа адзін з дольнікаў Аляксандр. — Чаму нам не аддаць тое, што мы будавалі, а астатнюю частку будынку хай прадае сваім сябрам. Як маглі прадаць нашае?»
Канфлікт вакол будынку «Імпульс-2» цягнецца некалькі гадоў. Будаўніцтва адбывалася на сродкі індывідуальных прадпрымальнікаў, але цэнтар ня быў уведзены ў эксплуатацыю.
Новы ўладальнік кампанія «Магнат Трэйд» набыла будынак у растэрміноўку на 3 гады. Мяркуецца, што ўкладаньні будуць кампэнсаваныя прыватным інвэстарам за кошт бюджэту.
Крыніца: http://www.svaboda.org/a/impuls-pratestuje/28460089.html