Шэсцьдзесят тры менчукі прыцягнулі летась да крымінальнай адказнасці за ўхіленне ад службы ў войску па арт. 435 КК РБ — аб гэтым паведаміла журналістам Генеральная пракуратура па выніках праверкі Мінскай гарадской пракуратуры.
Таксама, паводле журналістаў, да асобаў, якія не з’явіліся ў ваенкаматы, ужытыя «абмежавальна-папераджальныя меры» прымусовага прываду. Акрамя таго, ім абмежаванае права на выезд з Беларусі.
Таксама ў Генпракуратуры адзначылі, што прызыўнікі, якія не з’яўляліся на зборныя пункты без важкіх прычынаў, але да заканчэння тэрміну ўсё ж прыбылі ў ваенкаматы, былі прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасці.
Артыкул 435 КК РБ «Ухіленне ад мерапрыемстваў прызыву на вайсковую службу» караецца пазбаўленнем волі на тэрмін да двух год (па першай частцы артыкулу), а па другой частцы (шляхам прычынення сабе цялеснага пашкоджання, сімуляцыі захворвання альбо выраблення падробных дакументаў — на тэрмін да пяці год.
Беларуская армія не з’яўляецца і ніколі не была месцам, дзе людзей вучылі б бараніць свой родны дом, сям’ю і свае правы. Ад самога пачатку, пабудаваная дзеля інтарэсаў нацыянальнай дзяржавы і яе кіраўнікоў, яна — школа падпарадкавання і інстытут узаконенага рабства. Замест рэальнай баявой падрыхтоўкі салдат вучаць не праяўляць ініцыятыву і слухацца начальнікаў, насаджаючы, акрамя фармальнай іерархіі, нефармальную казарменна-турэмную сістэму «дзедаўшчыны», каб сацыялізаваць моладзь у рэчышчы аўтарытарных каштоўнасцяў.
Нават тыя, хто ідзе ў армію дзеля атрымання карысных навыкаў ваеннай падрыхтоўкі, хутка расчароўваюцца – дзяржава вучыць добра ваяваць хіба тых, каго рыхтуе да вайны з уласным народам (АМАП, САБР, «Алмаз» і г.д.). Таму нічога дзіўнага, што моладзь не бачыць сэнсу аддаваць 1,5 гады свайго жыцця на тое, каб чысціць прыбіральні і капаць «ад плоту і да абеду».