Аляксей Сутуга (Сакрат) — расійскі палітзняволены-антыфашыст, які адбыў амаль чатыры з паловай гады ў зняволенні за дзве бойкі з ультраправымі фанатамі ў Маскве. Сам ён кажа, што сапраўднай прычынай яго арышту і асуджэння была палітычная актыўнасць.
За кратамі Аляксей прайшоў амаль усе колы турэмнага пекла: штрафны ізалятар (ШІЗА), памяшканне камернага тыпу (ПКТ), і нават тыя, аналагаў якіх у Беларусі не існуе: гэтак званыя «строгія ўмовы ўтрымання» (СУУ) і адзінае памяшканне камернага тыпу (АПКТ). У красавіку ён выйшаў на волю. У Беларусь Аляксей прыязджаў для ўдзелу ў Дні салідарнасці з палітзняволенымі-анархістамі, а заадно адказаў на пытанні «Новага Часу».
— У СМІ ты стаў вядомы галоўным чынам як антыфашыст. Наколькі ведаю, вулічны антыфашызм быў для цябе адным з асноўных відаў дзейнасці. Як бы ты ахарактарызаваў сітуацыю з неанацызмам у Расіі да твайго зняволення і зараз?
— Па-першае, хачу сказаць, што я антыфашыст таму, што я анархіст. Антыфашысцкай дзейнасцю я займаўся, сыходзячы са сваіх палітычных перакананняў. Мне нецікава было займацца рэчамі, якія не датычныя палітыкі і вулічнай субкультуры, да якой я належу з дзяцінства. У мой час, калі я хадзіў на панк-канцэрты, было жорсткае супрацьстаянне з правымі на вуліцах. Бо толькі ў маім горадзе (Аляксей родам з Іркуцку. — М.Д.) было некалькі груповак вулічных нацыстаў, якія заміналі развіццю панк-рок сцэны, яны захапілі ўсе: у любой моладзевай субкультуры былі людзі з правымі расісцкімі поглядамі, і нам прыходзілася выціскаць іх, здабываць сваё месца пад сонцам. І таму было жорсткае супрацьстаянне — бо яны дзейнічаюць сыходзячы са сваіх ідэй, а іх ідэя — гэта ідэя смерці, ідэя вайны, і таму яны разумеюць толькі сілу. І таму мы пачалі развіваць з імі фізічнае супрацьстаянне. Таму я і сеў. У першы раз, у другі раз… Першы раз я адсядзеў у Бутырцы 1 год і 2 месяцы. А другі раз мне далі 3 гады і 1 месяц: калі ў 2014 годзе я вярнуўся з Майдана (некалькі разоў туды ездзіў).
Што тычыцца зменаў у Расіі, то я заўсёды лічыў, што Расія — фашысцкая дзяржава. Усё маё юнацтва прайшло пры валадаранні Пуціна. Пуцін прыйшоў да ўлады ў 2000-м годзе. Мне тады было 14 гадоў. І вось мне 31, у наступным годзе — выбары, і ніхто — ніхто! — у Расіі не сумняваецца, што ён застанецца пры ўладзе. Нават вядомыя публічныя апазіцыянеры выказваюцца аб гэтым. Навальнаму забаранілі балатавацца ў прэзідэнты, пасадзілі ўсіх радыкальных нацыяналістаў, якія знаходзяцца ў апазіцыі рэжыму, каб яны не разгойдвалі абстаноўку. Прыціснулі журналістаў, дый нас (хаця нас — антыфа і анархаў — увесь час саджаюць). Усё трымаюць пад кантролем, падчышчаюць, каб была карцінка.
— Сістэма любіць ціснуць на асуджаных праз іх родных. Як твае родныя прайшлі гэтае выпрабаванне?
— Я ж з Сібіры. Усе мае продкі не проста так там апынуліся. Іх яшчэ ў царскі час саслалі па розных прычынах. Два маіх прадзеда былі рэпрэсаваныя як «кулакі». Аднаго расстралялі, другі адсядзеў пяць гадоў. Мой дзед адсядзеў год у ЛТП і потым быў пазбаўлены партыйнага білету. Таму ў маёй сям’і спакойна ставяцца да гэтага, без усялякага шоку.
Натуральна, маім бацькам не спадабалася, што я трапіў у турму, але панікі не было. Я адчуў вельмі моцную падтрымку, а маці за час майго зняволення стала праваабаронцай. Яе ведаюць вельмі многія анархісты (мне здаецца, яна і сама стала анархісткай). Яна мае ў анархісцкім і праваабарончым асяроддзі нашмат большую вагу, чым я зараз. Часам указвае мне на такія недахопы, якія я дакладна не чакаў пачуць ад сваёй маці: можа мне ў дакор паставіць, што я не адпісаў чалавеку па нейкім пытанні, хаця даўно абяцаў, што не пайшоў на суд да паплечніка — забыўся. Мае бацькі разумеюць, што мы жывём у Расіі, разумеюць, чым я займаюся. Дарэчы, я ніколі ад іх гэтага не хаваў, каб потым не было непаразумення: стараўся тлумачыць, што я раблю.
— Супраць цябе ў турме выкарысталі мноства дысцыплінарных практык. У чым прычына? Ты падтрымліваў крымінальную субкультуру? Ваяваў з адміністрацыяй?
— Так, я адкрыта казаў, што я падтрымліваю крымінальную субкультуру — так званае «агульнае» (традыцыі ўзаемнай дапамогі і выручкі сярод зняволеных. — М.Д.). Што дрэннага ў гэтым? Але на тое, што мяне прасавалі, працаваў цэлы комплекс прычын. Мяне хацелі ізаляваць ад агульнай арыштанцкай масы. Хаця я не нейкі крымінальны аўтарытэт, я не частка гэтага свету, я проста падтрымліваў «агульнае». Але, відаць, было нейкае паведамленне з Масквы, што я добры агітатар, што я экстрэміст, і магу паўплываць на арыштанцкія масы. Такія праблемы ім не трэба. Альбо, што я вазьму мабільны тэлефон і пачну выкладваць фатаграфіі таго, як усё дрэнна ў лагеры. Гэта скандал, праваабаронцы… Таму мяне проста ізалявалі, кантралявалі ўсё мае жыццё, 24 гадзіны на суткі за мной назіралі.
— Ці ёсць у расійскіх зняволеных меркаванне, нейкі стэрэатып наконт беларускіх турмаў?
— Яны ведаюць, што ў Беларусі няма злодзеяў у законе. Ведаюць, што ўсе лагеры «чырвоныя». Яны ведаюць, што Лукашэнка «навёў парадак». Як заўсёды, у расійскага зэка ў галаве вельмі шмат супярэчнасцяў. З аднаго боку, крымінальнага свету не існуе ў Беларусі, з іншага — «бацька парадак навёў». Усе мараць аб Сталіне. А «бацька» да яго вельмі блізкі. А некаторыя нават наогул не ведаюць, што адбываецца ў Беларусі.
— Ці шмат сяброў засталося з табой пасля зняволення? Ці былі тыя хто адышоў, ці, можа, здрадзіў?
— Так, былі здрады ад людзей, ад якіх я гэтага зусім не чакаў. А некаторыя мае паплечнікі наадварот пасталелі, пакуль я сядзеў, заняліся добрымі праектамі, якімі мы даўно хацелі заняцца. Многія адышлі — вырашылі зрабіць кар’еру, сям’ю, але я ведаю, што яны калісьці вернуцца.
— Зняволенне цябе змяніла?
— Так, я адчуваю вельмі моцныя змены. Па-першае, я навучыўся чакаць. У турме самае цяжкае — ты ўвесь час чагосьці чакаеш. Чакаеш ранку, сняданку, ліста, новую кнігу, адваката, суда, прысуду, чакаеш, калі цябе з суда адвязуць у турму. Чакаеш, калі прыбіральня вызваліцца. У выніку: чакаеш-чакаеш-чакаеш, калі ж цябе ўрэшце вызваляць. Час — гэта такая рэч, якую ты не можаш кантраляваць. Але ты можаш зразумець, што гэта такое і перастаць турбавацца, спакойна працягваць жыццё, займацца справамі, якія табе падабаюцца, і размяркоўваць час. Пачынаеш разумець, што многае ты не кантралюеш.
Я пачаў па-іншаму ставіцца да людзей. Бачыць іх, пэўна… Магчыма, праз паўгода ў мяне гэта пройдзе, але ў турме ты сядзіш з чалавекам, вывучваеш яго звычкі да дробязяў. Калі нейкі чалавек заходзіць, разумееш, ці сядзеў ён раней у турме, ці першаход. Ці з іншай хаты паднялі. Ты з першых секунд разумееш, хто перад табой стаіць. І калі ён ужо пачынае казаць, ты бачыш, хлусіць ён ці не. Я бачу людзей, слухаю іх і разумею. Цікавае такое пачуццё.
Што самае дзіўнае — я стаў больш цярпімым да іншых. У тым плане, што я стаў разумець, што ўсе розныя, і нам трэба неяк выжываць і жыць разам. Гэта вельмі парадаксальна.
Я дакладна застаўся такім жа ідэйным, якім і быў. Можа, зараз меней актыўны, чым раней, — папросту пакуль не бачу сэнсу ў тым, чым я раней займаўся, і шукаю новыя формы барацьбы. Праектаў пэўных пакуль няма.
— На адрас палітычных актывістаў часта кажуць, што ім трэба «пасталець», завесці сям’ю, зарабляць грошы. Чаму б табе не стаць, як усе?
— Калі ласка, займайцеся сям’ёй, займайцеся працай, зарабляйце грошы! Але я лічу, што трэба знаходзіць час і для палітычнай актыўнасці. Не трэба быць нейкім мега-актывістам: удзень хадзіць на мітынгі, увечары пісаць артыкулы, а ноччу маляваць графіці. Не трэба займацца ўсім. У цябе ёсць нейкія рэчы, якія цябе цікавяць у руху, бачыш, што яны ў цябе добра атрымліваюцца: займайся, развівай іх, прыцягвай новых людзей. І ў цябе будзе знаходзіцца час на ўсе: і на працу, і на сям’ю. Я лічу, што ў кожнага чалавека мусіць быць нейкая палітычная пазіцыя. Бо ён — частка грамадства, і ён мусіць бачыць, што адбываецца з яго краінай, быць яе часткай.
— А ў цябе ёсць сям’я?
— У мяне ёсць сын Нестар — я яго назваў у гонар Нестара Іванавіча Махно. У мяне была жонка, украінка, але мы скасавалі шлюб. Зраза я, на жаль, вельмі рэдка бачуся з сынам.
— Што ты лічыш галоўным у сваім жыцці на сёння?
— Я зразумеў, што для мяне зараз самае галоўнае, амаль сакральнае — гэта веды. Я і так кнігі любіў, але ў турме яны для мяне сталі проста выратаваннем. Дзякуючы ім я не з’ехаў з глузду, я не атупеў. Я адчуваў на высокім ўзроўні, што такое свет, якія працэсы ў ім адбываюцца, і што я ў іх удзельнічаю нягледзячы на тое, што я сяджу ў чатырох сценах. Таму самае каштоўнае для мяне — гэта веды.
Самае для мяне жахлівае — гэта калі я ў сваім жыцці не паўдзельнічаю ў сапраўднай рэвалюцыі і не змагу матэрыялізаваць хаця б частку сваіх ідэалаў. Калі я не застану смерць тырана і змены ў сваёй краіне. Вось гэта самае жахлівае.
З’язджаць я не хачу, бо гэта мая краіна. Няма такога філасофскага параходу, на якога мяне б пасадзілі — і я ўплыў. Я бачу свае жыццё, свой лёс менавіта з Расіяй: я хачу разбурыць менавіта тую дзяржаву, у якой нарадзіўся! Мне падабаецца Расія, нягледзячы на тое, што я не называю сябе рускім чалавекам і не хачу асацыяваць сябе з рускай нацыяй. Я ў першую чаргу анархіст — і ўсе. У мяне і раней не было вельмі моцнай прывязкі да нацыянальнай ідэнтычнасці, а пабываўшы ў турме, нагледзеўшыся на людзей з розных краін СНД, нагледзеўшыся на рускіх, — я зразумеў, што я дакладна не рускі.
P.S.: На наступны дзень пасля гэтага інтэрв’ю Аляксей Сутуга быў затрыманы ў Баранавічах падчас сваёй лекцыі для мясцовай моладзі. У яго і яго маскоўскіх сяброў канфіскаваныя мабільныя тэлефоны, відэакамера, анархісцкая літаратура і аўтамабіль. На загад ГУБАЗ на іх былі складзеныя пратаколы па арт. 17.11 КаАП: «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў».
Крыніца: http://novychas.by/asoba/aljaksej-sutuha-samae-zahlivae-kali-ja-ne-zasta