Абсурдную ў сваей жорсткасці гісторыю распавёў нядаўна журналістам жыхар Пінску Эльхан Шапялевіч. Раз на тыдзень ён мусіць адзначацца ў міліцыі, бо знаходзіцца пад наглядам за адміністрацыйныя правапарушэнні. Як паслухмяны грамадзянін, 5 кастрычніка пінчук прыйшоў у ГАУС па вуліцы Кірава, дзе яго і затрымалі:
«Хацелі на мяне „павесіць“ нераскрытае злачынства паводле 147 артыкула, нанясеньне цяжкіх цялесных пашкоджаньняў, калі не памыляюся. Я катэгарычна адмовіўся падпісваць нейкія паперы. У выніку двое супрацоўнікаў ППС вывелі мяне з міліцэйскага ўчастка, завялі ў аўтазак, дзе пачалі зьбіваць. Я мяркую, што адмыслова мяне вывелі з будынка, бо там паўсюль стаяць камэры, а вось у аўтазаку ніхто і нішто ім не перашкаджала катаваць, — кажа Шапялевіч. — Пасьля збіцця ў аўтазаку міліцыянты працягнулі здзекі. Мяне адвезлі на „ўсходні“ ўчастак у Пінску, начапілі кайданкі, сціскалі іх да максымуму. Пры гэтым ад мяне патрабавалі, каб прызнаўся ў злачынстве, якога не ўчыняў. У выніку з міліцыі я выйшаў з гузакамі і моцна пабіты. І выйшаў толькі праз тры дні, бо пасля збіцця мяне кінулі ў ізалятар».
Родным Эльхана пра затрыманьне і арышт ніхто не паведаміў. Ужо пазней праваабаронцы даведаліся, што пасьля затрымання Эльхана асудзілі на тры дні арышту і тры базавыя велічыні штрафу за адміністрацыйнае правапарушэнне. Прычым паводле якога артыкула, Эльхан ня ведае, бо пратаколу яму не паказалі, а агучылі толькі рашэнне аб пакаранні.
Падзеі працягнуліся 16 кастрычніка. У той дзень Эльхан чарговы раз прыйшоў адзначыцца ў ГАУС. Калі ён вярнуўся дадому, да яго зноў прыехалі міліцыянты, затрымалі і змясцілі яго ў СІЗА.
Гэтаксама як і падчас папярэдняга затрымання, ні родным, ні праваабаронцам не далі азнаёміцца з пратаколам і не патлумачылі акалічнасцяў справы.
Праваабаронца з Пінску Руслан Гусейнаў кажа, што ў мясцовых міліцыянтаў фармальнай падставай для затрымання часта робіцца адсутнасць флікера або нецэнзурная лаянка.
«Яшчэ пасля першага затрыманьня Эльхана Шапялевіча мы разам зь ім звярнуліся ў суд з просьбай прадставіць матэрыялы справы. Але суддзя падчас сустрэчы катэгарычна адмовіўся даць пратакол і пастанову суду для азнаямленьня. Нам было сказана, што мы можам пісьмова звярнуцца ў суд і чакаць адказу. Але да гэтага часу ніякага адказу так і не атрымалі» — кажа Гусейнаў.
Складаць адміністратыўныя пратаколы для таго каб мець магчымасць затрымаць і «раскруціць» чалавека на крымінальнае злачынства — даўняя практыка мянтоў, добра знаёмая палітычным актывістам. Што датычна выпадку Шапялевіча, то тут працуе іншая традыцыя: прыцягваць да адказнасці дзеля выканання плану адных і тых жа людзей, якія ўжо маюць адміністратыўныя ці крымінальныя судзімасці. Судовы канвеер ніколі не будзе задаваць пытанні па такіх «кліентах», на іх нашмат прасцей ціснуць і запужваць. Як звычайна, мянты абіраюць сваімі ахвярамі самых бездапаможных.