Ранкам 26 лютага да Аляксандра Пуставітава, сацыяльнага актывіста з Мінску, прыйшлі міліцыянты. На словах з аглядам, а фактычна з вобшукам.
У пастанове, якую яны паказалі, было пазначана, што лейтэнант міліцыі Д. Касцюкевіч разгледзеў матэрыялы нейкай праверкі пад нумарам ЕК №1904/12 ад 20.02.2018 г. і ўстанавіў, што нібыта маецца інфармацыя, што Аляксандр Пуставітаў можа быць датычны да захоўвання выбуховых рэчываў, агнястрэльнай зброі і іншых прадметаў, забароненых ў грамадзянскім абароце. І на падставе гэтага выдаў пастанову аб аглядзе жылля і іншага законнага валодання, якое знаходзіцца ў карыстанні ў маладога чалавека.
У ператрусе бралі ўдзел трое супрацоўнікаў, але толькі адзін з іх прадставіўся і паказаў пасведчанне — Д. Касцюкевіч, той самы, што выдаў пастанову.
Пры аглядзе кватэры, дзе пражывае Аляксандр Пуставітаў, ніякай зброі, выбуховых і забароненых рэчываў выяўлена не было, аднак, аператыўнікі канфіскавалі тэхніку: ноўтбук і тэлефон самога актывіста, а таксама два вінчэсцера з кампутараў яго бацькоў. Акрамя гэтага былі канфіскаваныя нож бацькі маладога чалавека, улёткі і газеты 2009-2010 гадоў выдання.
Аляксандр Пуставітаў распавёў, што дзеянні супрацоўнікаў Маскоўскага РУУС нельга было назваць аглядам:
«Падчас правядзення працэсуальных дзеянняў супрацоўнікі міліцыі зазіралі і правяралі змесціва ў тумбачках, у шафах, праглядалі кнігі і іх змест. Фактычна яны правялі ператрус, а не агляд. Таксама супрацоўнікі РУУС адмовіліся даць дадзеныя аб тым, у сувязі з якой крымінальнай справай ці праверкай па якім факце праводзяцца працэсуальныя дзеянні. Перад адыходам адзін з міліцыянтаў прапанаваць прыйсці сёння ў аддзяленне на размову. Ніякай афіцыйнай прычыны ён не назваў, ісці я не збіраюся».
Ён таксама адзначыў, што два-тры тыдні таму яго запрашалі на размову ў Маскоўскі РУУС, аднак, ён адмовіўся. Зараз ён лічыць, што сённяшні агляд выкарыстоўваўся як элемент пагрозы і ціску на яго за тую адмову, а цікавасць з боку міліцыі звязвае з актыўным выказваннем сваёй пазіцыі ў сацыяльных сетках аб падзеях, якія адбываюцца ва Украіне. У дадзены момант, малады чалавек не займаецца ніякай актыўнай дзейнасцю.
Аналізуючы гэтую гісторыю, можна выдзяліць два аспекты якія, магчыма, з’яўляюцца ноу-хау мянтоў у прэсінге на актывістаў.
1. Вобшук, як помста за адомву з’явіцца па званку. Менты ў большасці сваім лянівыя, ім лянота выпісваць павесткі і складаць фармальную нагоду для таго каб выклікаць чалавека на допыт. А на «размову» (есць і такі панятак у заканадаўстве) з’яўляцца ніхто не абавязаны. Як кажа Аляксандр, яго выклікалі раней, але ён адмовіўся. Такім чынам менты вырашылі правучыць актывіста, аб чым фактычна прама і сказалі, запрасіўшы яго ізноў адразу пасля вобшука.
У такіх выпадках, як і ў любых іншых ісці на размову ні ў якім разе нельга:
а) Не трэба палягчаць працу і жыццё мянтам — яны атрымліваюць грошы, няхай марнуюць на анархістаў свой час і нервы.
б) Не трэба прывучваць мянтоў, што ўсе іхнія загады і капрызы будуць выконвацца па пстрычцы пальцаў. Калі адзін актывіст павядзецца на шантаж ці нават пакаранні (у выглядзе вобшука), то менты зразумеюць: «ага, гэта працуе!» і пачнуць гэтаксама рабіць і з усімі астатнімі. Не трэба дазваляць ім гэтага. Адзін раз адмовіўшыся — трэба стаяць да канца
в) Калі менты бачаць што персанальна вы далі слабіну і з вамі працуе «бізун», яны ўжо ніколі ад вас не адчэпяцца. Насупраць вас будзе як бы стаяць галачка: «на гэтага, калі націснуць, на ўсе пагадзіцца», і цягамоціна з мусарамі ў вас зацягнецца на доўгія гады. Калі ж вы праявіце цвердасць — ад вас адчэпяцца. Таму, ізноў, адзін раз адмовіўшыся — трэба стаяць да канца.
2. Другая навінка: выкарыстанне паперы для агляду па падазрэннях для фактычнага вобшуку. Калі раней для таго каб правесці вобшукі ў анархістаў, звычайна выкарыстоўваліся альбо адміністрацыйныя справы альбо любыя — нават старыя і забытыя крымінальныя справы (як было ў верасні мінулага году https://pramen.io/ru/2017/09/rytsari-bez-straha-i-upreka-militsionery-ukrali-dengi-telefony-i-tehniku/). Зараз для гэтага дастаткова проста «інфармацыі», якая нібыта «маецца» у мусароў. Усім зразумела, што накалякаць такую паперку вельмі проста і вобшук можна арганізаваць за лічаныя гадзіны.
Насцяроджвае, аднак, фармулёўка: «зброя і выбухвыя рэчывы» — магчыма менты спрабуюцца адсправаздачыцца перад вышэйшым кіраўніцтвам за пошук экстрэмістаў, датычных да «Сети», ячэйкі якой нібыта існуюць у Беларусі?
Крыніца: http://spring96.org/be/news/89285