Відэазварот пінскіх працоўных

У суполцы «Рада рабочых Пінскдрэва – супраціў» ў сацыяльных сетках з’явілася відэа, на якім 4 мужчыны ў масках заклікаюць байкатаваць прадукцыю фабрыкі, бо яна «пранізана крывёю і слязьмі».

Па словах аўтараў звароту, «рабочых ператварылі ў рабоў, якія працуюць за капейкі».

«Карыстаючыся ўсеагульным беспрацоўем і галечай, што пануе ў Беларусі, нас змушаюць штодня губіць сваё здароўе ва ўмовах шкоднай вытворчасці і аварыйнага абсталявання. А незадаволеных запалохваюць звальненнем. У нас пастаянна работнікі становяцца калекамі, усе факты траўматызму старанна хаваюцца», – сцвярджаецца ў відэа.

Па словах аўтараў звароту, людзі на прадпрыемстве гінуць рэгулярна (сапраўды, толькі ад пачатку года на «Пінскдрэве» памерлі ўжо два чалавекі). У канцы відэа гучыць заклік да ўсіх (перш за ўсё да грамадзянаў Расеі) байкатаваць прадукцыю фабрыкі.

Як адзначаецца ў суполцы «Рада рабочых Пінскдрэва – супраціў» гэты зварот быў падрыхтаваны ўжо даўно, але не публікаваўся таму, што «мы спадзяваліся, што ў Пінскі гарадскі савет дэпутатаў увойде хаця б адзін годны чалавек» – Дзмітры Кудранок. Кудранок раней сам працаваў на «Пінскдрэве» і, паводле аўтараў звароту, менавіта ён «абудзіў у іх веру ў сябе і навучыў іх змагацца». Аднак выбары былі сфальсіфікаваныя, упэўнены ў «Радзе рабочых».

Дзмітрый Кудранок (1973 г.н.) сапраўды быў кандыдатам у дэпутаты на мясцовых выбарах. Ён зʼяўляецца сябрам Беларускай партыі левых «Справядлівы свет», цяпер працуе на «Клімаўскім трубным заводзе» (Падольск, Расея).

Па думке аўтараў звароту, байкот ударыць па кішэнях «рабаўладальнікаў» і прымусіць іх пайсці на саступкі.

Дырэктар «Пінскдрэва» ўжо назваў відэаролік паклёпам і паабяцаў звярнуцца ў суд, сцвярджаючы, што аўтарам відэа з’яўляецца Дзяніс Кудранок.

Калі казаць аб эфектыўнасці такога метаду пратэсту, як байкот, то ён мае сэнс тольк ў выпадку сапраўднай масавасці, калі да яго далучаюцца сотні тысяч людзей, і асабліва, фірм і прадпрыемстваў, якія звычайна і з’яўляюцца асноўнымі заказчыкамі прадукцыі. У выпадку ж пінскіх працоўных, дадзены відэазварот — смелая спроба прыцягнуць увагу, аб эфектыўнасці якой можна спрачацца.

Чытайце таксама артыкул «Анархистские методы экономического сопротивления«, які аглядае даступныя і эфектыўныя метады працоўнай барацьбы, правераныя часам.

Крыніца: http://belsat.eu/news/pinskdreu-rabauladalnitskae-pradpryemstva-rabochyya-zapisali-videazvarot-z-zaklikam-da-bajkotu/

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.