“Такіх, як ты, не павінна існаваць. Ты – біясмецце”. Падрабязнасці затрымання анархіста за порна

19 красавіка 17-гадовага актывіста анархічнага руху Фёдара Бабанава затрымалі супрацоўнікі ГУБАЗіК у якасці падазраванага па справе аб распаўсюдзе парнаграфічных матэрыялаў. Пры гэтым міліцыянтаў цікавіла хутчэй не відэа, размешчанае на яго старонцы Укантакце, а актыўнасць хлопца ў анархічным руху, яго сувязі і прыватнае жыццё. Фёдар, які пасля трохсуткавага арышту знаходзіцца пад падпіскай аб нявыездзе, распавёў ПЦ “Вясна” пра псіхалагічны ціск, які аказвалі міліцыянты падчас яго затрымання і зняволення.

Затрымлівалі хлопца ў кабінеце ўчастковага, які вызваў яго быццам бы для падпісання нейкіх папер. У памяшканне зайшлі тры чалавекі ў цывільным, якія, не прадставіўшыся, адразу надзелі на Фёдара кайданкі. Яго вывелі з кабінета, пасадзілі ў машыну і павезлі ў ГУБАЗіК. І паездка туды суправаджалася шматлікімі пагрозамі.

Яны казалі штосьці кшталту “зараз павязем цябе ў лес”, “мы цябе пасадзім”, “мы будзем біць цябе”. Таксама абражалі, казалі: “Такіх, як ты, не павінна існаваць. Ты – біясмецце.

Калі Фёдара прывезлі ў ГУБАЗіК, то адразу паставілі на расцяжку, затым пасадзілі ў кабінеце ў вельмі нязручнай позе – галава хлопца апынулася паміж каленаў, а рукі ў кайданках былі за галавой. І пакуль ён сядзеў у такой позе, міліцыянты задавалі хлопцу шмат пытанняў, якія ніяк не былі звязаныя з артыкулам, у парушэнні якога яго падазраюць.

Яны пыталіся пра маіх сяброў, пра акцыі анархістаў, у якіх я, на іх думку, удзельнічаў, пра тых, з кім маю зносіны, пра тых, хто малюе ў горадзе графіці, і нават пра тое, з якога тэлефону я выходжу ў інтэрнэт. Я казаў, што не магу з імі нармальна размаўляць, бо сяджу ў нязручнай позе. На што яны адказвалі, што я мушу быць гатовы да нармальнай размовы ў любой позе – седзячы, лежачы, як заўгодна.

Па словах Фёдара, яму доўгі час прыходзілася прасіць супрацоўнікаў, каб тыя патлумачылі яму яго правы, сэнс справы і яго статус у ёй.

Таксама супрацоўнікі ГУБАЗ вырашылі сфатаграфаваць мае татуіроўкі. Калі я распранаўся, каб іх сфатаграфавалі, адзін з іх сказаў мне, каб я адыйшоў і распранаўся дзе-небудзь у кутку. Ён сказаў: “Ты мяне штосьці, с***, прыводзіш у шаленства.

Кайданкі, якія вельмі моцна пераціскалі рукі, з Фёдара знялі толькі праз некалькі гадзін, калі пачаўся допыт у Следчым камітэце, куды яго перавезлі. Паводле Фёдара, следчы, у адрозненні ад супрацоўнікаў ГУБАЗіК, задаваў пытанні толькі па справе. Там было прынята рашэнне арыштаваць яго на трое сутак.

У ІЧУ на Акрэсціна Фёдара пераводзілі з камеры ў камеру, прычым ва ўсіх іх сядзелі поўнагадовыя, што дарэчы з’яўляецца парушэннем Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах, згодна з якім непоўнагадовыя арыштаваныя аддзяляюцца ад поўнагадовых. І там, на ІЧУ, здзекі і пагрозы працягваліся.

“Гэта твой дом на бліжэйшыя некалькі гадоў”, “Пасадзіце яго ў “петушыную камеру” – вось прыкладна такія фразы адносна сябе я чуў. Праз суткі знаходжання там да мяне прыйшоў адзін з супрацоўнікаў ГУБАЗіК і зноў пачаў распытваць пра анархічны рух, маіх сяброў і знаёмых. Таксама ён пытаўся, навошта я пішу Змітру Паліенку [1]. Ён працягваў ціснуць на мяне, але я адмаўляўся адказваць на яго пытанні.

Калі праз трое сутак Фёдара Бабанава адпусцілі пад падпіску аб нявыездзе, ён даведаўся, што ў яго кватэры быў вобшук, падчас якога таксама не абыйшлося без пагроз і псіхалагічнага ціску.

Міліцыянты, якія праводзілі вобшук, паказвалі маці элементы маёй вопратцы, казалі, што гэта экстрэмізм і за гэта можна сесці. Бралі, напрыклад, скарбонку і казалі, што гэта бомба. Пагражалі, што сяду не толькі я, але і мае бацькі.

Маці Фёдара – інвалід, і ўся гэта сітуацыя, па словах Фёдара, дрэнна адбілася на яе здароўі. Што датычыцца канфіскаваных рэчаў, то міліцыянты забралі сцікеры і лісты да палітвязня Змітра Паліенкі і ад яго.

P.S. Як стала вядома праваабаронцам, днём 25 красавіка супрацоўнікі ГУБАЗіК у межах заведзенай крымінальнай справы праводзілі вобшук у гаражах, якія належаць бацьку Фёдара. Бліжэйшым часам павінна стаць вядома, ці будуць хлопцу прад’яўлены абвінавачванні па гэтай справе.

[1] — Зміцер Паліенка — беларускі анархіст, затрыманы 29 красавіка 2016 года ў час Крытычнай масы ў Мінску і абвінавачаны ва ўжыванні насілля ў дачыненні да праваахоўніка. 12 кастрычніка 2016 года — асуджаны на 2 гады пазбаўлення волі з адтэрміноўкай пакарання, але 7 красавіка 2017 года адтэрміноўка была адмененая і хлопец адправіўся адбываць пакаранне. Зараз знаходзіцца ў ІК-2 (Бабруйск).

Крыніца: http://spring96.org/be/news/89752

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Похожие записи

Начните вводить, то что вы ищите выше и нажмите кнопку Enter для поиска. Нажмите кнопку ESC для отмены.