Даічы Ёшыда выйдзе на свабоду на днях

Тэрмін пакарання мастаку Даічы Ёшыда, які зараз знаходзіцца ў папраўчай калоніі №3, быў зменшаны да 1 году 9 месяцаў зняволення. Ёшыда выйдзе на волю 22 траўня. Пра гэта журналістам паведаміла сям’я зняволенага.

Гісторыя Даічы Ёшыда — найяскравейшая ілюстрацыя абыякавасці і цынізму беларускай судова-«праваахоўнай» сістэмы. Даічы — японскі мастак, які малюе ў стылі манга. У 2016 годзе ён быў запрошаны на фестываль манга ў Адэсу. У Кіеве легальна набыў у антыкварнай краме розныя часткі вінтоўкі Мосіна, каб выкарыстоўваць іх у якасці мадэляў для малюнкаў.

15 жніўня 2016 году Даічы Ёшыда вылецеў маршрутам з Кіева ў Токіё з транзітнымі перасадкамі ў аэрапортах Менску і Абу-Дабі. Ён сцвярджае, што служба бяспекі ў аэрапорце Кіева праверыла і сфатаграфавала ўсе часткі зброі, якія знаходзіліся ў ягоным зарэгістраваным багажы, і дапусціла яго на рэйс. У Менску Даічы Ёшыда быў затрыманы, і дастўлены ў СІЗА. «Прадметы, згодна з заключэннем эксперта, з’яўляюцца прыгоднымі для выкарыстання састаўнымі часткамі нарэзной агняпальнай зброі.» — скажа потым старэйшы памочнік Мінскага транспартнага пракурора. Супраць японца ўзбудзілі крымінальную справу. У красавіку 2017-га Даічы быў асуджаны на 4 гады 6 месяцаў зняволення за незаконны правоз і перамяшчэньне праз дзяржаўную мяжу Рэспублікі Беларусь агнястрэльнай зброі. З усей крымінальнай справы Даічы пераклалі толькі прысуд.

Больш за паўтары гады мастак знаходзіўся ў няволі, дзе ў яго моцна сапсавалася здароў’е. Яму давялося перажыць неаднаразовыя допыты КДБ, расізм іншых арыштантаў і супрацоўнікаў адміністрацыі і таксама моцную ізаляцыю — амаль ніхто з ягоных вымушаных суседзяў у турме і калоніі не ведаў ангельскай мовы.

Дзякуючы моцнаму рэзанансу (аб выпадку напісалі ўсе буйныя недзяржаўныя СМІ, а маці мастака пачала кампанію падтрымкі) прысуд быў перагледжаны. Але, вядома, беларускія суды «ніколі не памыляюцца» і замест прызнання памылкі, выплаты кампенсацыі і апраўдання Даічы яму проста знізілі тэрмін. Нават у выпадку яўнага бязмежжа дзяржаўная машына не здольная прызнаць сваю неправату.

Крыніцы: http://kyky.org/pain/yaponets-v-belaruskoy-tyurme-ne-pytaytes-pobyvat-v-belarusi-dazhe-tranzitom-vas-pohityat

https://www.svaboda.org/a/29226373.html

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *