У апошнія дні ў Беларусі стала вядома як мінімум аб чатырох затрыманых альбо абвінавачаных журналістах.
23 ліпеня былі затрыманыя журналісты БелСата Алесь Дзянісаў і Алесь Кайрыс. Людзі ў цывільным затрымалі іх у Гародні 23 ліпеня. Журналістаў трымалі ў пастарунку 2,5 гадзіны, пасля чаго павезлі дахаты, каб правесці ператрусы. Верагодна супраць іх завялі крымінальную справу за абразу кіраўніцы ўчастку абслугоўвання УЖРЭП Ленінскага раёну Горадні Святланы Жылінскай, якая згадвалася ў сюжэце ў праграме «Аб’ектыў».
24 ліпеня берасцейскі блогер Сяргей Пятрухін атрымаў позву ў Следчы камітэт. Ён кажа, што супраць яго распачатая крымінальная справа паводле часткі 2 артыкулу 189 Крымінальнага кодэксу — «абраза, нанесеная ў публічным выступе, або ў друкаваным ці ў публічна прадэманстраваным творы, або ў сродках масавай інфармацыі». Санкцыя дадзенага артыкулу прадугледжвае штраф або папраўчыя працы на тэрмін да двух гадоў, або арышт, або абмежаваньне волі да трох год. Апошнім часам блогер здымаў шмат відэа на тэму пратэстаў супраць акумулятарнага заводу ў Брэсце. 12 траўня ў яго дома ўжо быў праведзены ператрус.
У той жа дзень, 24 ліпеня, у гп «Акцябрскі» Гомельскай вобласці быў затрыманы блогер Андрэй Павук. Як сцвярджае ён, яго затрымалі, каб не пусціць на нараду мясцовых чыноўнікаў і склалі пратакол — як сказалі самі міліцыянты «за супрацу з Белсатам».
Робіцца відавочна, што у рэпрэсіях намеціўся новы трэнд: прэсінг незалежных СМІ і блогераў. Дзяржаўнае тэлебачанне даўно не выконвае запросы большай часткі насельніцтва на падняцце актуальных праблем і асвятленне рэальнага жыцця людзей. Стаміўшыся глядзець пра надоі і шчаслівую квітнеючую Беларусь, людзі абіраюць вольныя крыніцы інфармацыі, і, як вынік, незалежныя блогеры і апазіцыйныя СМІ маюць сотні тысяч падпісчыкаў. Разумеючы, што манаполія на вольны распаўсюд інфармацыі парушаная, дзяржава імкнецца наверстаць страчанае і актыўна прасуе тых, хто можа расказаць народу праўду. Спачатку пад раздачу трапілі анархісцкія рэсурсы — «за экстрэмізм». Потым быў прыняты новы закон аб СМІ, выразна накіраваны на абмежаванне свабоднага звароту інфармацыі Зараз дабраліся і да незалежных блогераў з ліберальнымі СМІ. Улічваючы, што — ва ўсіх апошніх рэвалюцыях СМІ гралі ключавую ролю, такія крокі ўлады ёсць нішто іншае як спробы папярэджання перарастання любых народных хваляванняў у рэвалюцыю.
Крыніцы: http://spring96.org/be/news/90401
http://belsat.eu/news/garadzenskiya-zhurnalisty-padpisali-zvarot-u-abaronu-dzyanisava-i-kajrysa/
http://belsat.eu/news/blogera-andreya-pavuka-zatrymali-za-supratsu-z-belsatam/