Да поўдня на плошчы Леніна ў Брэсце, дзе кожную нядзелю зьбіраюцца праціўнікі будоўлі гэтага прадпрыемства, былі затрыманыя Зьміцер Андрасюк і Андрэй Астапчук. Іх павезьлі ў Ленінскі РАУС.
Каля 12.50 міліцыя затрымала Тацяну Фесікаву і Юлію Зубік, якія сядзелі на адной з лавачак на плошчы. Калі жанчын вялі ў міліцэйскую машыну, якая стаяла ў двары жылога дома, вакол сабралося некалькі дзесяткаў людзей: яны скандавалі «Ганьба!», крычалі на міліцыянтаў, спрабавалі перашкодзіць затрыманню і заблакаваць міліцэйскі аўтамабіль.
Відэа затрымання: https://youtu.be/XipY1JiWXNk
Пасьля таго, як машына ад’ехала, людзі пачалі разыходзіцца. Некаторыя зь іх накіраваліся да Ленінскага РАУС. Пасьля гэтага быў затрыманы яшчэ адзін чалавек — Уладзімер Мароз.
Усіх даставілі ў Ленінскі РАУС.
Як паведаміў праваабаронца Раман Кісляк, каля 13.40 зь міліцыі пасля апытання адпусцілі Зьмітра Андрасюка, затым па адным — Уладзімера Мароза, Юлію Зубік і Тацяну Фесікаву. Андрэя Астапчука да суду змясьцілі ў ізалятар часовага ўтрыманьня.
Паводле праваабаронцы, у дачыненні да Мароза пратаколу не складалі. У дачыненні да астатніх склалі пратаколы за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве (паводле арт. 23.34 КаАП).
Паводле наяўных у Кісьляка звестак, суды над імі пройдуць 8 кастрычніка.
Нагадаем, штотыдневыя флэшмобы-стаянні супраць будоўлі экалагічна шкоднага акумулятарнага заводу ў Брэсце працягваюцца на плошчы Леніна з лютага. На мінулым тыдні былі затрыманыя (https://pramen.io/ru/2018/10/u-nyadzelyu-u-brestse-pratestavali-suprats-budouli-akumulyatarnaga-zavodu-dva-chalaveki-zatrymanyya/) два чалавекі.