Калі ў краіне ўсё дрэнна: падае ВВП і дабрабыт насельніцтва (https://novychas.by/ekanomika/razvod-na-hroszy), беларусы мараць з’ехаць з краіны ў пошуках лепшай долі (https://belaruspartisan.by/life/446263/), п’юьць і сканчаюць жыццё самагубствам (https://news.tut.by/society/596839.html), у дзяржавы есць толькі адно выйсце. Якое? Правільна, як мацней закруціць гайкі, каб ніхто не пасмеў выказаць незадаволенасць услых. Вядома, вырашыць эканамічныя і сацыяльныя праблемы дзяржава не ў стане. Затое ў стане даць па галаве тым, хто іх падымае і крытыкуе ўладу. Так бы мовіць, за немагчымасцю змагацца з аб’ектыўнай праблемай, будзем біць тых, хто проста раздражняе сваім існаваннем.
У адпаведнасці з расійскай модай віноўнымі зараз назначаюць не толькі ўсюдыісных экстрэмістаў, але і музычныя гурты, і блогераў, і інтэрнэт увогуле. Прабяжымся па эпізодах за апошні месяц.
- За рэпосты і карцінкі ў інтэрнэце актыўна прэсуюць анархістаў і антыаўтарытарыяў. Улад Серада, Аляксандр Горбач, Алесь Дзянісаў атрымалі штрафы ў Гародні.
- У Мінску забаранілі канцэрт групы IC3PEAK. Па дзіўнаму «супадзенню» гэтая група толькі-толькі трапіла ў чорныя спісы расійскага ФСБ. Так як каланіялізм у мазгах нашых чыноўнікаў яшчэ трывае, яны вырашылі памалпоўнічаць і проста паўтарыць за расійскімі калегамі. Зрэшты, група ўсе ж здолела адыграць некалькі песень у іншым клубе — пакуль ім не адключылі мікрафоны.
- Палітвязня Зміцера Паліенку актыўна прэсуе РУУС, затрымліваючы ледзь не штодзень , за адмову наведваць міліцэйскія «лекцыі».
- За бяскрыўдны перфоманс у якім былі сумешчаныя словы «МУС» і «ЛГБТ» актывіста затрымалі ля дома, амаль трое сутак пратрымалі ў няволі, а потым аштрафавалі. Яшчэ двое самі здаліся ў міліцыю.
- Пад адміністрацыйным працэсам у гэтыя дни знаходзіцца адразу сем (!) незалежных журналістаў, [1][2], сярод якіх і наш паплечнік Мікола Дзядок — за пост у фэйсбуке з асуджэннем нацызму.
- З новага году прымаюцца папраўкі ў закон аб экстрэмізме. Крыміналізуецца «рэабілітацыя нацызму» (лічы, любыя альтэрнатыўныя дзяржаўным трактоўкі гісторыі Другой сусветнай), уводзіцца адміністрацыйная адказнасць за анархісцкую сімволіку.
- У паніцы перад любым несанкцыянаваным сходам людзей улада раздула цэлую спецаперацыю супраць сходкі забаўляльнага пабліку «Топавы Пінск». На хлопцаў, якія вывялі на плошчу горада дзяцей каб пабалвавацца і несанкцыянавана патусавацца, накінуліся РУУС, ДАІ, мясцовае тэлебачанне і магчыма нават КДБ. Страх дзяржавы перад сотней непаўнагадовых, якія і да палітыкі-та ніякім бокам, перавышае ўсе магчымыя межы.
Паводзіны ўлады нагадваюць паводзіны шалёнай сабакі, якая, ня будучы ў сілах укусіць тых, хто яе б’е, нападае на тых, на каго, прынамсі, можа. Вылячыць гэтае шаленства можа толькі адно лякарства — паўстанне мас, якое пакажуць уладзе ейнае месца і прымусяць лічыцца не толькі са сваімі вузка-карпаратыўнымі інтарэсамі але і з волей народа. Пакуль жа народ у Беларусі не заявіў сябе як палітычны суб’ект, прзэідэнты за нашымі спінамі вырашаюць, у якой краіне нам жыць, звацца расіянамі ці беларусамі. І, можна не сумнявацца, дамовяцца так, каб ім было лепш. А як жа мы? А мы застанемся бяспраўнымі і непачутымі, пакуль самі не скажам сваё слова. І пажадана — як грамчэй.
ДВ для pramen.io