Аб тым, як дзяржава змагаецца з самастойнымі сацыяльнымі ініцыятывамі, напісаў на сваей старонцы актывіст Сяргей Верамеенка:
«Да Аляксея Шчадрова, каторы ў вёсцы Аляксандраўка ўтрымлівае прытулак для бяздомнікаў, завіталі прадстаўнікі чарговай «сілавой структуры». Гэтым разам з падатковай інспекцыі. Прадстаўнікі ІМПЗ патрабуюць ад Аляксея тлумачэньне па ўсіх ахвяраваньнях, каторыя ў тым ліку і мы з вамі адпраўлялі ў прытулак. Іх цікавіць усё! Дакладна ўсё! Служкі маюць выпіскі з банкаўскага рахунку Аляксея, патрабуючы адсправаздачыцца па ўсіх без выключэньня грашовых пераказах. Нават па тых, дзе сумы складалі па 10 рублёў старымі грашыма (0,01 руб. новымі). То бок за кожную капейку! Але гэтага ім мала. Візіцёры яўна дзейнічаюць па ўказцы гэб’я. Іх цікавіць колькі куплялася дроў для прытулку і ў каго, якая неграшовая дапамога (харчаванне, ложкавая бялізна, вопратка і г.д.) паступала ў прытулак, ад каго і ў якой колькасці. Карнікі не прымаюць аргумэнты, што ўсё гэта ахвяраваньні, каторыя збіраліся для ўтрыманьня бяздомных людзей, абсалютная большасьць каторых ня мела і ня мае пэнсій і пашпартоў. Таму, на гэтай падставе, сродкі не падлягаюць абкладаньню падаткам. Іх больш цікавіць хто і ў якіх колькасьцях перадаваў прытулку падгузьнікі, бялізну (часьцяком ужываную), агародніну, харчы ды іншае. Усю матэр’яліную і нематэр’яльную дапамогу «сілавікі» маюць намер абкласці падаткам. Няўжо ажно так усё дрэнна ў іхняй дзяржаве, што на дубіналы са спецсродкамі ды на шайбы з клюшкамі трэба зьбіраць грошыкі, адбіраючы іх нават у жабракоў?
Панове, прашу аб максымальным разгалосе пра чарговы «наезд» на прытулак! А таксама пра інфармацыйную і прававую падтрымку журналістаў і праваабаронцаў.
Тут адрас і тэлефон Аляксея Шчадрова: Гродзенская вобласьць, Шчучынскі раён, вёска Аляксандраўка. Тэлефон +375333882858.»
Дзяржава не спраўляецца і ніколі не спраўлялася са сваімі сацыяльнымі абавязкамі: дапамагаць беспрытульным і бедным. Лагічна было б, каб яна дазволіла рабіць гэта тым, хто займаецца гэтым па сваёй інцыятыве. Аднак на практыцы мы бачым зусім іншае: мярзотныя і брудныя падкопы пад тых, хто спрабуе зрабіць свет лепей самастойна. Гэта ўжо здаралася з ініцыятывай «Ежа замест бомбаў«, а зараз адбываецца і з прытулкам Аляксея Шчадрова.
А адбывалася гэта, таму што любыя самакіраваныя ініцыятывы прадстаўляюць для ўлады патэнцыяльную небяспеку. Людзі, якія вырашылі, што дзяржава не патрэбная ім у адным аспекце жыцця, могуць хутка вырашыць, што яна непатрэбная і ў астатніх. Таму ўсіх непадкантрольных ёй трэба душыць, нават калі яны робяць аб’ектыўна добрыя рэчы. Вядома, аб сваёй устойлівасці дзяржава турбуецца куды болей, чым аб тым, ці есць у асобна ўзятых грамадзян кроў, ежа і чыстая бялізна…
Крыніца: https://www.facebook.com/s.n.veremeenko/posts/2312533045656065