Як партызаны забівалі маіх аднавяскоўцаў. 76 гадоў налібацкай бойні

Аб малавядомых старонках другой сусветнай расказаў журналіст Радыё Свабода Зміцер Гурневіч.

Доўгі час пра гэтую падзею амаль ніхто ў маёй роднай вёсцы публічна ня згадваў. Яна ня ўпісвалася ва ўра-патрыятычную канцэпцыю Дня Перамогі, які адзначаўся на наступны дзень. Але з гэтай гісторыяй заўсёды жылі ўсе мае землякі і я.

У двары майго роднага дома, дзе да канца вайны стаяў шпіталь, партызаны ў гэты дзень забілі двух беларускіх настаўнікаў. У доме побач жыла баба Ўршуля Лукашэвіч, у якой партызаны забілі мужа. У доме з другога боку жыла Леанарда Юнцавіч, якая малой дзяўчынкай маліла партызанаў не забіваць яе тату, пакуль той хаваўся за печчу. Ідучы ў школу, я спускаўся з таго самага пагорка, зь якога, паводле сьведкаў тых падзеяў, 8 траўня ручаём цякла кроў. А непадалёк ад школы стаяў стары савецкі абэліск у гонар партызанаў, на якім памылкова былі выбітыя і імёны іхных ахвяраў.

Перадгісторыя трагедыі

Улетку 1942 году немцы загадалі ўтварыць у Налібаках «самаахову». Прыцягнутыя туды пад пагрозай сьмерці налібацкія мужчыны мусілі ахоўваць мястэчка ад рабункаў партызанаў. На Налібакі з 2 тысячамі насельніцтва немцы пакідаюць 28 старых карабінаў. З аднаго боку немцы і пагроза сьмерці, а з другога — тысячы савецкіх партызанаў у пушчы.

Кіраўнік налібацкай самааховы Яўген Клімовіч спрабуе дамовіцца з апошнімі. Падчас перамоваў у пушчы партызаны прапаноўваюць налібачанам імітаваць напад на «самаахову», каб вёсцы ўнікнуць нямецкай помсты. Маўляў, мы нападзём, вы пастраляеце ўгару і пяройдзеце на наш бок. Немцам налібачане меліся агучыць вэрсію, што партызаны гвалтам павялі «самаахову» ў лес, і што там зь ёю сталася, невядома. На імітацыю нападу Клімовіч пагаджаецца, але просіць даць час, каб абдумаць прапанову аб пераходзе ў партызанку. Бакі дамаўляюцца перад «нападам» сустрэцца яшчэ раз і да «захопу» пазьбягаць сутыкненьняў. «Напад» нібыта дамовіліся ўчыніць 10 траўня.

Напад

​А 5-й гадзіне раніцы 8 траўня з боку кроманьскага лесу ў Налібакі ўваходзіць атрад імя Сталіна пад камандаваньнем Васілія Чарнышова («Платона»).

У адным зь першых дамоў там жывуць Мішукі. Сын гаспадароў Вацлаў прыгадвае той дзень:

«Доўгая сэрыя з кулямёта разарвала пярэднюю сьценку пад вокнамі нашага дома і канапу ў другім канцы пакоя. Кулі затрымаліся на процілеглай сьцяне, некалькі сантымэтраў над нашымі галовамі. (…) З-за вокнаў далятаў крык: «Давай, давай, вперёд!». Мама падбегла да вакна і загаласіла: «Вёска гарыць!». Я выбег у споднім на падворак. Над вёскай і мястэчкам дым. Лямант у нашых суседзяў Лукашэвічаў. Два ўзброеныя чалавекі выводзяць з хаты Караля. За мужам бяжыць жонка Поля, за ёй бацькі. Людзі даводзяць Караля да гумна. Гучаць два сухія стрэлы зь пісталета».

Экзэкуацыі адбываюцца амаль у кожным двары паводле таго самага сцэнара. Партызаны — мужчыны і жанчыны — забягаюць у хату, страляюць у гаспадара, а часам і ў цэлыя сем’і, і рабуюць дом. Байцы «самааховы» разгубленыя і ня ведаюць, што адбываецца. Нехта зь іх выбягае на падворак, мяркуючы, што гэта дамоўленая з партызанамі апэрацыя. Страляе, як і дамаўляліся, угару, а партызаны адказваюць чэргамі з аўтаматаў, падпальваючы будынкі.

Успаміны пра драматычны дзень 8 траўня налібацкія эмігранты пасьпелі напісаць і апублікаваць. Іх лёгка можна знайсьці ў інтэрнэце. 6-гадовая тады Яніна Стасюкевіч запомніла, як партызан стрэліў у нагу яе маці. За Вераніку Стасюкевіч заступіўся іншы партызан, які загадаў спыніць агонь і прыгразіў застрэліць свайго напарніка. Пад дом Стэфана Стасюкевіча пад’ехаў партызан. Папрасіў у гаспадара запалак, а потым застрэліў яго і падпаліў дом.

Мечыслаў Клімовіч, які быў тады падлеткам, памятае, як партызаны выводзілі на вуліцу налібацкіх мужчын і загадвалі станавіцца ў шэраг. Да іх на кані пад’ехала жанчына, прывязала каня да плоту і са спакойным абліччам пачала страляць па мясцовых.

17-гадовую Марысю Грыгарцэвіч будзяць стрэлы з аўтамата. Дзяўчына вызірае ў вакно і бачыць, як незнаёмы падпальвае іхнае гумно. У дом забягае іншы партызан. У сенцах стаіць муляр Альбэрт Фарботка, які жыве ў Грыгарцэвічаў на кватэры. Партызан страляе яму проста ў твар і, пахіляючыся над ім, крычыць:

— Ё. тваю маць, сволач…

Пахіляецца, хапае за руку і шукае гадзіньнік. Няма… «Пракляты п… ц». Партызан сьцягвае з Альбэрта штаны і выбягае на двор.

15-гадовы Болесь Хмара хаваецца ў хаце. Праз сьцены ён чуе, як партызаны выводзяць на двор ягонага старэйшага брата. Жанчына страляе яму ў грудзі. Куля трапляе ў ключыцу і разрывае костку.

У сям’і Каржэнькаў партызаны таксама забіваюць старэйшага сына. Малодшы Толік назірае за гэтым з хлява. Калі саветы выходзяць на вуліцу, ён сядае на каня і ўцякае ў бок лесу. Бацька, мяркуючы, што гэта адзін з партызанаў, хапаецца за вінтоўку і страляе. Толік падае на зямлю.

Перад тым, як падпальваць дамы, партызаны іх дашчэнту рабуюць. З сабой у лес яны забіраюць 100 кароў і 70 коней.

За дзьве гадзіны ў Налібаках загінулі 128 мясцовых. Ахвяры — пераважна мужчыны, але сярод забітых ёсьць тры жанчыны, падлеткі і дзесяцігадовае дзіця.

Некаторыя сем’і страцілі 7-8 чалавек. Хавалі забітых некалькі дзён. У многіх трунах былі толькі рэшткі спаленых целаў, у некаторых — толькі попел.

Савецкая вэрсія

«Уначы 8 траўня 1943 году партызанскія атрады пад кіраўніцтвам тав. Гулевіча і камісара тав. Муратава зьнянацку разграмілі нямецкі гарнізон самааховы мястэчка Налібакі. У выніку дзьвюхгадзіннай барацьбы загінулі 250 самаахоўцаў», — гаворыцца ў службовай нататцы кіраўніка савецкай партызанкі на Наваградчыне Васілія Чарнышова — «Платона».

​У нападзе на Налібакі, як успамінае Чарнышоў, узялі ўдзел атрады імя Дзяржынскага, «Бальшавік», імя Суворава ды іхныя камандзіры — тав. Канстанцін Шашкін, тав. Макаеў, тав. Фёдар Суркоў. «Платон» называе фантастычную лічбу ўдзельнікаў апэрацыі — 750 чалавек. Мясцовыя ж кажуць пра ня больш як 150 партызанаў.

Старшыня Цэнтральнага штабу партызанцкага руху Панцеляймон Панамарэнка ўзнагародзіў кіраўнікоў апэрацыі ў Налібаках.

Напад на Налібакі быў караю мясцовым жыхарам за неляяльнасць партызанам і за сумневы ў бальшавіцкай уладзе. Так лічаць самі налібачане — тыя, зь якімі мне даводзілася рагутарыць, і тыя, хто пасьпеў апісаць падзеі 8 траўня ва ўласных успамінах.

У 2014 годзе я размаўляў зь нямецкім гісторыкам партызанскага руху ў Беларусі Богданам Мусялам. У 2000-я гады ён знайшоў у адной з навакольных вёсак жанчыну, якая падлеткам жыла ў партызанскім лягеры. Яна ўспамінала: вярнуўшыся з апэрацыі 8 траўня з Налібак, Чарнышоў быў у лютасьці і крычаў, што «самаахова» яму здрадзіла і ён быў вымушаны паступіць жорстка. Пра паліцыянта ў доме Нецкаў ён ня ўзгадваў. Увогуле ніхто зь мясцовых яго ніколі ня бачыў. Гэтая вэрсія зьявілася пазьней, невядома, хто стаў яе крыніцай і ці быў той «пляменьнік Нецкаў» увогуле.

Пасьля вайны многія ўдзельнікі налібацкай апэрацыі атрымалі высокія партыйныя пасады ў Беларусі, частка вярнулася ў Расею. Ва ўспамінах некаторыя хваляцца, як 8 траўня 1943 году забілі ў Налібаках больш за дзьве сотні немцаў і паліцаяў. Чарнышоў памёр у 1969 годзе на пасадзе першага сакратара Прыморскага краявога камітэту КПСС і пахаваны на Навадзевічых могілках у Маскве.

Ці даведаемся праўду?

На пачатку 1990-х гадоў пэўны знаёмы журналіст, які тады працаваў на Беларускім тэлебачаньні, сустрэўся ў адным зь менскіх паркаў з былым партызанам з Налібацкай пушчы. Задаволены цікавасьцю да сябе, вэтэран распавядаў з гонарам пра баявое мінулае. Але калі журналіст спытаўся пра дэталі «налібацкай апэрацыі», той сарваў мікрафон і бяз слова разьвітаньня пачаў уцякаць, ледзь ня трапіўшы пад трамвай. Магчыма, ён быў адным з апошніх, хто памятаў тыя падзеі ня з гледзішча ахвяры.

У першай палове 1990-х за грошы налібацкай эміграцыі на парафіяльных могілках быў пастаўлены вялікі помнік. Надпіс на шыльдзе сьведчыць пра 128 забітых налібачан. Адзін з фундатараў, амэрыканскі налібачанін, расказаў мне, што ўмовай згоды на помнік была адсутнасьць згадкі пра забойцаў. Сёньня, як усе апошнія 15 гадоў, там адбудзецца жалобнае набажэнства за ахвяраў. Але расказаць пра забойцаў у Налібаках ужо няма каму.

Крыніца: https://www.svaboda.org/a/29215442.html

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Похожие записи

Начните вводить, то что вы ищите выше и нажмите кнопку Enter для поиска. Нажмите кнопку ESC для отмены.