Самаарганізацыя ва ўмовах ваеннай дыктатуры. Інтэрв’ю з Суданскім Анархісцкім Рухам

Мы, Інтэрнацыянальная секцыя анархісцкай арганізацыі Perspektive Selbstverwaltung (Перспектыва Самакіравання), размаўлялі гэтай вясной з рознымі рэвалюцыйнымі групамі у Судане аб іх дзейнасці і мясцовых палітычных працэсах. Дадзенае інтэрв’ю з групай «Суданскі Анархісцкі Рух» мы ажыццявілі з дапамогай мэйлаў. Праз моўныя бар’еры, адрозненні ў палітычнай сацыялізацыі і тэрміналогіі ў нашай камунікацыі ўзніклі некаторыя цяжкасці. Гэта значна спазніла публікацыю дадзенага інтэрв’ю, якое адбылося ў жніўні 2022. Пытанні, як і адказы, былі перакладзеныя і адрэдагаваныя для лепшага успрымання. Нарэшце, мы шчаслівыя падзяліцца гэтым інтэрв’ю і асэнсаваць папярэдне адзначаныя перашкоды як лагічную частку дзейнасці інтэрнацыяналістаў.

PS:Распавядзіце нам пра Суданскі Анархісцкі Рух (наколькі гэта магчыма без рызыкі рэпрэсій для вас і іншых). Якія вашыя мэты і якія ў вас стратэгіі па іх дасягненню? Як вы арганізаваныя? Ці ёсць у вас лакальныя суполкі ў розных гарадах, ці вы супрацуеце з іншымі анархісцкімі групамі?

САР: Мы група суданскай моладзі, якая верыць у лібертарныя сацыялістычна-анархісцкія каштоўнасці. Мы сфармавалі нашу рэвалюцыйную групу на хвалі Снежаньскай Рэвалюцыі (2018), дзе мы сустрэліся падчас дэманстрацый і ва ўніверсітэтах. Мы аб’ядналіся разам, каб распаўсюджваць анархісцкія ідэі і дасягнуць прагрэса ў анархіі па ўсяму Судану. Мы робім гэта не гледзячы на небяспеку, якой з’яўляюцца прадстаўнікі ураду, таму што яны будуць супраціўляцца любым бунтаўшчыкам і распаўсюджвальнікам анархісцкіх ідэй. Але не гледзячы на гэтую рызыку, мы былі поўныя рашучасці стварыць групу для барацьбы з урадам, іх карумпаванымі установамі, нават калі нам пагражае пажыццёвае зняволенне ці нават смерць ад рук фашысцкай дзяржавы. Пасля заснавання нашай групы, мы наладзілі сувязь з асобнымі анархістамі са ўсяго Судану, а таксама з групай анархістаў з паўночнага Судану. Яны рабілі цудоўную працу распаўсюджвая ідэі анархізму, заснавалі першы студэнцкі анархісцкі рух у Судане ва ўніверсітэце Данголы, які мы, анархісцкая група Хартума, падтрымлівалі. Цяпер мы працуем над фармаваннем агульнай і інклюзіўнай арганізацыі. Галоўная мэта гэта аб’яднаць усе групы і індывідуальныя асобы, якія вераць у ідэі анархізму і жадаюць быць часткай руху.

PS: Якія вашыя мэты і якія статэгіі вы абіраеце для дасягнення гэтых мэтаў?

САР: Нашая першая мэта — разваліць фашысцкі ваенны рэжым, які есць вялікай небяспекай для любога, хто свабодна выражае свае меркаванні, арыштоўвае любога, хто падаецца звязаным з анархісцкай групай. У выніку гэта абмяжоўвае адкрытае распаўсюджванне нашых ідэй. Толькі падзенне фашысцкага рэжыму адчыніць дзверы для дасягнення і іншых нашых мэтаў, таму што сістэма разглядае нас як сабатажнікаў, тэрарыстаў і пагрозу для усёй краіны. У гэтай барацьбе мы выкарыстоўваем мноства розных стратэгій заснаваных на мірным пратэсце, але мы таксама вынайшлі і дадатковыя формы мірных акцый, якія даказалі сваю эфектыўнасць.

PS: Як вы арганізоўваеце сябе і сваю працу? Ці есць у вас лакальныя суполкі у розных гарадах і вёсках?

САР: Мы арганізоўваем сябе і нашыя механізмы прыняцця рашэнняў праз формы безіерархічнай і прамой дэмакратыі. На сёння існуе толькі дзве арганізаваныя анархічныя групы ў Судане: адна група на поўначы краіны і наша група, якая знаходзіцца ў сталіцы — Хартума.

PS: Падаецца, што вы сфакусаваныя на ўніверсітэтах. Якое ваша будучае бачанне працы з больш шырокімі працоўнымі класамі Судану?

САР: Так, універсітэты гэта нашыя цэнтры. Але нават у сталіцы, Хартуме, неверагодна цяжка арганізаваць анархісцкую студэнцкую суполку ва ўніверсітэтах. Гэта таму, што дзяржава выкарыстоўвае ўсю сваю сілу, каб абараніць сталіцу і не дапусціць працу палітычных студэнцкіх груп. Як толькі такія групы выяўляюцца, ўся іх дзейнасць прыпыняецца і адміністрацыя універсітэтаў адлічвае ўсіх студэнтаў, звязаных з дадзенай арганізацыяй. Гэта прычына, па якой мы дагэтуль дзейнічаем падпольна, як тайныя арганізацыі ва ўніверсітэтах. Пакуль мы не зрынем рэжым у гэтым ёсць неабходнасць. Мы можам стаць публічнай групай толькі калі людзі вярнуць сабе уладу.

PS: Ці есць моцныя адрозненні паміж правінцыяй і вялікімі гарадамі?

САР: Так, ёсць моцныя адрозненні паміж правінцыяй і гарадамі, асабліва сацыяльна-эканамічныя. Відавочна, што назапашванне капіталу і працоўнай сілы ў вялікіх гарадах накшталт Хартума, адбываецца за кошт сельскай мясцовасці і правінцый. Камунікацыя і ўзаемадзеянне з правінцыяй з’яўляецца для нас праблемай, але мы выкарыстоўваем сеткі і кантакты нашых таварышаў, каб дасягнуць да вялікага кола сельскай і неурбанізаванай мясцовасці.

PS: Мы ведаем, што жанчыны адыгрываюць важную ролю ў рэвалюцыйным руху Судану. Як з гэтым у вашай арганізацыі?

САР: Так, жанчыны з’яўляюцца інтэграванай і актыўнай часткай нашай групы. Мы звяртаем увагу на роўнасць наколькі гэта магчыма, размеркаванне роляў і правоў, што з’яўляецца часткай статуту нашай групы. Мы падтрымліваем анарха-фемінісцкі рух.

PS: Мы публікавалі пераклад праграмы анархісцкага саюзу студэнтаў. Які быў ваш адказ на гэтую праграму?

САР: Мы віталі такі крок, зроблены анархістамі паўночнага Судану, і мы прыкладаем усе намаганні, каб ахапіць усе ўніверсітэты краіны.

PS: Як рэагуюць у размове з вамі людзі, якія не падзяляюць вашыя анархісцкія погляды?

САР: Дыскутуючы з людзьмі розных слаёў мы чуем, як яны часта бываюць моцна здзіўленыя нашай сілай і рашучасцю арганізацыі ва ўніверсітэтах. Яны прымаюць гэта за смелую пазіцыю і многія падтрымліваюць такія ідэі і высілкі па іх распаўсюду. Агулам, паводле нашага досведу, як толькі ты пачынаеш размаўляць з людзьмі на вуліцах, яны даволі зацікаўленыя ў анархісцкіх ідэях.

PS: Ці вы супрацоўнічаеце з камітэтамі супраціву групай ці асобна? Якую ролю вы адыгрываеце там і ў Суданскай Рэвалюцыі ў цэлым?

САР: Мы актыўныя ў камітэтах супраціву як індывідуальныя асобы. Мы падтрымліваем забастоўкі, паўстанні і пратэсты як у публічным дыскурсе так і на месцах.

PS: Якія, на вашу думку, самыя моцныя і слабыя бакі камітэтаў супраціву?

САР: Пакуль мы не бачым вялікіх недахопаў, камітэты супраціву вельмі эфектыўна арганізоўваюць калектыўную барацьбу і супраціў у нацыянальным маштабе. Акрамя таго, яны часткова прытрымліваюцца анархісцкіх ідэалаў, практыкуючы неіерархічнасць, прамую дэмакратыю і арганізоўваючыся гарызантальна. Увогуле, гэта дазваляе прымаць рашэнні на нізавым узроўні.

PS: Што вы думаеце пра розныя статуты камітэтаў супраціўлення? Зараз ідзе працэс аб’яднання статутаў у адзіны. Ці вы ўдзельнічаеце ў гэтым працэсе і які патэнцыял у ім бачыце?

САР: У нас ёсць заўвагі па некаторых пунктах у статутах, але ў іх уносяцца змены, а узгодненыя версіі ўжо аб’ядноўваюцца ў адзін канчатковы статут. Мы ўдзельнічаем як індывідуальныя асобы ў камітэтах супраціву і ў гэтым працэсе аб’яднання, які можа мець патэнцыял для аб’яднання розных меркаванняў унутры камітэтаў.

PS: Мы з вялікай надзеяй сочым за Суданскай Рэвалюцыяй. Тым не менш, гісторыя паказвае страшэнную колькасць магчымых контррэвалюцыйных небяспек. Вы не баіцеся, што калі стаўкі вырастуць і паўстанне ў Судане набудзе міжнародную значнасць, вы станеце аб’ектам контррэвалюцыйнай інтэрвенцыі? Якія сілы ўяўляюць найбольшую пагрозу для рэвалюцыі на дадзены момант?

САР: Рэвалюцыі на працягу ўсёй гісторыі чалавецтва душылі тыя, хто інвеставаў у таталітарныя і ваенныя рэжымы. Егіпецкая рэвалюцыя (2011) яшчэ свежая ў нашай памяці. Падчас яе было зроблена шмат памылак і яна прадэманстравала важныя высновы, на якіх мы можам навучыцца, таксама як і з іншага міжнароднага (глабальнага) досведу. На нашую думку, егіпецкая рэвалюцыя правалілася таму, што пэўныя краіны не падтрымалі паўстанне. Мы імкнёмся супрацьстаяць такім падзеям арганізоўваючы моладзевыя групы, якія праз розныя формы знаходзяцца ў цэнтры самой рэвалюцыі, а таксама будуць мець вырашальнае значэнне працягам барацьбы, перадаючы яе большай колькасці людзей і будучым пакаленням. У рэшце рэшт, наша місія ў распаўсюджванні лібертарыянскіх сацыялістычных ідэй, якія дадуць шлях да пажаданых радыкальных змен, якія скінуць цяперашні ваенны рэжым.

Гледзячы на Судан, акрамя суданскага рэжыму, урады Расіі, Саудаўскай Аравіі, Егіпта, Эміратаў, Турцыі і Катара падтрымліваюць контррэвалюцыю, паколькі яны маюць асабістыя інтарэсы ў мінулым і цяперашнім рэжымах і ў цэлым падтрымліваюць таталітарныя ваенныя рэжымы.

PS: Які лепшы спосаб падтрымаць вас, для вашых міжнародных аднадумцаў?

САР: Што датычыцца дзеянняў, якія могуць рабіць міжнародныя таварышы, мы заўжды вітаем ціск праз медыя, акцыі пратэсту і падтрымку рэвалюцыйных суданскіх суполак, якія арганізуюць пратэсты салідарнасці і крытыкуюць замежнае ўмяшанне ва ўнутраныя справы Судана з боку краін, падтрымліваючых рэпрэсіўную ваенную уладу.

Нам патрэбна міжнародная салідарнасць, цісніце на свае ўрады! Але таксама і матэрыяльная падтрымка і перадача ведаў аб нас будуць вельмі карыснымі.

Офіс анархістаў па міжнародных сувязях у Судане, 26 жніўня 2022

Арыгінал — https://libcom.org/article/organizing-under-military-dictatorship-interview-sudanese-anarchist-gathering

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Похожие записи

Начните вводить, то что вы ищите выше и нажмите кнопку Enter для поиска. Нажмите кнопку ESC для отмены.