Як вымяраць адносную вагу тых ці іншых моваў ў глабальнай камунікацыйнай прасторы? На гэтае пытанне паспрабаваў адказаць французскі лінгвіст, аўтар гравітацыйнай мадэлі “лінгістычнай глабалізацыі” Луі-Жан Кальвэ. Паводле першай версіі складзенага ім рэйтынгу з 88 моваў з колькасцю носьбітаў (без удакладнення, актыўных ці пасіўных) больш за дзесяць мільёнаў чалавек, беларуская мова займае аж 32-е месца...
Звычайна, тыя, хто разважаюць пра камунікацыйную вартасць той ці іншай мовы, спасылаюцца на колькасць тых, хто на ёй размаўляе: чым больш людзей размаўляе на мове, тым большая “вага” надаецца апошняй. Праблема ў тым, што, напрыклад, кітайская мова, на якой размаўляе больш чалавек, чым на англійскай, зьяўляецца размоўнай ў меньшай колькасці краін, меньш распаўсюджана ў песьні, кіно, меньш выкарыстоўваецца ў Інтэрнэце і г.д. Вось, напрыклад, мовы, якія маюць найбольшую колькасць носьбітаў:
1. кітайская 2. англійская 3. хіндзі 4. іспанская 5. руская 6. бахаса 7. партугальская 8. бенгальская 9. арабская 10. урду 11. японская 12. французская і г.д.
Але гэтая класіфікацыя не адзіная магчымая. Калі мы возьмем такі паказчык, як колькасць краін, у якіх гэтыя мовы маюць афіцыйны статус, то атрымаем зусім іншую градацыю:
1. англійская 2. французская 3. арабская 4. іспанская 5. партугальская 6. нямецкая 7. малайская 8. кітайская і г.д.
Калі ж мы звярнем увагу на месца, якое дадзеныя мовы займаюць у Інтэрнэце, то атрымаем яшчэ іншую іерархію:
1. англійская 35,2 % 2. кітайская 13,7 % 3. іспанская 9% 4. японская 8,4 % 5. нямецкая 6,9 % 6. французская 4,2 % 7. карэйская 3, 9 % і г.д.
Можна таксама падлічыць колькасць нобелеўскіх лаўрэатаў па літаратуры, якія пісалі на тых ці іншых мовах. Тады мы атрымаем наступнае:
1. англійская 2. французская 3. нямецкая 4. іспанская 5. руская 6. італьянская 7. шведская 8. польская і г.д.
Альбо мовы, з якіх робіцца найбольшая колькасць перакладаў:
1. англійская 2. французская 3. нямецкая 4. руская 5. італьянская 6. іспанская 7. шведская 8. дацкая 9. чэшская і г.д.
Увогуле, можна заўважыць, што некаторыя мовы заўсёды займаюць першыя прыступкі, у той час як іншыя трапляюць толькі ў адзін з “хіт-парадаў” (напрыклад, правансальская, бенгальская і ідзіш па літаратурных Нобелях).
Зыходзячы з гэткіх вось назіранняў французскі лінгвіст Луі-Жан Кальвэ вырашыў скласці г.зв. “індэкс моваў свету”. Бярэцца сукупнасць “аб’ектыўных” фактараў: колькасць носьбітаў, прысутнасць у Інтэрнэце, колькасць краін, у якіх дадзеныя мовы маюць афіцыйны статус, аб’ём перакладаў з мовы і на мову, вытворчасць і экспарт фільмаў, кніг і музыкальных твораў на дадзеных мовах, нобелеўскія лаўрэаты па літаратуры, прырост насельніцтва краін, дзе размаўляюць на дадзеных мовах, існаванне тэкставага рэдактара, арфаграфічнага карэктара і інш. камп’ютарных праграм для дадзеных моваў і г.д. На базе апошніх складаецца агульная класіфікацыя моваў свету адпаведна атрыманым сумарным паказчыкам.
Плануецца, што пасля заканчэння падлікаў рэйтынг будзе змешчаны ў Інтэрнэце і будзе рэгулярна абнаўляцца з мэтай адлюстравання соцыялінгвістычных зменаў, што адбываюцца на глабальным узроўні. Паступова рэйтынг павінен ахапіць “усе” мовы свету, але пакуль што ягоная пробная версія, апублікаваная ў часопісе Le Français dans le Monde (№355 студзень-люты 2008), абмежавалася 88 мовамі з колькасцю носьбітаў больш за 10 мільёнаў чалавек, сярод якіх фігуруе і беларуская мова. Невядома, паводле якіх крытэраў лінгвісты падлічвалі, напрыклад, колькасць носьбітаў, але па сумарных паказчыках беларуская мова заняла 32-е месца, аказаўшыся паміж курдскай і албанскай і апярэдзіўшы такія мовы як хіндзі (37-е), балгарскую (39-е), фарсі (40-е), урду (52-е), в’етнамскую (54-е) і украінскую (67-е). Застаецца дабіцца задавальнення патрабаванняў радавога Жалезнічэнкі аб нясенні вайсковай службы па-беларуску і родная мова ўзнімецца яшчэ на пару-тройку прыступкаў. А хтосьці казаў, што “мова гіне”...
Ш. Кагановіч “Беларуская Індымедыя”