Пераможная перамога пераможцаў

Чым далей ад тых гістарычных здарэнняў і чым менш застаецца сярод нас удзельнікаў Другой сусветнай вайны, тым больш нарастае патрыятычная гістэрыя і тым большай колькасцю фарбаў грае казачная міфалогія, выбудаваная вакол гэтай вайны за 71 год.

Сёння ў нашай краіне пануе аўтарытарны палітычны рэжым, які базуецца на кансерватыўных ідэялагічных перадумовах, большасць якіх скапіраваныя ад суседняй Імперыі і СССР. У канву гэтага светапогляду выдатна кладзецца цэлае сузор’е гістарычных міфаў і пачварных выдумак, датычныя да найвялікшай трагедыі ХХ стагоддзя – Другой сусветнай вайны, якая стала вялікім ударам, бойняй і мясасечкай для нашага народу, гэтаксама як і для іншых еўрапейскіх народаў.

Згодна з гэтай міфалогіяй, мы, беларусы, жылі ў больш-менш шчаслівай, моцнай, а галоўнае, мірнай краіне – СССР, на якую вераломна напала Імперыя Зла – нацысцкая Германія. Аднак у выніку тытанічных высілкаў народу, ягоных правадыроў і начальнікаў усе мы – савецкія людзі, і, у прыватнасці, беларусы, падняліся ў самаадданай барацьбе супраць захопнікаў, і адбілі ў іх сваю Радзіму, па дарозе вызваліўшы ад нацызму некалькі краін Еўропы. Усе жыхары БССР, як адзін, падняліся ў абарону Бацькаўшчыны – хто ў арміі, хто ў партызанскім руху. А ў вайне загінуў кожны 3-ці беларус.

Усё гэта нам убіваюць у галаву са школы, сцвярджаюць з экранаў тэлевізараў, пераказваюць у соты раз у «гістарычных» кніжках, смакуюць у газетных артыкулах. Перамога..! победа..! я помню..! я горжусь…! слава..!. не забудем..! І пачалося гэта, заўважым, не сёння, а яшчэ ў 60-я гады, са стварэннем савецкім кіраўніцтвам сапраўднага культу з перамогі над нацысцкай Германіяй — са сваім канонам, дагматамі і іканастасам.
Аднак, калі нам так настойліва з года ў год, з дзесяцігоддзя ў дзесяцігоддзе, прапануюць адну і тую ж версію здарэнняў, старана замоўчваючы, а тое і падвяргаючы астракізму ўсе альтэрнатыўныя пункты гледжання (у Расеі дык наўпрост патрабуюць саджаць за «фальсификацию истории»), то самы час задацца пытаннем: Qui prodest?

Старэнне гістарычнай свядомасці, якая б адпавядала патрэбам пануючага класу – значны аспект дамінавання ў ідэйна-палітычнай сферы, праз якое і ажыццяўляецца кантроль над насельніцтвам у любой дзяржаве. Мы, людзі 21-га стагоддзя — гістарычныя істоты, і тое, як мы ўсведамляем сваю гісторыю, у вялікай ступені ўплывае на тое, як мы будзем дзейнічаць у сучаснасці і будучыні. Наша ўлада успадкавала, і нават свядома пераняла ад СССР вялізную колькасць атрыбутаў: дзяржаўную сымболіку, назву устаноў, рыторыку першых асоб дзяржавы, структуру карнай сістэмы. А галоўнае – была перанятая савецкая ідэалогія, варожая да ідэй свабоды, да іншадумства, да ініцыятывы індывідуума, да ўсяго новага.

8019352-05

чэрвень 1941 года. Жыхары Львова шукаюць сваіх сваякоў сярод забітых. У першыя ж дні вайны НКВДшнікі, адступаючы ад нямецкіх войскаў, забілі ў турмах адной толькі Ўкраіны амаль 9 000 вязняў. Спяшаючыся, іх забівалі прама ў камерах, часам проста кідаючы гранату ў дзвярную фортку. Праз 4 гады чэкісты, якія гэта рабілі, усю вайну пераважна адсядзеўшыся ў тыле, будуць распавядаць нашчадкам аб тым, як яны перамаглі фашызм…

Сукупнасць гэтых ідэй дае на выхадзе патэрналізм, патрэбу ў «моцнай руцэ», ксенафобію, апалітычнасць, некрытычнасць успрыняцця рэчаіснасці, двудумства ў якасці сацыяльнай нормы. Цягам некалькіх пакаленняў культывацыя гэтых якасцяў прывяла да абыдлення народаў Савецкага саюзу, давяляла людзей да становішча запужаных рабоў у адным вялікім папраўчым лагеры пад чырвоным сцягам. У такой сістэме цалкам не важна, праўда ўкладаецца ў вушы насельніцтва, ці паўпраўда, ці нават самая цынічная хлусня. І таму нікога ўжо не цікавіць, што Сталін у верасні 1939 года выступіў у Другой сусветнай вайне на баку Гітлера. Што у тым жа годзе Вермахт і Чырвоная Армія праводзілі сумесныя вайсковыя парады ў Бярэсці і Львове. Што ва «усенародным уздыме» партызанскага руху удзельнічала не больш за 2,5% адсоткі насельніцтва Беларусі, і пераважная большасць людзей, знішчаных партызанамі – не нямецкія вайскоўцы, а цывільныя грамадзяне. Што за пазітыўныя адозвы аб нямецкім узбраенні чырвонаармейцы траплялі пад расстрэл па артыкуле «Восхваление немецкой техники». Што ў «вызваленай» СССР Германіі было згвалтавана больш за 1 мільён жанчын, і што ў краінах усходняй Еўропы адбываліся, — проста ў якасці помсты, — масавыя пакаранні смерцю мірнага нямецкага насельніцтва…

І ўсё гэта сёння называецца «перамогай над фашызмам»!

Не «вайна дабра са злом» — а бітва двух крыважэрных таталітарных рэжымаў. Толькі так мы, анархісты і антыаўтарытарыі, можам успрымаць тую вайну. Акрамя іншага, для беларусаў гэта была ў немалой ступені і грамадзянская вайна: дзясяткі тысяч людзей, чые родныя былі знішчаныя савецкай уладай, падаліся ў кіраўнічыя органы нямецкай улады і ўзброеныя структуры Вермахта; сяляне, што трапілі пад бязлітасны каток калектывізацыі, звязвалі з прыходам немцаў свае надзеі на вызваленне ад сталінскага ярма. Але расчараванне наступіла вельмі хутка… Прымусовыя працы, рабаванні, безматыўныя забойствы і карныя акцыі зноў зрабілі сялян ахвярамі і закладнікамі вайсковай машыны таталітарызму.

Сённяшнімі ахвярамі вайны можна назваць і яе ветэранаў, тых нямногіх, хто дажыў да сённяшняга дню. Яны, як і былыя салдаты Вермахта, былі кінутыя на ўбой і страцілі сваё здароўе і маладосць на ўдзел у мясасечцы двух дыктатур. Беларускія ж ветэраны за свае «заслугі перад Радзімай»і зараз вымушаныя жыць на жабрацкія пенсіі, ледзь наскрабаючы грошы на лекі і аплату кватэры. І ўсё гэта – пад громагалосныя воклічы дзяржаўных прапагандыстаў аб «окруженных заботой победителях» і сакраментальнае «спасибо деду за победу». У рэчаіснасці ж «пераможцы» вымушаныя глядзець, як 9 мая па вуліцах шпацыруюць бадзёрыя 60-гадовыя дзяды, увешаныя медалямі, і бачыць, што дзяржава ўзгадвае аб іх толькі тады, калі іх трэба выкарыстаць як козыр у чарговай прапагандысцкай кампаніі…

А што фашызм? Як жа ён? Хіба не быў пераможаны 71 год таму?

Фашызм, сябры, ён сярод нас. Яго немагчыма перамагчы ані аднымі толькі лозунгамі, ані адной толькі зброяй, ані забойствам якога-небудзь асобнага дыктатара. Фашызм атачае нас мянтамі-гвалтаўнікамі і чыноўнікамі, для якіх прэзідэнт «ледзь вышэйшы за Бога». Суддзямі, якія па тэлефонным званку даюць турэмныя тэрміны «палітычным» і абыякавасцю грамадства, якое ніяк не рэагуе на дзяржаўны гвалт. Георгіеўскімі стужкамі і размовамі пра «святую Русь». Адзіны спосаб не даць фашызму перамагчы – штодзень і штогадзіну памятаць, што ты чалавек, і быць верным прынцыпам гуманізму і ўзаемадапамогі, не маўчаць, калі бачыш несправядлівасць, не стаяць убаку, калі бачыш, як робіцца зло, падымаць сцяг барацьбы за свабоду і роўнасць паўсюль, дзе гэта магчыма. І калі полымя нашае барацьбы урэшце выганіць са сваіх нор агідных служкаў бесчалавечнай Сістэмы, тады толькі ўнукі са шчырым сэрцам змогуць сказаць пра нас: «Нашыя дзяды ваявалі!»

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Похожие записи

Начните вводить, то что вы ищите выше и нажмите кнопку Enter для поиска. Нажмите кнопку ESC для отмены.