Карцэр — спэцыяльная ізаляваная камэра для часовага адзіночнага ўтрыманьня асабліва непаслухмяных зьняволеных, свайго роду «турма ў турме». Ён ёсьць у кожнай пэнітэнцыярнай установе. З часу ўзьнікненьня сталінскіх лягераў у так званай «турмы ў турме» зьявіліся самыя розныя назвы — ШІЗА (штрафны ізалятар), ПКТ (памяшканьне камэрнага тыпу) і іншыя. Ёсьць такія спэцкамэры нават у так званых «крытых» турмах, куды ў якасьці пакараньня судовым рашэньнем звозяць з калёніяў найбольш непрымірымых да адміністрацыі «з/к». «Крыткі» лічацца асабліва суровымі вязьніцамі, сядзець там асабліва безнадзейна і цяжка. Тэрміны, колькі можна правесьці тут за адзін раз, абмежаваныя законам (ШІЗА — максымум 10 сутак, ПКТ — максымум паўгоду, «крытка» — максымум тры гады). Пасьля адседкі ў іх вязень вяртаецца ў звычайныя лягерныя ўмовы.
У адной з сваіх працаў францускі філёзаф Мішэль Фуко (1926-1984) заўважыў, што менавіта карцэр як найбольш жорсткая дысцыплінарная форма прымусу садзейнічаў канчатковаму фармаваньню турэмнай сыстэмы ды істотна пашырыў зьмест пакараньня. Яшчэ некалькі стагодзьдзяў таму галоўнай мішэньню судова-крымінальнай рэпрэсіі было чалавечае цела: чалавека публічна катавалі, забівалі, расчлянялі, кляймілі, выстаўлялі на публічны агляд жывога ці мёртвага. Але зь цягам часу пакараньне як відовішча паступова зьнікла. Яго працэдура стала найбольш схаванай часткай крымінальнага перасьледу, судзьдзі пачалі судзіць ужо не злачынства, а «душу» злачынцы. Паводле Фуко, у кожным разе растаптаная аднойчы чалавечая годнасьць, а самае галоўнае — унутраная згода чалавека з тым, што гэтую годнасьць нехта можа растаптаць назаўжды, выбівае яго з катэгорыі істотаў, якія могуць называцца чалавекам.
«Калі турма з кімсьці падзеленая, гэта ўжо напалову турма»
Сёньня Мікола Дзядок студэнт ЭГУ ў Вільні
Мікола Дзядок — пра сваё жыццё ў Вільні.
Былы палітвязень, анархіст Мікола Дзядок быў вызвалены летась пасьля пяці гадоў утрыманьня за кратамі: «Валадарка», Жодзіна, калёнія № 1 на Кальварыйскай у Менску, якой цяпер ужо няма, папраўчыя ўстановы ў Магілёве, Горках, Шклове, магілёўская «крытая» турма № 4. Недзе паўтара года агулам правёў у камэрах-адзіночках ШІЗА, ПКТ, «крыткі». Лічыць, што падобныя формы пакараньня грунтуюцца на ўмяшаньні ў асобу чалавека і ягонае права на ўласнае цела, на пачуцьцё ўласнай годнасьці:
«З аднаго боку, мая эгаістычная палова кажа: якога чорта я, які, калі верыць абвінавачаньню, разьбіў дзьве вітрыны, сядзеў у тых жа ўмовах, што і той, хто адрэзаў іншаму чалавеку галаву і згуляў ёю ў футбол ці згвалтаваў непаўналетнюю? Чаму нас ставяць у аднолькавыя ўмовы і прыроўніваюць адзін да аднаго?
Зь іншага ж боку, мая больш рацыянальная, разумная палова кажа: нават калі ты пасадзіш гэтага нелюдзя на ўвесь тэрмін у ШІЗА, у надзвычай кепскія ўмовы, дзе ён будзе пакутаваць дваццаць гадоў, ён жа ад гэтага лепшым ня стане. Наадварот. Бо ў такіх людзей — а іх сярод турэмнага насельніцтва недзе адсоткаў 20 — цалкам скалечаная псыхіка, вычварныя каштоўнасьці, якія ім, дарэчы, і былі навязаныя той жа турэмнай сыстэмай».
Каб нашы чытачы маглі дакладна ўявіць сабе сучасны беларускі штрафны ізалятар, Мікола Дзядок робіць кампутарны рысунак такой камэры. Найчасьцей яму даводзілася сядзець у вельмі малых памяшканьнях. Паводле памеру гэта недзе 1,3×2 м. Тут і нары, і рукамыйнік, і прыбіральня, прышрубаваныя да падлогі столік ды зэдлікі:
Чарцёж камэры-адзіночкі ў штрафным ізалятары Магілёўскай турмы
«Ёсьць і большыя камэры паводле памераў. Але ўсе яны падобныя паміж сабой, — кажа Мікола. — Паўсюль сьпіш на голых дошках, і паўсюль аднолькава холадна. Кожны вязень скажа, што па ШІЗА можна прайсьці ў сярэднім пяць крокаў з аднаго кута ў другі. І то ў выпадку, калі табурэткі не разьмешчаныя пасярэдзіне камэры, што зроблена, праўдападобна, наўмысна. У штрафных ізалятарах забаронена амаль усё: кніжкі, часопісы, газэты, лісты, папера з асадкай, перадачы, бандэролі, спатканьні, тэлефанаваньні… У душ выводзяць раз на тыдзень, і то на 15 хвілін. Вось так тупа сядзіш увесь дзень, акрамя ночы, бо ляжаць днём таксама нельга — гэта парушэньне правілаў распарадку і пэрспэктыва чарговага пакараньня».
Часам Міколу, паводле ягоных слоў, шчасьціла, і ён сядзеў у ШІЗА не адзін. Гэта калі ў калёніі здараўся міні-бунт і ізалятар засялялі па поўнай — недзе па два-тры чалавекі ў кожнай камэры:
«Вядома, гэта было лепш. Як сказаў Дзюма: калі турма з кімсьці падзеленая, гэта ўжо напалову турма. Калі ты не адзін — гэта ўжо цяплей целу. Да таго ж, калі пасьля працяглага маўчаньня ты зь некім размаўляеш, гэта ўжо лягчэй псыхалягічна…»
У параўнаньні з ПКТ ды «крыткай» у ШІЗА закрываюць на найкарацейшы тэрмін. Пасьля 2010 году, паводле закону, гэта сама больш 10 сутак.
«Але тут такі нюанс, — кажа Мікола, — калі ты нібыта нешта парушыў, ужо знаходзячыся ў ШІЗА, напрыклад, не зашпіліў той жа гузік, то табе разавае пакараньне ў 10 сутак могуць падоўжыць яшчэ на дзесяць, а потым яшчэ на столькі, і г.д. Кантралёр піша акт, які перадаецца начальніку атраду, і твой тэрмін у ШІЗА працягваецца.
Я, напрыклад, адседзеў 20 дзён запар, Яўген Васьковіч — 30. Са мной у адзін час сядзеў хлопец, якому тэрмін падоўжылі да 60 сутак. Таксама ведаў яшчэ аднаго «з/к», які бяз выхаду з ізалятару адседзеў 180 содняў — паўгоду. Пасьля гэтага ён выйшаў адтуль з цэлым букетам хваробаў.
Што да мэдычнай дапамогі ў ізалятары… Насуперак прапісаным правілам, калі лекар павінен двойчы на дзень абыходзіць ШІЗА, на практыцы — дзесьці ён увогуле не абыходзіць, дзесьці робіць абход раз на дзень. Што да якасьці дапамогі, то ў лепшым выпадку дадуць табе нейкі анальгетык, каб больш не дурыў ім галавы… Аднойчы мне было кепска ў сувязі з хранічнай хваробай. Прыйшоў фэльчар, я расказаў яму пра болі, а ён спытаўся: а мне што рабіць?
Здараліся выпадкі, калі вязьні ШІЗА нават учынялі суіцыд. Сам ведаю некалькі такіх выпадкаў».
«Устаноўка: ізалятары павінны быць запоўненыя»
Паводле Міколы, на ПК-17 у Шклове адносна ШІЗА дзейнічалі наступныя негалосныя правілы:
«У кожнай зьмены кантралёраў ёсьць плян: напісаць прынамсі два акты аб парушэньнях за час дзяжурства. Інакш яны атрымліваюць наганяй ад начальства ў тым ці іншым выглядзе. Падчас адной маёй адседкі там з 18–20 камэраў ШІЗА былі запоўненыя толькі дзьве. Для начальства гэта было надзвычайнае здарэньне. Амаль упэўнены, што падобнае было і на іншых зонах. То бок калі кантралёры за ўсю сваю зьмену так і ня ўбачаць парушэньняў, яны ўсё роўна напішуць два акты. Падставы — любая драбяза. У кагосьці абутак брудны. У кагосьці гузік незашпілены. Нехта рукі ў кішэнях трымае. Нехта лішні кавалак хлеба вынес са сталоўкі. Часам кантралёры могуць наўмысна правакаваць вязьня толькі дзеля таго, каб той ня вытрымаў і нагрубіў і каб па выніку напісаць на сядзельца акт ды накіраваць у ШІЗА».
Ці магчыма ўсё ж пазьбегнуць канфлікту з кантралёрамі ды атраднікамі? Ці ёсьць шанец адседзець немалы тэрмін за кратамі, каб на цябе не было складзена аніводнага акту? Наколькі часта трапляе ў ШІЗА сярэднестатыстычны ЗК? — пытаюся ў Міколы Дзядка.
«У мяне амаль не было нейкіх асабістых канфліктаў з прадстаўнікамі турэмнай адміністрацыі… Мяне „закрывалі“ ў сувязі зь існай разнарадкай КДБ. У той жа апэратыўны аддзел установы пэрыядычна тэлефанавалі і пыталіся: як там Дзядок? Ці ў ШІЗА ён, ці кантралюеце вы яго? Некаторыя супрацоўнікі казалі мне пра гэта адкрытым тэкстам: за табой кантроль, таму прабач, але мы мусім цябе закрыць. Многія кантралёры мне нават выказвалі свае спачуваньні…
Па сутнасьці, такая ўказка зьверху была і на іншых палітычных. Да палітвязьняў заўсёды падвышаная ўвага. Але, зразумела, ня толькі да іх. У любой зоне, а гэта недзе 1000 вязьняў, прыкладна ад 7 да 20 чалавек належыць да такіх, умоўна кажучы, дысыдэнтаў. Гэта тыя, хто або апантаны так званай блатной рамантыкай, або проста адстойвае свае правы і піша скаргі ў розныя інстанцыі. Людзі непрымірымыя паводле свайго характару, таксама былыя сядзельцы, якія ведаюць, як сябе паводзіць, на што ціснуць, каб дамагчыся нейкіх зьменаў у сытуацыі. Асабліва гэта тычыцца тых, хто сядзеў 10–15 год таму і памятае сілу розных турэмных пратэстаў. Усе гэтыя людзі і езьдзяць у ШІЗА, гэта яго сталыя кліенты. Яны пад няспынным кантролем. Найчасьцей іх судзяць за кратамі паводле арт.411, і яны заканчваюць свой тэрмін у „крытай“ турме або ў ПКТ — памяшканьні камэрнага тыпу».
«Вядома, сярэднестатыстычны вязень можа адседзець за кратамі ўвесь тэрмін — 10, 12, 15 гадоў — і ані разу ня трапіць у ШІЗА», — працягвае Мікола Дзядок.
Што гэта за людзі?
«Гэта нармальныя пакорныя беларускія людзі. Яны прызвычаіліся цярпець, моўчкі глытаць зьнявагі. Нічога ніколі не патрабуюць. З чалавека можа атраднік пры ўсім атрадзе зьдзекавацца, пасылаць яго на тры літары, а той будзе маўчаць. Вядома, такія ніколі не трапляюць у ШІЗА. Тым больш не кажу пра так званых „казлоў“. Гэта найбольш мярзотная катэгорыі асуджаных, але тым ня менш набліжаная да адміністрацыі: вычварэнцы-гвалтаўнікі, жорсткія забойцы зь вельмі і вельмі сумнеўным мінулым, да якіх за кратамі з боку ЗК могуць быць самыя розныя пытаньні. Гэтыя вырадкі даволі камфортна адседжваюць увесь тэрмін і, зразумела, ніколі не атрымліваюць ніякіх штрафных санкцыяў».
Алкаеў: «Я вельмі неахвотна ішоў на такія мэтады перавыхаваньня»
Служачы на Валадарцы, а таксама ў калёніі строгага рэжыму ў Навасадах, палкоўнік міліцыі Алег Алкаеў як начальнік меў паўнамоцтвы караць найбольш непакорных ЗК. У СІЗА — карцэрам, у папраўчай установе — штрафным ізалятарам ды памяшканьнем камэрнага тыпу. З дэпартамэнту выкананьня пакараньняў у Навасады досыць рэгулярна прыходзіла разнарадка на 10–15 месцаў у Гарадзенскай турме для асабліва злосных парушальнікаў рэжыму. У размове з нашай праграмай сп. Алкаеў кажа, што вельмі неахвотна ішоў на такія мэтады перавыхаваньня, бо нярэдка ўлада закону ператваралася ва ўладу адной асобы над іншай…
«Я калі ў СІЗА на „Валадарцы“ ў Менску працаваў, то самае вялікае пакараньне, якое даваў, — пяць сутак карцэру. Паводле закону дзесяць можна было, нікому дзесяць не даваў. Двое сутак, трое. Спачатку супрацоўнікі нават абураліся: а чаму так мала? Я кажу: ды яму і сутак досыць на вядры пасядзець. (Туалета не было, на жаль.) І ў мяне карцэры былі пустыя, я нікога не караў. Калёнія — гэта іншая справа. Гэта ня камэрная сыстэма, там больш свабоды. Там асуджаныя могуць і ў валейбол гуляць, і ў футбол… Зразумела, розныя парушэньні здараюцца.
Калі я працаваў начальнікам калёніі ў Навасадах, мне нават разнарадка прыходзіла: вам для асабліва злосных парушальнікаў даецца пятнаццаць месцаў у турму гарадзенскую. „Мудрыя“ людзі называюць яе яшчэ „крытая“ — можна падумаць, ёсьць адкрытая. У нас дзьве такія турмы — у Горадні і ў Магілёве. У Магілёве прасьцейшая, для ўпершыню асуджаных, а ў Горадні — там калі дзьве судзімасьці і больш, для „прафэсіяналаў“.
Я ніводнага чалавека не адправіў туды. Я праціўнік турмы. Патлумачу, чаму. Ёсьць у калёніі памяшканьне камэрнага тыпу, ПКТ называецца, і там умовы ўтрыманьня як у турме. Накіроўвае туды штрафнікоў начальнік калёніі. І там яны да шасьці месяцаў утрымліваюцца. І вось мне: на тры гады турмы трэба адправіць пятнаццаць зэкаў. Я кажу: мне ня трэба гэта, я дам чалавеку шэсьць месяцаў ПКТ, хай сядзіць у мяне, я буду перавыхоўваць. У чым розьніца? Калі асуджаны ў турму адʼяжджае, гэта яму працуе на аўтарытэт: ён у турме пасядзеў, у „крытцы“, як яны кажуць. А калі ён пасядзіць шэсьць месяцаў у мяне, яго ідыётам будуць лічыць, дурнем. Але такіх я ня бачыў. Яшчэ адзін-два былі, адседжвалі. Я мала каго саджаў, бо ўвогуле быў праціўнікам такога пакараньня».
«У Беларусі штрафнікі пакутуюць фізычна, а ў Нямеччыне псыхалягічна»
Стадыён турмы Landsberg. Тады таксама як і сёньня зьняволеныя гулялі ў футбол і іх аддзяляў ад волі толькі адзін плот
Менскі журналіст Васіль Сямашка, якому ў нулявыя давялося сядзець у турэмных установах Беларусі ды Нямеччыны, сам у штрафных ізалятарах ня быў. Але тыя, хто туды трапляў, пры сабе гэты досьвед не трымалі. Ад іх ён і ведае, што такое ШІЗА.
«Паўсюль падобныя ізалятары дзейнічаюць у мэтах пакараньня. Толькі ў адных краінах гэта мае задачу прынесьці вязьню цялесныя пакуты, а ў іншых — псыхалягічныя», — мяркуе Васіль.
Ён удакладняе: у Беларусі вязень часам сам мог пажадаць трапіць у ізалятар. У якіх выпадках? Калі камэра перапоўненая. Бывала, напрыклад, што ў сьледчым ізалятары ў Менску па два-тры чалавекі на месца, а на двары гарачае лета, у камэры душна. Таму ў карцэры, дзе заўсёды халодна, сядзець нашмат больш прыемна.
Але, канечне, гэта здараецца рэдка, каб нехта сам захацеў у штрафное памяшканьне. Бо, на думку журналіста, штрафныя ізалятары ў Беларусі існуюць для таго, каб прычыняць вязьню фізычныя пакуты. У ШІЗА вязьня зьмяшчаюць у турэмнай робе — няважна, зіма ці лета. Ацяпленьне слабое, нары ўдзень «прышпільваюць» да сьцяны, паляжаць немагчыма. Можна толькі прысесьці на маленькую табурэтку, яе называюць «пянёк». Але можна і пасядзець на падлозе, узгадвае былы вязень.
«У халодны час чалавек заўсёды ў руху, каб сагрэцца. Часьцей за ўсё ў штрафным ізалятары кормяць ежай бяз тлушчаў. Пасьля двух тыдняў чалавек вяртаўся адтуль у атрад даволі схуднелы. Асабліва трэба сказаць пра ўстанову УЖ 15/1, турму на Кальварыйскай у Менску. Яе ўжо зруйнавалі, аднак доўгі час яна лічылася адной з самых суровых у Беларусі. Штрафны ізалятар уяўляў зь сябе аднапавярховы барак у выглядзе літары „п“. У вуглавых камэрах узімку было вельмі холадна, тэмпэратура трымалася каля нуля. Як расказвалі, хто там пабываў, чалавек практычна ня спаў».
Трэба было ўвесь час рабіць фізычныя практыкаваньні, каб не замерзнуць.
Адрозна ад беларускіх ізалятараў, нямецкія выклікаюць у вязьня не фізычныя, а псыхалягічныя пакуты. Але сама мэта аднолькавая — пакараць. Можа быць і яшчэ адна мэта — каб вязень не зрабіў з сабой чаго небясьпечнага, мяркуе Васіль Сямашка:
«У Нямеччыне штрафны ізалятар — гэта часьцей за ўсё звычайная камэра, толькі вокны пафарбаваныя белай фарбай. Для тых, хто схільны да самагубства, на падлозе надзіманы матрац, а сьцены могуць быць абабітыя мяккай тканінай. І часам зьняволеных туды зьмяшчаюць без адзеньня. Даюць толькі трусы і пампэрсы для дарослых. Што цяжэй — фізычныя мукі ці псыхалягічныя — сказаць складана. Хоць, вядома, пасьля беларускіх турмаў турма ў Нямеччыне выглядае як санаторый дзіцячы».
За што?
У Беларусі ў ШІЗА можна трапіць за што заўгодна, — працягвае журналіст.
«Да прыкладу, мне расказвалі: у Жодзіне ўлюбёным заняткам адміністрацыі было чапляцца, што дрэнна нашараваны кранік, які меў уласьцівасьць адразу цямнець. А ў Нямеччыне падстава для ізаляцыі — канфлікты».
Сямашка: «Канфлікт са зьняволенымі або з супрацоўнікам турмы. Хоць часьцей гэта ўсё ж канфлікты паміж зьняволенымі. У нямецкай турме шмат іншаземцаў, прадстаўнікоў самых розных нацыянальнасьцяў. Як мне самому даводзілася назіраць, правакуюць канфлікты часьцей за ўсё так званыя „рускія немцы“, перасяленцы з былых краін СССР. І шмат у чым гэта адбываецца праз дурную блатную рамантыку. Начытаўшыся розных расейскіх кніжак кшталту „Записки бешеного“ (я сам уразіўся, калі ўбачыў у нямецкай турэмнай бібліятэцы ў Нюрнбэргу цэлую гару гэтай макулятуры), вязьні з былога СССР пачынаюць гуляць у „Архіпэлаг ГУЛАГ“ у „курортнай“ нямецкай турме. Правакаваць зьняволеных, паміж сабой учыняць бойкі. Часам могуць нахаміць наглядчыкам. Тыя спакойна выконваюць свае абавязкі, ветлівыя і карэктныя. Але ж „нашаму“ чалавеку прыемна паслаць яго на тры літары, лічачы, што немцы не разумеюць. І трапляюць у ізалятар».
У нямецкі ізалятар яшчэ трапляюць за наркотыкі. За гэта караюць вельмі шмат каго.
«Нярэдка бываюць спробы перадаць у турму наркотыкі. Напрыклад, кароткае спатканьне адбываецца ня так, як у беларускіх ці расейскіх турмах — праз шкло. Тут прыходзяць наведнікі, сядзяць за столікамі, як у кавярні. У куце — столік наглядчыка. І сяброўкі перадаюць пры пацалунку капсулу з рота ў рот. Калі ўзьнікае падазрэньне, зьняволенаму могуць зрабіць надгляд. А за наркотыкі — штрафны ізалятар».
Здараецца, наркотыкі перадаюць пасьпяхова. Але выявіць парушальніка няцяжка па паводзінах. Тады бяруць на аналіз мачу: калі ўжываў — ізалятар.
Абавязковая ўмова для швэдзкіх турэмнікаў: не наносіць вязьням фізычнай шкоды
Крыміноляг Даніэль — афіцэр швэдзкай турмы Karlskoga, якая належыць ў да клясы В(узмоцнены рэжым) і якую ў нас назвалі б зонай. Месьціцца ўстанова за 250 км ад Стакгольму. Вязьняў у ёй меней за 100. Большасьць трапіла за краты пад узьдзеяньнем алькаголю ці наркотыкаў.
Паводле Даніэля, хоць швэдзкая турэмная сыстэма мае рэпутацыю адной з самых гуманных у сьвеце, штосьці кшталту ШІЗА ёсьць і ў тамтэйшых установах. У турме Karlskoga ізалююць ад іншых асуджаных тых кліентаў, якія могуць прычыніць некаму шкоду. Наша размова адбылася непасрэдна пасьля экскурсіі па гэтай установе.
«Вы цяпер назіраеце вельмі спакойную карціну. Аднак турма ёсьць турма, сюды трапляе нямала агрэсіўных людзей, якія не жадаюць падпарадкоўвацца ніякім правілам. Пару гадоў таму ў нас была сапраўдная бойка паміж вязьнямі. Такія канфлікты нельга выключаць і надалей.
Каб сьцішыць бунт, выклікаем спэцатрад. Парушальнікаў ізалюем, часам накіроўваем у іншыя турмы з больш жорсткім рэжымам. Калі размова ідзе пра дзеяньні вязьняў-адзіночак, тых, хто мае алькагольную ці наркатычныю залежнасьць і ў такім неадэкватным стане можа нанесьці некаму шкоду, у тым ліку і самому сабе, то мы ізалюем іх ад іншых вязьняў у гэтай жа турме.
Найчасьцей яны прыбываюць да нас не зь СІЗА, а з дому. Адразу пасьля суду яны ў неадэкватным стане. Таму, каб не ствараць вялікага псыхічнага стрэсу для астатніх сядзельцаў, прадухіліць розныя небясьпечныя канфлікты, мы адразу накіроўваем іх далей ад іншых, у ізалятар…
З гэтымі кліентамі працуюць нарколягі, псыхіятры ды супрацоўнікі турмы. Усе нашы афіцэры прайшлі адмысловую падрыхтоўку, як паводзіць сябе з такімі кліентамі. Абавязковая ўмова: не ўступаць зь вязьнямі ў рукапашны бой і не наносіць ім фізычнай шкоды.
За пяць гадоў працы мне самому толькі аднойчы давялося заламаць руку чалавеку, які спрабаваў нанесьці шкоду ўласнаму здароўю. Калі ўлічыць, што сярод нашых кліентаў ёсьць людзі, схільныя да суіцыду, мы абсталёўваем ізалятары такім чынам, каб тыя не маглі ўчыніць суіцыд.
Як правіла, суіцыдальныя выпадкі найчасьцей здараюцца праз павешаньне. Таму ў такіх камэрах няма за што зачапіць вяроўку. Такім кліентам мы не выдаём прасьціны, а ўсе шнуры схаваныя за спэцыяльным шклом».
Як анархіст Мікола Дзядок праціўнік любых турмаў, а тым больш «турмаў у турмах», нават такіх лібэральных як у заходнеэўрапейскіх краінах. Зразумела, час закрываць турмы настане ня хутка. Але тое, што адзін чалавек можа пазбаўляць свабоды іншага — гэта ў доўгатэрміновай пэрспэктыве, на яго думку, прыносіць толькі негатыўныя наступствы.
Слухаць:
Крыніца: http://www.svaboda.org/a/pra-prava-viaznia-na-ulasnuju-dusu-i-ciela/28082080.html
1