Палітычная навука традыцыйна разглядае анархізм як адну з разнавіднасцяў сацыялізму, працягваючы, у адпаведнасці з шаблонамі 2-й паловы ХІХ ст., падзеляць усе палітычныя ідэалогіі на 3 групы: сацыялізм, лібералізм, кансерватызм. Але гэта ў корні няверна: анархізм павінен разглядацца як цалкам самастойная палітычная ідэалогія, і на тое есць мноства прычын, асноўная з якіх наступная: анархізм не мае на ўвазе захоп дзяржаўнай улады для таго, каб быць пераўтвораным у жыццё.
Выдзяліўшыся з сацыялізму ў 1872 годзе, з выключэннем Бакуніна з І Інтэрнацыяналу, анархізм працягнуў аддаляцца ад сацыялізму літаральна ва ўсім: у рыторыцы, задачах, метадах і маральна-філасофскіх устаноўках. У той час як ужо да пачатку ХХ ст. мэйнстрымам у сацыялістычным руху стала рэфармісцкая сацыял-дэмакратыя, што была арыентаваная на заваяванне сац.-дэм партыямі месцаў у афіцыйных органах улады, анархізм працягваў настойваць, што адзінымі органамі ўлады могуць быць толькі свабодныя саветы працоўных, што дзейнічаюць на прынцыпах прамой дэмакратыі і ніколі не адракаўся ад пастулату: усе трансфармацыі грамадства а ў гэтым напрамку павінны адбывацца рэвалюцыйным шляхам, знізу, а не па ўказцы нейкіх партый ці элітаў, няхай нават самых «працоўных».
Канчатковы разрыў паміж анархізмам і сацыялізмам аформіўся ў 1917-1921 годах у Расеі а потым яшчэ больш замацаваўся ў здарэннях Грамадзянскай вайны ў Гішпаніі ў 1936-39, калі анархізм і сацыялізм уступілі ў прамое супрацьстаянне з-за супярэчнасці не толькі сродкаў але і мэт.
Расейскія анархісты П.Аршынаў і В.Волін ужо ў 1920-1930х у сваіх працах адракаліся і адмяжоўваліся ад сацыялізму, толькі час ад часу дадаючы да яго эпітэт «дзяржаўны», маючы на ўвазе пад недзяржаўным сацыялізмам анархісцкі грамадскі лад.
Сёння паміж анархізмам і сацыялізмам ляжыць пустэча, якую ў прынцыпе наўрад ці можна пераадолець. Сацыялізм па-ранейшаму прадстаўлены мэйнстрымам у выглядзе партый, што арыентаваныя на захоп дзяржаўнай улады, усё адрозненне якіх ад ліберальных і кансерватыўных складаецца ва ўзмацненні ролі дзяржавы ў эканоміцы, а таксама, ў выглядзе невялікага электаральнага бонусу, надзялення шэрагу меншасцяў некаторымі правамі, якія раней адсутнічалі (напрыклад амаль усе левыя партыі абяцаюць дазволіць гей-шлюбы). Рэвалюцыйны сацыялізм, у сваю чаргу — маргінальная плыня, што прадстаўленая мааісцкімі, трацкісцкімі і сталінісцкімі групоўкамі, якая выступае за пераход да камунізму, зноў жа, пры ўмовах захопу самімі рэвалюцыянерамі ўсіх рычагоў кіравання дзяржавай.
Анархізм, у сваю чаргу, сёння прадстаўлены, як мінімум у двух іпастасях: культурна-філасофскай і сацыяльна-палітычнай. Першая крытыкуе капіталізм і дзяржаву больш за насаджэнне ў грамадстве культу спажывання, за падаўленне творчых імпульсаў і спантаннасці чалавека. Прадстаўленая яна пераважна субкультурнымі рухамі і творчымі ініцыятывамі, што выступаюць за альтэрнатыўны лад жыцця, радыкальнымі адгалінаваннямі фемінісцкага альбо экалагісцкага руху. Многія з гэтых груп і рухаў называюць сябе не анархісцкімі а «антыаўтарытарнымі», «левымі» альбо ўвогуле ніяк не называюць, але з’яўляюцца менавіта анархісцкімі па сваёй рыторыцы і філасофіі.
Другая іпастась – арганізацыі і групы рэвалюцыянераў, якія ставяць акцэнт на класавай няроўнасці, эксплуатацыі працоўных і сацыяльнай несправядлівасці. Яны сыходзяць з прынцыпаў класавай барацьбы, вядуць прапаганду ў калектывах працоўных, на сходах, рухах і аб’яднаннях людзей, дзейнічаюць сумесна з імі для абароны сваіх правоў, удзельнічаюць у вулічных акцыях, высоўваюць лозунгі радыкалізацыі барацьбы працоўных.
У рамках пэўных дыскурсаў дзве гэтыя іпастасі, вядома, перакрыжоўваюцца – анарха-камуністы – прыхільнікі класавай барацьбы гэтаксама крытыкуюць дыскрымінацыю жанчын альбо спажывецкае грамадства, прыхільнікі больш «творчай» плыні таксама ўдзельнічаюць у вулічных акцыях.
Такім чынам, палітычная (г.зн. тая, што мае дачыненне да ўлады) сфера з’яўляцца толькі адной са сфер дзеяння анархізму. Але нават у ёй анархізм, у адрозненні ад сацыялізму, мае на ўвазе не барацьбу за ўладу, якую, нібыта, трэба аддаць ягоным прыхільнікам, каб Анархія наступіла, а перадачу ўсёй паўнаты ўлады органам народнага самакіравання, што будзе азначаць спыненне існавання ўлады ў том выглядзе, у якім яна ёсць зараз.
Мікола Дзядок
Вясна 2015