Гвалт у калоніях набірае абароты

Як стала вядома журналістам, 15 студзеня ў Шклоўскай калоніі нумар 17 павесіўся вязень: 26 гадовы Міхаіл Тарасевіч. Аб прычынах самагубства невядома, адміністрацыя, як заўсёды, скрывае факты і падрабязнасці. Вядома толькі, што да гэтага вязень некалькі год адсядзеў на турэмным рэжыме (у гэтак званай «крытай»), як «злосны парушальнік», бо адказваўся падпісваць паперы аб паслухмяных паводзінах, якія падпісвае абсалютная большасць вязняў. Але праз некаторы час ён іх падпісаў і яго вярнулі ў Шклоўскую калонію. Тым не менш там ён ізноў патрапіў у ПКТ (Памяшканне камернага тыпу), дзе, як паведамляецца, яму зноў пачалі пагражаць адпраўкай у турму. Тады ён і здзейсніў самагубства: удавіўся, зачапіўшы вяроўку за батарэю. Ён адбываў 12-гадовы тэрмін паводле артыкулу за забойства.

Падобная навіна прыйшла і з ПК-13 горада Глыбокае — з той розніцай, што там вязень не пазбавіў сябе жыцця. Як паведамілі журналістам сваякі 32-гадовага Аляксандра Лагвіненка, ён быў збіты супрацоўнікамі адміністрацыі за канфлікт з «заўгасам» (зэкам, які пастаўлены адміністрацыяй на кіруючую пасаду). Прычынай канфлікту сталі паборы: заўгас патрабаваў ад вязняў плаціць яму за пастаноўку «галачак» за працу. Аляксандр канфліктаваў з заўгасам двойчы: адзін раз пабіўся, другі раз — толькі на словах. Пасля другога разу супрацоўнікі адміністрацыі вывелі яго і збілі проста перад строем. «Мае ногі сінія ад каленяў да пояса» — перадае яго словы сястра Вікторыя.
Аляксандр адбывае тэрмін па артыкуле 328 КК РБ «Распаўсюд наркатычных сродкаў».

«Брат расказваў, што ў іх сьмерці здараюцца рэгулярна. Да жыцьця чалавека там ставяцца вельмі лёгка: сышоў — туды табе і дарога. Улетку на дрэваапрацоўчай вытворчасці загінуў хлопец — у яго літаральна ўваткнуўся востры кавалак дошкі, які адскочыў ад станка. Памёр на вачах іншых вязняў. Супрацоўнік адміністрацыі толькі памяняў яму абутак на казённы — каб для правяраючых выглядала, што ён працаваў без парушэнняў формы адзення. А як год пачаўся, другі вязень скочыў у вакно і разбіўся — таксама аднеслі на няшчасны выпадак. Дагэтуль у адной камэры чалавек ляжыць з апошняй стадыяй раку, памірае, але рэальнай дапамогі ніякай не атрымлівае. Акрамя парацэтамолу, які даюць ад усіх хваробаў, там больш нічога не дапросісься», — кажа Вікторыя Лагвіненка са слоў брата.

У абедзвюх выпадках звароты родных у афіцыйныя структуры пакуль не далі ніяакга плёну.

Адзначым, што ў верасні 2016 года Лукашэнка запатрабаваў стварыць для «наркагандляроў» (адмыслова бяром гэтае слова ў двукоссі, бо не давяраем вызначэнням карных органаў і іх прысудам) такія ўмовы ў калоніях, «каб яны смерці прасілі». Пасля гэтага рэзка падскочыла колькасць зваротаў сваякоў вязняў да журналістаў і праваабаронцаў у сувязі з чарговымі актамі гвалту і бязмежжа ў турмах і зонах.

Аднак практыка паказвае, што самым эфектыўным інструментам барацьбы з праізволам адміністрацыі з’яўляюцца адкрытыя пратэстныя выступы, найпажадана — радыкальныя. Уся гісторыя турэмнай сістэмы дэманструе, што толькі пасля іх карныя органы спыняюць гвалт і палягчаюць арыштантам нялюдскія ўмовы ўтрымання. Нажаль, у беларускіх турмах пакуль мае месца толькі індывідуальныя акты пратэсту, альбо жэсты адчаю, такія, як у вязня шклоўскай калоніі Міхаіла Тарасевіча.

Крыніцы: http://www.svaboda.org/a/28239691.html
http://nn.by/?c=ar&i=183818

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.