Смерць салдата ў Печах: «самагубства» з гематомамі

3 кастрычніка Аляксандра Коржыча знайшлі павешаным у вайсковай частцы пад Барысавым, дзе ён праходзіў тэрміновую службу. Паводле афіцыйнай версіі, ён здзейсніў суіцыд. Блізкія 21-гадовага Аляксандра перадалі журналістам фотаздымкі цела загінулага, на якім відаць вялікія гематомы. Сям’я і сябры не вераць у афіцыйную версію і дабіваюцца расследавання.

Родныя і сябры Аляксандра зараз збіраюць усе магчымыя доказы таго, што той не збіраўся накладаць на сябе рукі, а таксама факты пра тое, што ў ягонай часці была дзедаўшчына.

Як распавёў Сяргей Дзяцел, блізкі сябра загінулага, да войска Аляксандар Коржыч працаваў на станцыі тэхнічнага абслугоўвання, рамантаваў аўтамабілі. Суразмоўца кажа, што Аляксандр вельмі любіў аўтамабілі і добра разбіраўся ў іх. Перад сыходам у войска ён прадаў сваю машыну, каб па вяртанні купіць іншую.

Аляксандар Коржыч быў адзіным дзіцём у сям’і, найбліжэйшай, апроч бацькоў, яму была стрыечная сястра, з мужам якой размаўлялі журналісты:

«Яму ад войска ўвесь час адтэрміноўкі давалі, у яго былі праблемы з сэрцам. А апошні раз выдалі позву, прызналі годным. Ён сказаў, што бегаць не будзе, адслужыць гэтыя паўтара года, і не будзе ніякіх праблем.

Апошнія гады я з ім зблізіўся, ён стаў больш дарослы, усім дапамагаў, хто да яго звяртаўся, і мне дапамагаў. Ён ніколі не адмовіў нікому. Трэба некуды паехаць хоць уначы — без праблемаў».

Немалаважная дэталь: з карткі Аляксандра Коржыча ў час яго службы здымалі грошы ў розных гарадах

«Калі ён сыходзіў у войска, то з сабой узяў банкаўскую картку. На ёй было каля 500 рублёў. Усё выявілася таму, што гэтая банкаўская карта была прывязаная да ягонага айфона, які ён пакінуў у сябра перад сыходам у войска. У прыкладанні на тэлефоне было бачна, што з гэтай карты ўсё здымаецца і здымаецца, і, у прынцыпе, зараз гэта можна ўжо поўнасьцю ўсё адсачыць. Зняцьцё грошай адбывалася ў розных месцах — і ў Жодзіне, і ў „Барысаў-Арэне“, і ў Менску.

Ужо потым выявілася, што ўвесь час яму пераводзілі грошы — сваякі і сябры. Ён тэлефанаваў і прасіў у каго 30 рублёў, у каго 50. Але ў той час ніхто не ведаў, што так шмат іх пераводзіцца. У яго было на карце 500 рублёў, і дзесьці 400 яшчэ накідалі сябры. Ну вось — дзесьці 900 рублёў за 4 месяцы ў яго „пайшло“.

Нам пасьля ўжо распавялі іншыя салдаты, што суткі знаходжаньня ў гэтай частцы, каб цябе не білі, „каштуюць“ 15 рублёў. Гэтыя грошы трэба плаціць сяржантам. Куды далей гэтыя грошы сыходзяць, ніхто н ведае.

Калі мама да яго ездзіла, то ён ёй распавядаў, што грошы вымагаюць. Пра фізычны гвалт не казаў. Здавалася, усё было нармальна, але апошнія два тыдні да смерці ён перастаў тэлефанаваць зусім. А калі і тэлефанаваў, то з нейкіх чужых тэлефонаў. Пасля таго, як знайшлі яго мёртвым, пры ім тэлефону не было. А ягоны тэлефон апынуўся ў аднаго з сяржантаў. Гэта мне сказаў камандзір, калі мы з ім гутарылі. У ліставанні з сябрамі ён паведамляў, што яму 4 тыдні заставалася да пераводу ў Слонім, казаў, што гэтыя 4 тыдні датрывае і перавядзецца адтуль».

«Яго не маглі знайсці»

«Яны яго не маглі знайсьці, ён знік, і яны яго шукалі 5 дзён па частцы. 26 верасня яго выпісалі з мэдроты, а пра ягоную сьмерць паведамілі 3 кастрычніка. Мы задавалі пытанне, чаму нічога не паведамлялі сваякам за гэтыя дні, нам сказалі, што ў мэдроце думалі, што ён ужо ў частцы, а ў частцы думалі, што ён яшчэ ў мэдроце.

Нам не хацелі паказваць цела. Калі мы прыехалі ў Барысаў, першае пытанне, якое нам задалі, — «як вы так хутка змаглі дабрацца?» Мы 410 кілямэтраў праехалі за тры гадзіны. Маме патэлефанавалі дзесьці ў 21.40, яна патэлефанавала нам, прыехалі сябры яго, і мы праз хвілін трыццаць ужо выехалі. І прыехалі ў 2.30 ночы. Яны нас не чакалі. Яны ведалі, што бацька Сашы не жыве з мамай, ведалі, што мама адна.

Нас запрасіў адзін з камандзіраў. Усе апускаюць вочы долу. Ніхто нічога не тлумачыць. Нам казалі, што едзьце, маўляў, дадому, мы яго прывязем. Мы запярэчылі, што ня зедзем, пакуль нам яго не пакажуць. Уначы нам не паказалі ані яго, ані месца, маўляў, працуе Следчы камітэт. Мы заначавалі ў Барысаве і запатрабавалі раніцай, каб нам паказалі яго. Нам паказалі яго толькі а 17-й гадзіне».

«На галаве ў яго крывападцёк, і нейкія незразумелыя нібыта тоненькія адтуліны, як быццам яго шылам ці нечым такім калолі.

Ананімны вайсковец паведаміў, што яго знайшлі павешаным са звязанымі нагамі і на галаве было нешта кшталту балаклавы — у іх гэта называецца «сабачая сьмерць». Накідваецца рэмень, які зацягваецца на шыі, а расцягнуць яго немагчыма, таму што такі мэханізм там.

Я сам доктар, калі паказалі яго, першае пытаньне да судовага мэдыка было, чаго такая странгуляцыйная баразна. Калі чалавек сам вешаецца, яна не можа быць аднолькавай па ўсёй акружнасці. Калі ж чалавека душаць, у яго атрымоўваецца завершаная странгуляцыйная баразна. А калі чалавек вешаецца, яна больш выяўляецца сьпераду, а ззаду — меней, таму што ціск ззаду меншы.

Потым, калі запыталі ў следчага, каб патлумачыў, што здарылася, ён нам адказаў, што тут і тлумачыць няма чаго — гэта суіцыд».

Выпадкі гвалту, суіцыдаў і вымагальніцтваў у сталі нормай, але відаць, што толькі невялікая іх частка даходзіць да грамадскасці. (https://pramen.io/ru/2016/08/na-pogranzastave-v-grodnenskoj-oblasti-zastrelilsya-pogranichnik/

https://pramen.io/ru/2016/12/naviny-z-belaruskaj-armii-dzyadou-asudzili-za-zdzek-z-sasluzhyutsau/

https://pramen.io/ru/2016/08/ocherednoe-samoubijstvo-v-armii/ )

Замкнёны іерархічны калектыў і аўтарытарныя каштоўнасці, што насаджаюцца армейскай сістэмай, непазбежна прыводзяць да гвалту і здзекаў, што хаваюцца за нейтральнай афіцыйнай фармуліроўкай «неуставные отношения». І пакуль іерархія і права моцнага будуць дамінаваць у свядомасці грамадства, а закрытыя ўстановы будуць пазбаўленыя ўсялякага грамадскага кантролю, іх ахвярамі будуць надалей рабіцца маладыя жыцці. А прадажныя судмедэксперты і следчыя працягнуць ставіць дзяжурны дыягназ: «суіцыд».

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Похожие записи

Начните вводить, то что вы ищите выше и нажмите кнопку Enter для поиска. Нажмите кнопку ESC для отмены.