Дзень Волі: для кожнага свой

Падзеі 25-га сакавіка ў Мінску выразна прадэманстравалі дзве рэчы. Першая — гэта няздольнасць апазіцыі не тое што ісці да пераменаў, а нават проста прымусіць дзяржаву лічыцца з сабой. Другая — здольнасць улады выкарыстоўваць апазіцыю для сваіх мэт.

На дазволены канцэрт з выразна нацыяналістычнай афарбоўкай ля Опернага тэатру сабраў даволі вялікую колькасцю людзей. Па розных адзнаках: ад 20 да 40 тысяч чалавек. У той час пакуль адна частка умоўнай апазіцыі — памяркоўная і дамоваздольная — весялілася і танчыла, іншую частку — тую, якая хацела пратэставаць а не святкаваць — цягалі за валасы, валаклі ў аўтазакі і здзекваліся ў ІЧУ. Тут можна было б вінаваціць уладу, але яна ўсяго толькі робіць сваю паскудную і звычную справу, таму віна ў тым што адбылося — выключна за апазіцыяй, якая дазвлоліла сябе раскалоць падачкамі і элементарнай тактыкай бізуна і перніка.

І тут важны другі момант: тое, што ўлада дазволіла дзясяткам тысяч людзей сабрацца на Оперным і крычаць «Жыве Беларусь!» гэта не заслуга барацьбітаў, якія сілай адваявалі сваё права на мірныя сходы, а вынік палітычнай кан’юнктуры. Год таму на 25-е ўладзе былі непатрэбныя такія сходы, і яны былі разагнаныя з максімальнай брутальнасцю. Зараз яны патрэбныя — і ўлада пайшла на саступкі. Не пад ціскам — а для ўстойлівасці самой сябе. Лукашэнка імкнецца вырасціць праслойку, якая, хоць і будзе непрыязная да яго, але будзе, у выпадку чаго, бараніць незалежнасць Беларусі — а значыцца, і ягоную ўладу. Важны і знешнепалітычны фактар. З аднаго боку — паказаць Расіі, якога «дракона» ён трымае на прывязі, і вытаргаваць такім чынам яшчэ больш крэдытаў. З іншага боку — паказаць Еўропе: «Вось жа, нармальнай апазіцыі мы даем збірацца!», парыруючы абвінавачанні ў абмежаванні свабоды сходаў.

ЧЫТАЙЦЕ ТАКСАМА: Кожны дзень барацьбе а не свята раз у сто год

У астатнім жа ўлада працягвае паказваць, хто ў доме галоўны. Свята? Калі ласка, але толькі праз дазвол, бюракратыю, відэаздымкі, металашукальнікі і кардоны АМАПу. Нават дробныя адвольныя затрыманні людзей з нацыянальнай сімволікай на Нямізе служылі той жа мэце: «святкуйце, але не забывайцеся!». З прыблізна 50-ці затрыманых па краіне амаль усіх адпусцілі: як заўжды, за выключэннем тых, хто «качаў правы» у РУУСах, адмаўляўся здаваць адбіткі пальцаў і гэтак далей. Старая гульня: пакорным — міласць, упартым — пакаранне, мусіць выхоўваць з усіх, хто гэта назірае, запужаных і паслухмяных жывёл.

А перамены, не кажучы ўжо аб рэвалюцыі будуць магчымымі толькі тады, калі большасць беларускага грамадства будзе салідарызавацца з непакорнымі. А не з тымі, хто пад прыкрыццём палітычнай мэтазгоднасці вядзе дыялог з катамі і забойцамі.

Д.В. для pramen.io

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Похожие записи

Начните вводить, то что вы ищите выше и нажмите кнопку Enter для поиска. Нажмите кнопку ESC для отмены.