Кожны дзень барацьбе, а не свята раз у сто год!

Апошнім часам вялікая частка прагрэсіўнага беларускага грамадства пільна сачыла за падрыхтоўкай да святкавання стагоддзя абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі. Многія заўважылі, што беларускія анархісты ігнаруюць гэтую дату. І вось чаму.

 

Вызваленне праз дзяржаву?

Анархісты ніколі не лічылі, што вызвалення можна дасягнуць праз стварэнне дзяржавы. Кароткае і абмежаванае існаванне БНР не дазволіла ёй пакінуць за сабой негатыўны ўплыў і гістарычны бэкграўнд, які есць ва ўсіх астатніх дзяржаў, але несумненна, што, як і любая дзяржава, БНР прагнула паўнавартаснай улады над лёсамі людзей і кіравалася абмежаваным колам асобаў – што ўжо несумяшчальна з ідэямі сапраўднага народаўладддзя. Наўрад ці хто-небудзь будзе адмаўляць, што дзяржава існуе для кантролю і кіравання, таму неверагодна абсурднай выглядае ідэя пазбавіцца ад аднаго прыгнёту праз стварэнне іншага. А значыць, аб сапраўднай Волі ў дзень стварэння дзяржавы гаворкі быць ня можа. Нават самая дэмакратычная ўлада ўсё роўна будзе трымаць кантроль над сітуацыяй у сваіх руках.

Ідэал анархістаў – прамое народаўладдзе праз саветы і асамблеі, і сацыялізацыя сродкаў вытворчасці. Нічым гэтым БНР не адзначылася.

 

Свята замест змагання

Улада гатова дазволіць нам святкаванне 8 сакавіка, 1 траўня, 7 лістапада, зараз і 25 сакавіка. Усе гэтыя даты звязаныя з палітыкай і эпізодамі змагання, у тым ліку супраць дзяржавы. Чаму так адбываецца? Спрацоўвае старадаўняя прыказка: калі не можаш зламаць змаганне, трэба яго ўзначаліць. Знішчыць першапачатковы сэнс, змяніць усе палітычныя патрабаванні на культурніцка-забаўляльныя ды спартовыя святкаванні. Не дарма ўлады трацяць вялікія грошы на розныя Базары ды Дажынкі. Набыў каляровую стужку, з’еў дранік і табе падаецца, што перамены хутка адбудуцца самі сабой. Ня трэба больш хвалявацца, ня трэба нічога рабіць. Вопратка з Че Геварай ці вышыванка заменяць неабходнасць барацьбы. Накірунак узгоднены, рэформы хутка адбудуцца. Можна забыць пра палітвязняў, зніклых людзей і тое як дзяржава залазіць нам у кішэню. А ўдалыя СМІ і аналітыкі распавядуць, што ва ўладзе вядуць рэй «рэфарматары» і праз пацяпленне з Захадам хутка будзе новая лібералізацыя. То навошта бунтаваць, верна?

Анархісты лічаць, што замест дазволеных і ўзгодненых святкаванняў мы мусім браць і ажыццяўляць свае правы на свабоду сходаў і свабоду слова, на годнасць і кіраванне ўласнымі жыццямі.

ЧЫТАЙЦЕ ТАКСАМА: Супраць нацыяналізму

 

Знішчэнне сацыяльнай павесткі

Выразны прыклад эфектыўнасці тактыкі «падзяляй і уладар» ўлада прадэманстравала напярэдадні: шэсце пад пратэстнымі лозунгамі было забаронена. А вось канцэрт – з цэнзурай, асабістым даглядам, пад прыцэлам відэакамер і зоркіх вачэй АМАПаўцаў – калі ласка. Аб тым як пад маркай «мяккай беларусізацыі» кааптуюцца нацыяналістычныя лозунгі апазіцыі, і проста на вачах ідзе перафарбоўванне рыторыкі Лукашэнка з чырвона-зялёнай у бел-чырвона-белую, варта пісаць асобна. Але відавочна: сілавікі ізноў удала падзялілі пратэстную супольнасць на «канструктыўных» (тых, з кім можна дамовіцца і для каго незалежніцкая рыторыка важнейшая) і «радыкалаў» — тых, для каго Дзень Волі гэта перш за ўсе пратэст, а потым ўжо свята.

Можна заключыць, што ў 2018-м годзе палітычная аперацыя па чарговым расколе апазіцыі была праведзеная ўладай «на ура». Радыкальная частка – абясшкоджаная арыштамі напярэдадні Дня Волі (на 24-е чысло затрымана ўжо больш за 10 чалавек), «памяркоўныя» фактычна ніяк на гэта не зрэагавалі.

Анархісты лічаць, што такія рэчы, як забарона прыватных маршрутак, новыя спагнанні з тунядцаў, рост тарыфаў на ЖКП і кошту праезду ў грамадскім транспарце, забарона незалежных СМІ, мянтоўскае бязмежжа і штодзённы прэсінг палітвязняў – есць штодзённыя праблемы, якія стаяць у поўны рост зараз. Зараз, а не сто гадоў таму! Таму бязглузда і недальнабачна ставіць чарка-шкварачныя забавы у галоўную павестку дня, а сацыяльную палітыку засоўваць у дальні кут, яднаючыся з уладай тады, калі ёй гэта карысна.

Толькі змаганнем можна дасягнуць таго, каб было што святкаваць. Набыццё свабоды магчыма толькі праз штодзённыя высілкі і змену культурных арыенціраў: з пакоры на супраціў, з памяркоўнасці – на прынцыповасць, з маўчання – на актыўнасць.

Немагчыма казаць пра свята незалежнасці, калі тысячы год наш народ быў залежны то ад князёў, то Радаў, то ад камісараў, то ад прэзідэнтаў. Аднак разуменне ўласнай годнасці і прага да вызвалення змогуць сапраўды зрабіць для вас кожны дзень Днём Волі.

Разынка Булкін для pramen.io

Кожны дзень барацьбе, а не свята раз у сто год!: 2 комментария

  • 24.03.2018 в 16:11
    Permalink

    Отличная статья, автору респект! И написана хорошо)

    Ответ
  • 24.03.2018 в 18:04
    Permalink

    Хорошо, что в этот раз достаточно коротко. Больше людей до конца дочитает.

    Ответ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *