Турэмная медыцына ў Беларусі: ад зэка у коме чакалі ўцёкаў

31-гадовы Кірыл Місюк зь Менску стаў інвалідам першай групы падчас зняволеньня. Ён захварэў у папраўчай калёніі № 22. Потым яго перавялі ў Рэспубліканскую бальніцу для асуджаных Менскага сьледчага ізалятара № 1 (Валадаркі). А 21 сьнежня стала вядома, што Кірыла зноў накіравалі ў мэдчастку калёніі № 22.

Кірыл хварэе ўжо год і чатыры месяцы, цяпер перамяшчаецца на інвалідным вазку. У датэрміновым вызваленьні яму адмаўляюць.

49-гадовая маці Кірыла Вольга Місюк, якая працуе ў адным з менскіх гатэляў пакаёўкай, кожны чацьвер ходзіць на прыём да турэмных лекараў на «Валадарку», каб даведацца пра стан здароўя сына. Ён у яе адзін, мужа няма. Тыдні два таму яна мела з сынам кароткае спатканьне (доўгіх у лякарні не даюць).

«Яго прывезьлі ў вазку. Ён у пампэрсе — страчаная адчувальнасьць. Тварык быў такі, калі мяне ўбачыў, — распавядае яна Свабодзе. — Я так зразумела, што нас не выпускаюць на волю і біцца мне бессэнсоўна. Бо я ўжо напісала, куды толькі магла.

Мы ўжо хацелі ехаць назад на зону. Там бы ён быў у мэдчастцы, а не ў атрадзе. І за ім бы нехта прыглядваў, быў бы памочнік. А тут рэзка паднялася тэмпэратура і аднавіліся страшныя пролежні на крыжы. І вось ён ужо год у СІЗА на Валадарскага».

Вольга Місюк кажа, што была ў шоку, калі ўбачыла сына.

«Там вазкі ў іх такія дахадзягі. І ў вазку прыробленае драўлянае днішча. У лякарні нічога няма. Лекары сказалі, што трэба купіць хадункі: маўляў, у нас ёсьць, але лічыце, што няма. І я набыла хадункі. Я набываю пампэрсы, іншыя рэчы. Калі сын быў поўнасьцю паралізаваны, набывала вельмі дарагія нэўралягічныя лекі. Усё за свае грошы. А мне пішуць адпіскі, што ён атрымлівае поўнасьцю лекаваньне і ні ў чым ня мае патрэбы.
Ён перамяшчаецца толькі ў палаце на 10 чалавек, як я разумею. Лекар сказаў, што гэта самая вялікая палата. На калідор, дзе больш прасторы, не пускаюць. На шпацыры яго не выводзяць»​.

Кірыл Місюк асуджаны па артыкуле № 328 («Незаконны абарот наркатычных сродкаў») на 10 гадоў пазбаўленьня волі. Ад кастрычніка 2014 году ён адбываў пакараньне ў «Воўчых норах» — папраўчай калёніі № 22 пад Івацэвічамі.

«Я ўсё разумею, у яго артыкул нядобры, 328-ы. Сына судзілі за 112 грамаў травы, якую ён прывёз з адпачынку ў Судаку. Яго абвінавацілі па трэцяй частцы, што прадаваў гэтую траву неўстаноўленай асобе ва неўстаноўленым месцы. Машыну канфіскавалі.»

У сьнежні 2014 году кіраўнік краіны Аляксандар Лукашэнка заявіў, што неабходна зрабіць больш жорсткім пакараньне за распаўсюд наркотыкаў і стварыць для наркагандляроў «драконаўскую» калёнію. «Для іх трэба стварыць невыносныя ўмовы ў месцах адбыцьця гэтых тэрмінаў. Калі ў нас іх вельмі шмат <…>, давайце адну з калёній адшкадуем для гэтага. Калі ў нас не хапае такіх людзей на адну калёнію, давайце адно падраздзяленьне, казарму ці яшчэ нешта ў калёніі самага строгага рэжыму, усталюем ім такі рэжым, каб яны, седзячы ў гэтай калёніі, прама скажу, смерці прасілі. Тое ж самае і для распаўсюджвальнікаў», — сказаў тады Лукашэнка.

У «Воўчых норах», дзе адбываюць пакараньне асуджаныя па «наркатычным» 328-м артыкуле, Кірыл Місюк захварэў.

Як гаворыцца ў выпісцы з гісторыі хваробы, хлопец зьвярнуўся да лекара мэдчасткі 31 жніўня 2016 году са скаргай на галаўны боль, агульную слабасьць, павышаную тэмпэратуру. 5 верасьня вязень паскардзіўся на адсутнасьць мачавыпусканьня і агульную слабасьць. І толькі 8 верасьня яго даставілі ў нэўралягічнае аддзяленьне Івацэвіцкай бальніцы. Дыягнаставалі востры сэрозны мэнінгіт. 9 верасьня пацыента перавялі ў рэанімацыю.

Вольга Місюк кажа, што пачатак захворваньня сына «пакрыты цемрай».

«Я пра гэта даведалася дзякуючы лекарам. Гэта хавалі, але яны настаялі на тым, каб мне сказалі. У Кірыла пачаўся сэрозны мэнінгіт. Яму ў час не аказалі патрэбную мэдычную дапамогу. У дакумэнтах пісалі, што аказвалі дапамогу, але насамрэч нічога не было.

Кірыл ляжаў непрытомны, а лекар казаў: вось як рыхтуюцца да ўцёкаў. Гэта мне так хлопцы распавялі, якія патэлефанавалі з зоны. Мой сын гэтага ня памятае. Яго забралі ў рэанімацыю, калі ўжо лекар зразумеў, што пахне смажаным.

У яго была клінічная сьмерць. 21 дзень праляжаў у коме. Як ачуняў, яго перавялі ў Менск у Рэспубліканскую бальніцу. І вось тут мы ўжо зь лістапада 2016 году».

Вольга Місюк лічыць, што ў калёніі яе сыну не аказалі своечасовай мэдычнай дапамогі. Адсюль такія цяжкія наступствы. З 12 красавіка 2017 году па 1 траўня 2019 году Кірылу далі інваліднасьць першай групы з прычыны агульнага захворваньня з парушэньнямі апорна-рухальнага апарату.

«Існуе многа разнавіднасьцяў мэнінгіту: ёсьць заразны, а гэты — ад нэрваў. Яму нехта сказаў, што яго ўкусіў клешч. Не, гэта ня клешч. Нават лекар мне ў Івацэвічах сказаў: каб ён ведаў, з чаго пачалося, яму б ужо мэддапамогу аказалі. А ён 10 дзён прабыў на зоне — і якая там была дапамога? Таблетку дадуць — і ўсё. Страцілі час.

ЧИТАЙТЕ ТАКЖЕ: БЫВШИЙ АНАРХИСТ-ПОЛИТЗАКЛЮЧЕННЫЙ О МЕДОБСЛУЖИВАНИИ В ТЮРЬМАХ https://pramen.io/ru/2016/07/igor-olinevich-o-medobsluzhivanii-v-tyurmah/

Ён у мяне больш за пяць месяцаў быў цалкам паралізаваны, толькі далонь крыху сьціскаў. Цяпер рукі аднавіліся, з галавой таксама ўсё ў парадку. Можа зрабіць пару крокаў. Я купіла яму адмысловыя хадункі. І на вазок можа сесьці.

У нас цяпер вялікая праблема — не зажываюць пролежні. Ён жа столькі дзён ляжаў у рэанімацыі. Вялікая падзяка лекару, які сказаў, што тэрмінова патрэбны матрац, інакш ён памрэ. Бо пролежні ўжо пачалі гнаіцца. І я Кірылу адмысловы матрац набыла. У сына ж ніз паралізаваны, ён болю не адчувае. Дактары сказалі, што ён памёр бы з такім дыягназам — уратавала маладосьць».

Вольга Місюк зьвярталася ў розныя інстанцыі, у тым ліку ў Адміністрацыю прэзыдэнта, з просьбай вызваліць сына з прычыны хваробы. Аднак ёй адмовілі.

21 сьнежня Вользе Місюк паведамілі, што яе сына накіравалі зь Менску назад у папраўчую калёнію № 22 пад Івацэвічамі.

«Калі я прыйшла да лекара, мне сказалі, што па Кірыла павінна прыйсьці машына. А ўвечары начальнік Рэспубліканскай бальніцы мне паведаміла, што яго ў 13.30 ужо адвезьлі спэцмашынай на зону. Лекар з ім павінен быў быць.

Ня ведаю, як цяпер усё будзе. Буду тэлефанаваць да начальніка зоны. Яны яго не маглі тут больш трымаць. Кажуць, ён прайшоў курс лячэньня, пачаўся рэабілітацыйны пэрыяд — і цяпер ён можа знаходзіцца са зняволенымі. Дзякуй яшчэ, што Кірыл будзе не ў атрадзе, а ў санчастцы».

Крыніца: https://www.svaboda.org/a/28931290.html

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Похожие записи

Начните вводить, то что вы ищите выше и нажмите кнопку Enter для поиска. Нажмите кнопку ESC для отмены.