Актывісткі, якія хацелі паскардзіцца прэзідэнту, атрымалі штрафы.
Яшчэ 24 красавіка на плошчы Свабоды ў Мінску адбыўся пікет грамадзянскай ініцыятывы «Супраць беззаконня ў судах і пракуратуры». Яго удзельніцы паспрабавалі прайсці ў Дом ураду, дзе было запланавана пасланне Лукашэнка народу і парламенту, але на подступах да будынка жанчын сустрэлі хлопцы ў цывільным і не далі прайсці. Тады актывісткі адправіліся на плошчу Свабоды і правялі пікет супраць адпісак чыноўнікаў.
Паўгадзінны пікет пад лозунгам «У Канстытуцыі правы на паперы — нам патрэбныя ў жыцці нашыя правы» супрацоўнікі міліцыі здымалі на відэа.
Па словах Тамары Сяргей, ніякіх прэтэнзій удзельніцам не прад’яўлялі, а праз два тыдні ім даслалі пратаколы.
17 ліпеня Мінскі гарадскі суд пакінуў без змены пастанову суду Цэнтральнага раёну Мінска. Гэта значыць, што ў бліжэйшы час з удзельніц пікету (усе яны — пенсіянеркі) пачнуць спаганяць штрафы, агульны памер якіх складае 860 даляраў у эквіваленце.
Нягледзячы на пакаранне, Тамара Сяргей і іншыя актывісты ініцыятывы «Супраць беззаконня ў судах і пракуратуры» па-ранейшаму прыходзяць у прыёмную Лукашэнкі на вуліцы Маркса, 38, дзе спрабуюць трапіць на яго да прыём. Але скардзяцца, што па-ранейшаму ніяк не могуць дастукацца да кіраўніка дзяржавы.
ЧЫТАЙЦЕ ТАКСАМА: https://pramen.io/ru/2017/02/rabolepnyj-protest/
— Калі мы спрабуем зрабіць гэта публічна — нас штрафуюць. Людзі выходзяць на вуліцу, таму што ў іх ёсць праблемы, і яны не могуць іх вырашыць. Калі б усё вырашалася шляхам звароту да службовых асобаў, у суд і пракуратуру, калі б дзяржаўная сістэма функцыянавала так, як прапісана ў законах, людзі не выходзілі б на публічныя акцыі, — упэўненая Тамара Сяргей.
Вера ў добрую дзяржаву, якая, калі будзе функцыянаваць належным чынам, гэта граблі, на якія гадамі наступаюць грамадскія актывісты. Робіцца дзіўна, што пасля таго як дзяржаўная сістэма дзесяць раз патопчацца па чалавеку, раздавіць ягоных родных, прадэманструе ўвесь магчымы цынізм і пагарду, людзі па-ранейшаму вераць у казкі аб тым, што яна можа быць «нармальнай». Казалася б, усяго адзін крок патрэбны для таго, каб зразумець — інтарэсы дзяржавы і інтарэсы людзей у корне супярэчныя. Ані чыноўнікам, ані тым больш Лукашэнка, няма справы да жанчын, чые мужы і сыны сядзяць аграмадныя тэрміны па сфальсіфікаваных абвінавачаннях. Больш за тое: нявінныя ахвяры гэта абавязковы выдатак іх улады. У аўтарытарнай краіне «беззаконне ў судах і пракуратуры» гэта не выключэнне а правіла. І да таго часу пакуль гэтыя жанчыны пачнуць не прасіць а патрабаваць, пакуль яны не перастануць апраўдывацца («гэта толькі таму што вы не разгледзелі наш зварот!») за свой выхад на вуліцу, бюракраты і менты працягнуць складаць на іх пратаколы, а суддзі — выносіць штрафы за сціплыя спробы падаць «чалабітныя» цару…
Крыніца: http://novychas.by/palityka/pensijanerki-my-zvjarnulisja-da-lukaszenki-publi