Увечары 16 кастрычніка кампанія маладых людзей адпачывала ў адной з менскіх кавярняў – у аднаго з сяброў нарадзіліся блізняты. Сталі разыходзіцца рана, каля 9-й вечара. На вуліцы прыяцелі ў жартаўлівай форме пачалі змагацца, дэманструючы свае спартыўныя навыкі. Нейкі «добрапарадачны грамадзянін», відаць, прыняў жарты мужчын за сапраўдную бойку і выклікаў міліцыю, нават не здагадваючыся, чаго гэта будзе каштаваць хлопцам…
Міліцэйскі патруль сяброў затрымаў.
«Нарад стаў нас затрымліваць. Натуральна, мы абураліся, бо ўсё ў парадку і ніякіх прычынаў для затрымання няма. Тым не менш, мяне і сябра груба заштурхалі ў аўтамабіль і адвезлі ў гарадскі аддзел міліцыі №2, што па вуліцы Ангарскай», – распавёў Качановіч праваабаронцам.
Патруль перадаў Качановіча калегам для афармлення пратакола – знаходжанне мужчынаў на вуліцы нападпітку міліцыянты палічылі правапарушэннем. Аднак падчас афармлення праваахоўнікі высветлілі, што Дзмітрыя раней судзілі за супраціў міліцыі. Гэта моцна змяніла іх стаўленне да затрыманага: у дачыненні да Дзмітрыя пачаліся сапраўдныя катаванні – рукі скавалі кайданкамі за спіной, а затым за кайданкі падвесілі на спецыяльна ўбіты ў сцяну металічны крук. Ды яшчэ ў такім месцы, дзе адсутнічае камера відэаназірання. На неаднаразовыя просьбы Качановічы аслабіць кайданкі ўвагу ніхто не звяртаў.
«Адзін з працаўнікоў, мяркуючы па пагонах – старэйшы сяржант, раптам нанёс мне не менш за тры ўдары нагой. Вось прама як я быў у вісячым стане на круку… Біў па рэбрах, а затым, накінуўшы на твар капюшон маёй курткі, ударыў нагой па твары. Прыяцель мой, які знаходзіўся за дзвярыма, пытаўся ў іншых працаўнікоў міліцыі ўсхвалявана: «Чаму ён там так крычыць?» Але яму толькі казалі, што твой сябар проста забаўляецца. Пасля таго, як мяне змясцілі ў камеру, я неаднаразова прасіў выклікаць лекара, але на ўсе просьбы чуў толькі адно: «Ды не здохнеш ты, нічога з табой не здарыцца», – успамінае Дзмітрый.
На наступны дзень раніцай затрыманых павезлі ў Завадскі РУУС. Там канваір, убачыўшы разбіты твар Дзмітрыя, выклікаў хуткую. Медыкі зафіксавалі ў Качановіча пералом касцей носа, моцныя ўдары рэбраў і сінякі на целе і запясцях. У выніку здзекаў Дзмітрый яшчэ доўга не мог свабодна валодаць рукамі, лячыўся і назіраўся ў хірурга. Зараз ён звярнуўся са скаргай у Следчы Камітэт, хаця вядома, шансаў на пакаранне катаў няшмат — з чаго раптам дзяржава будзе асуджаць саму сябе?
Апошнім часам пасасціліся выпадкі аказання супраціву супрацоўнікам карных служб. У жніўні атрымалі адпор міліцыянты, якія ўламіліся ў кватэру мінчан (https://pramen.io/ru/2018/10/minchanin-supratsiulyausya-zatrymannyu-militsyyant-adkryu-pa-im-agon/), а ў Пінску мужчына супраціўляўся ДАІшніку, які хацеў эвакуяваць ягоную машыну (https://pramen.io/ru/2018/08/bojka-z-daishnikam-u-pinsku-padrabyaznastsi/).