«Краіна для жыцця»: ад самагубстваў гіне амаль у 7 разоў болей беларусаў чым ад забойстваў

Калі ад забойстваў у Беларусі у 2018 годзе было зафіксавана 4,8 смерцяў мужчын на 100 тысяч насельніцтва, то ад самагубстваў загінула 33 мужчыны на такую ж колькасць жыхароў.

Як сведчыць статыстыка, колькасць зафіксаваных забойстваў у Беларусі няўхільна зніжаецца. Калі ў 2000 годзе было зафіксавана 16,1 забойства на 100 тысяч насельніцтва, то ў 2018 годзе — 4,8, то бок у чатыры з паловай разы меней.

Жанчыны ў выніку забойстваў часцей за ўсё гінулі ў 2018 годзе ў Мінскай вобласці — 2,4 выпадкаў на 100 тысяч жыхароў. Радзей за ўсё — у Мінску — 1,2 выпадкі на 100 тысяч. Як бачна, жанчыны ў Беларусі гінуць ад рук забойцаў прыкладна ў два разы радзей, чым мужчыны.

Што ж датычна самагубстваў то яны — на першым месцы сярод смерцяў з ненатуральных прычын. У рэйтынгу Сусветнай арганізацыі аховы здароўя Беларусь — на пятым месцы ў свеце па колькасці суіцыдаў на душу насельніцтва. Пры гэтым жанчыны ў Беларусі накладваюць на сябе рукі прыкладна ў 5 разоў радзей, чым мужчыны. У мінулым годзе добраахвотна сышлі з жыцця 33 мужчыны (на 100 тыс. насельніцтва) і 6,9 жанчын (на 100 тыс. насельніцтва).

У 2018 годзе скончыла жыццё самагубствам агулам 1806 беларусаў.

Самы час задацца пытаннем: чаму ў «краіне для жыцця», у якой толькі і чуваць пра эканамічны рост і дасягненні, штогод тысячы людзей зводзяць рахункі з жыццём? Дзе ж гэты росквіт, дзе дабрабыт, дзе годны ўзровень жыцця, які Лукашэнка абяцае нам ужо 25 гадоў?
Сімвалічна пры гэтым, што найбольшая колькасць самагубстваў, таксама як і забойстваў, адбываюцца ў сельскай мясцовасці — вотчыне нашага калгаснага цара, дзе вось ужо колькі год адбываюцца шматлікія праграмы ўзбагачэння і ўзняцця вёскі.

Атрымоўваецца — куды дзяржава ўсунецца, там разбурэнні, шкода і смерць набываюць найбольшыя маштабы?

Пытанняў можна задаваць яшчэ шмат. Чаму ў Беларусі есць грошы на Еўрапейскія гульні (на якія, па апошніх дадзеных, патрацілі ўжо 420 млн. долараў, але няма грошаў на паляпшэнне ўмоваў жыцця людзей? Чаму закупіць залатыя люстры ў Вярхоўны суд — больш важна чым даведацца, чаму 1806 чалавек не захацелі болей жыць у «краіне для жыцця»? Застаецца толькі спадзявацца, што аб гэтым задумаюцца ўсё болей людзей. Бо толькі тады, калі гэтыя пытанні прагучаць громам на вуліцах і плошчах Беларусі, варта спадзявацца, што сітуацыя зменіцца ў лепшы бок.

Добры Вужака для pramen.io

Крыніцы: thinktanks.by
https://news.tut.by/society/596839.html
https://www.svaboda.org/a/30132709.html

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *