Незалежная Беларусь і анархісты

Сёння на Плошчы Незалежнасці ў Мінску сабралося блізу 1000 чалавек. Такую колькасць пратэстоўцаў Мінск бачыў хіба два гады таму — падчас «дармаедскіх» пратэстаў.

Прадстаўнікі апазіцыі і проста палітычна актыўныя грамадзяне выказвалі сваё абурэнне з нагоды меркаванага паглынання Беларусі Расіей а таксама тым, што пагадненні аб г.зв. «інтэграцыі» падпісваюцца Лукашэнкам і Пуціным фактычна ў сакрэтным рэжыме, за спінамі ў народу. Мітынг быў даволі жывы: арганізатары не давалі удзельнікам замёрзнуць і вадзілі іх па цэнтры гораду. На прыступках Палацу незалежнасці адбылася сапраўдная бойка з АМАПам, які спрабваў не даць людзям узабрацца наверх. У выніку, прыступкі ўсё ж «адваявалі».

Цікава, аднак, што нават апазіцыйныя лідары, якія заклікалі да акцыі, не былі прэвентыўна адпраўленыя на суткі. Затрыманых, нягледзячы на несанкцыянаванасць акцыі, сёння не было ўвогуле — усе спакойна разышліся па дамах. Гэта выглядае рэзкім кантрастам з звычайнымі акцыямі, якія адбываюцца на Кастрычніцкай: ад акцыі 25 сакавіка 2017-га да акцыі «Свабоду палітвязням» у кастрычніку гэтага году, калі ў абодвух выпадках былі затрыманні. Відавочна, Лукашэнке была патрэбная карцінка беларусаў-прыхільнікаў незалежнасці ў якасці козыру для перамоваў з Пуціным.

Трэба прызнаць, што для анархістаў тэма незалежнасці Беларусі сёння не ў прыярытеце. Прычына простая: для анархісцкага дыскурсу і ідэалогіі гэта тэма нязручная, некамфортная. Бо сама сітуацыя вымагае ад нас займання аднога з двух бакоў. Альбо быць «за Пуціна», альбо «за незалежную Беларусь». Мы – прыхільнкі антыімперыялізму, свабоды самавызначэння ўсіх народаў, ліквідацыі любога дамінавання адной нацыі над іншай. І таму, вядома, мы ніяк не можам стаць на бок фашысцкага рускага міру. У той жа час пачаць актыўна выступаць за супраць аб’яднання і за незалежнасць Беларусі азначае, быццам бы, падтрымаць правы і нацыяналістычны дыскурс. Бо мы супраць любой дзяржавы, у тым ліку беларускай. Ідэалагічныя абмежаванні, тым самым, не даюць анархістам выразна выразіць сваю падтрымку апазіцыі ў гэтым пытанні. Анархістам уласціва нежаданне «зашкварыцца» падтрымкай тэмаў, якія маюць рэпутацыю «нацыяналістычных». Але пры гэтым відавочна, што ніхто з беларускіханархістаў не хацеў бы жыць у складзе Расіі — бо ў плане рэпрэсіўнасці і папрання правоў чалавека РФ ужо даўно абагнала Беларусь.

Тым не менш анархісты ніяк не арыткулююць сваё меркаванне па гэтым пытанні. Выключэннем з’яўляецца, хіба, відэазварот блогера Міколы Дзядка.

Дык можа гэта і добра, што анархісты ніяк не вызначалі свой удзел у сённяшнім пратэсце? І сапраўды, чорны блок анарха-камуністаў дзіўна выглядаў бы на мітынгу у абарону дзяржаўнасці.

На мой погляд, няўдзел анархістаў у гэтай пратэстнай акцыі і адсутнасць больш-менш кансалідаванай пазіцыі, паказваюць у значнай ступені тэарэтычную слабасць анархісцкага руху ў Беларусі і ягоную няздольнасць адказваць на сучасныя палітычныя выклікі. Мы добра адчуваем сябе ў тэмах, дзе маем адназначныя адказы: гэта паліцэйскае бязмежжа, дзяржаўнае рабаванне (узгадайце як добра праявілі сябе анархісты падчас «дармаедскіх» пратэстаў), барацьба з расізмам, сексізмам, гамафобіяй. Аднак варта нам патрапіць у нязручнае для нас поле, мы пачынаем шукаць адказы на пытанні у сваіх ідэалагічных скарбонках і… не знайшоўшы іх, спрабуем прымяніць звычныя універсальныя лозунгі: «Ніякай вайны акрамя класавай!», «Усе дзяржавы – канцлагеры!», «Не хочам абіраць, які з гаспадароў лепшы!» і гэтак далей. Альбо пачынаем змяншаць важнасць дадзенай тэмы для краіны і грамадства. Ужо даводзілася чуць некалькі выказванняў аб тым што «тэма перабольшаная», «не так гэта і важна» і гэтак далей.

Аднак калі мы хочам заявіць пра сябе як сур’ёзная, і, галоўнае, самадастатковая палітычная сіла, мы мусім мець выразныя і зразумелыя адказы на ўсе палітычныя выклікі сучаснасці. Не спрабаваць прымяніць лозунгі Францыі 19-га стагоддзя на Беларусь 21-га, не закрываць вочы на некамфортныя тэмы, а менавіта выпрацоўваць адэкватную палітычную тактыку для бягучага моманту. Мець свой адказ на любы палітычны выклік. Выпрацоўваць яго ў жывой дыскусіі, замест спробаў дастаць гатовы адказ недзе ў кнізе Крапоткіна.

Нават калі ў нас няма сіл ці магчымасці кожны раз рэалізоўваць гэтую тактыку на вуліцах, мы мусім агучваць яе хаця б на нашых рэсурсах. Пакуль мы не навучыліся гэтага рабіць, аб масавасці анархічнага руху ў Беларусі няма чаго і марыць.

Добры Вужака для pramen.io

Один комментарий к “Незалежная Беларусь і анархісты

  1. Для мяне две асобныя тэмы: пратэст супраць акупацыі і абарона незалежнасці дзяржавы. Калі па першым пункце можна пагадзіцца амаль з усім напісаным вышэй, то па другім я катэгарычна не згодзен. Сапраўды, акупацыя нясе з сабой пагаршэнне становішча і ўціск правоў мясцовага насельніцтва. Так было б хутчэй за ўсё, нават калі б на нашыя землі спакусілася якая-небудзь Латвія. Нельга адмаўляць і тое, што паміж дзяржавамі ёсць розніца ў законах і жорсткасці рэжыму. Мы можам, напрыклад, у сэрцах радавацца таму, што грамадзяне Расеі пакуль не ходзяць у робах, як тое адбываецца ў Паўночнай Карэі.

    Але ці павінны мы хістацца ў бок больш ліберальных краін? Ці сапраўды ёсць дылема альбо быць «за Пуціна», альбо «за незалежную Беларусь»? НЕ! І як раз такая хлуслівая дылема гэта і ёсць ідэялагічны штамп ліберальнай прапаганды.

    Выбар больш мяккай дзяржавы, альбо больш сытага закону, дабрэйшага гаспадара і г.д. — гэта сацыял-дэмакратычны дыскурс. Часам я спачуваю сацыял-дэмакратам, сярод іх ёсць людзі, які шчыра прагнуць паляпшэння жыцця чалавецтва, яны агучваць правільныя тэмы і змагаюцца за іх тымі шляхамі, якія ім падаюцца жыццяздольнымі. Але, па меркаванню анархізма, яны памыляюцца, бо змагаюцца за павярхоўныя перамены, змагаюцца з наступствамі і не глядзяць у корань (radix). У гэтым сутнасць анархісцкага разумення радыкальнасці і ревалюцыйнасці перамен, асэнсаваная сутнасць, а не проста паўтораныя словы. Хіба што пагаджуся з тым, што мы нячаста аб гэтым кажам услых.

    Пакуль існуе дзяржава усе нашыя перамогі і дасягненні толькі часовая з’ява. Тыя сацыяльныя гарантыі за якія так уцята змагаліся сацыял-дэмакраты і прафзвязы на Захадзе ў 60-70-х, зараз паступова адбіраюць назад. Невядома ці стане заўтра якая-небудзь Вугоршчына новым Рэйхам, як стала ім яшчэ 20 год таму ліберальная Расея. Вельмі многія імпэрыі нарадзіліся з гульні ў абарону незалежнасці. Напрыклад, радзіма фашызму Італія. І справа не ў тым, што гэта нібыта правы дыскурс, а ў тым, што падтрымка дзяржавы гэта і ёсць правы дыскурс, незалежна ад сітуацыі.

    Мы не можем дазволіць сабе гуляць у гэтыя гульні і марнаваць час на падтрымку суверэннасці дзяржавы, што не забараняе нам змагацца супраць акупацыі і тут няма ніякай супярэчнасці. Што супярэчлівага ў тым, каб ненавідзець Лукашенку так сама як і Пуціна?

    Гэта не нязручнае поле і вельмі важна размаўляць аб гэтым зараз.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Похожие записи

Начните вводить, то что вы ищите выше и нажмите кнопку Enter для поиска. Нажмите кнопку ESC для отмены.