Публікуем пераклад ад нашага чытача артыкула гішпанскага анархіста Мігеля Амараса аб тым, як капіталізм у чарговы раз падстройваецца пад рэчаіснасць і настроі людзей наконт экалогіі, каб захаваць свой пануючы стан у грамадстве. Нам падабаецца вынік аўтара аб тым, што сапраўды істотныя змены могуць адбыцца толькі пры ўмове сацыяльна-эканамічных пераўтварэнняў у грамадстве і мы павінны няспынна крытыкаваць прапановы частковых реформ за іх недастатковасць. Але ж мы ня згодныя з анты-індустрыяльным ухілам артыкула і лічым, што сацыяльны лад вызначае ролю тэхналогій, а не наадварот. Мы пакінулі тэкст бяз зменаў у граматыцы перакладчыка і запрашаем да дыскусіі.
Зварот перакладчыка:
Гэта мой чарговы пераклад на тэму апошніх пераўтварэнняў ва ўлонні капіталістычнай сыстэмы, зьвязаных з экалагізмам. Артыкул напісаў Мігель Амарос, іспанскі анархіст анты—андустрыяльнага кшталту. Артыкул надрукаваны ў кнізе Contra la nocividad: anarquismo, antidesarrollismo y revolución (Супраць шкоднасьці: анархізм, анты-індустрыялізм і рэвалюцыя), Грыетас Эдыторэс, Мексіка, 2017,старонкі 195-204. Пераклад менавіта на такую тэматыку мне падаўся цікавым і важным ня толькі таму, што адзначае новыя ідэалагічныя асновы капіталізму, а ўжо проста з той прычыны, што каму як не беларускаму грамадству, які паспрабаваў чарнобыльскай атруты, добра вядомы наступсты індустрыяльнага грамадства… Мне падаецца цікавым паглыбляць на старонках Промня дыскусіі наконт моцных і слабых бакоў анты—індустрыяльнай плыні ў анархісцкім руху.
Калі капіталізм робіцца экалагічным
З самых першых часоў свайго існавання на зямлі капіталізм заняўся вынішчэннем натуральнага асяроддзя з мэтай стварыць свой уласны асяродак, дзе б ён мог бесперашкодна развівацца, а людзі былі б вымушаныя прыстасоўвацца да яго. Задушыць супраціўленні гэткаму прымусу дапамаглі навука і тэхніка, якія атрымалі вырашальны штуршок і спазналі настолькі шырокае развіццё, што капіталізм, дзякуючы ім, ня толькі змог пераадолець усе перашкоды, але нават змог сыстэматычна выкарыстоўваць гэтыя перашкоды для сваёй экспансіі. Уласцівы ягонай натуры рост не спыніцца, пакуль будуць існаваць людзі, якіх можна падвяргаць эксплуатацыі, і менавіта ў гэтым заключаецца новы выклік для яго. Капіталістычны рост наносіць эканамічныя і сацыяльныя траўмы, роўныя траўмам вайны. Чым большы рост вытворчай сыстэмы, тым большыя разбурэнні яна ўчыняе. Пагалоўная таварызацыйная[1] каланізацыя тэрыторыі і жыццядзейнасці, часу і прасторы, ня можа спыніцца, бо ў такім разе паставіла б пад пытанне свае ўласныя асновы, але ня можа развівацца, ня ставічы адначасова пад пагрозу жыццё чалавека. Такім чынам, экалагічны крызіс вядзе да крызісу сацыяльнага. Каб гэтага не адбылося, капітал мусіць расці такім чынам, каб пацярпелыя не змаглі ўсвядоміць велізарных пагрозаў, якія суправаджаюць ягоны рост. Дзеля гэтага патрэбны новыя эканамічныя, тэхнічныя і палітычныя меры, якія дазволяць капіталізму ня толькі схаваць свае праблемы, а нават зжыцца з імі і ўжываць іх на сваю карысць. Кажучы жаргонам экспертаў, мы стаім перад “зменай парадыгмы” вытворчасці і спажывання. Спажывальныя звычаі разам з палітычнай і прадпрымальніцкай дзейнасьцю мусяць выконвацца на іншы лад не дзеля таго, каб выратаваць навакольнае асяроддзе ці захаваць чалавечы род, а толькі для таго, каб выратаваць саму капіталістычную сыстэму. Вось у гэтым і прычына таго, што сэрцы палітыкаў зелянеюць, а капіталізм становіцца экалагічным. З гэтага новага пункту гледжання, экалогія, якая дагэтуль была несумяшчальнай з назапашваннем капітала, становіцца наадварот яго неадкладнай умовай. Як казаў больш мякка адзін міністр эканомікі Вялікабрытаніі: “мы можам быць зялёнымі і адначасова расці. Насамрэч, калі мы не будзем зялёнымі, мы падарвём эканамічны рост” (Даклад Стэрна, 2006).
Прабуджэнне экалагічнай свядомасьці было раннім. Ужо ў 1955 годзе Мюрэй Букчын папярэджваў пра шкоднасьць для здароўя харчовых дабавак, а ў 1962 ён сам і прафесар Рачэл Карсан скардзіліся на шкодны эфект пестыцыдаў. Выходзіла, што абяцаны капіталізмам дабрабыт быў атручаным:
Масавыя павелічэнні забруджанага паветра і вады паглыбляюць крызіс; за кошт назапашвання адходаў, якія не паддаюцца разлажэнню, рэштаў свінца, пестыцыдаў і таксічных харчовых дабавак; за кошт гарадской экспансіі ў выглядзе новых урбанізаваных раёнаў; за кошт затораў, шума і перанаселенасці, якія выклікаюць распаўсюджванне стрэсавага стану; за кошт здабычы мінералаў і лесанарыхтовак, якія пакідаюць глыбокія шнары на зямлі, і за кошт спекуляцыі маёмасцю. У выніку ўсяго гэтага цягам некалькіх дзесяцігоддзяў зямля была бязлітасна знявечанай у такіх маштабах, якіх яшчэ ніколі не назіралася дагэтуль. У сацыяльным плане буржуазная эксплуатацыя і маніпуляцыя давялі штодзённае жыццё да найвышэйшай ступені нікчэмнасці і нуды. Грамадства ператварылася ў суцэльную фабрыку і рынак, галоўны сэнс існавання якіх палягае ў вытворчасці і спажыванні на сваю ўласную карысць (Анархізм у грамадстве спажывецтва, 1967).
Вынішчэнне сельскай мясцовасці, харчовая прамысловасць, хімізацыя жыцця і ўрбаністычная праказа, ва ўмовах раздробленага на атамы грамадства і штучнага жыццёвага асяроддзя, паспрыялі пашырэнню спажывецкага, агрубелага, неўратычнага і замкнёнага ў эгаістычным гета (egoístagueto) ладу жыцця. Падводзячы вынік часу паўстанняў –амерыканскага чорнага гета, брытанскага пацыфічныага руху, нідэрландскіх проваў, нямецкай моладзі, Маю 1968 і г.д.- Гі Дэбор пісаў:
Забруджванне і пралетарыят ёсць на сяннішні дзень два канкрэтныя аспекты крытыкі эканамічнай палітыкі. Універсальнае развіццё тавараў было цалкам пацьверджана ў ажыццяўленнях эканамічнай палітыкі, гэты значыць, у ‘адмове ад жыцця’. Усё ператварылася ў эканамічную хваробу якраз у той самы момант, калі кожная рэч (нават крынічная вада ці гарадское паветра) сталася часткай сферы эканамічных дабротаў. Для большасці, то бок, для беднаты, якая зазвычай пакутуе першай і ў большай ступені, нават самыя простыя адчуванні з кожным трыместрам усё больш і больш прыгнятаючых шкодных эфектаў і небяспекі становяцца важнейшым чыннікам бунту і неадкладным патрабаваннем прыгнечаных, такім жа матэрыялістычным, як і барацьба працоўных ХІХ стагоддзя за харчы. Сродкі змагання з сукупнасцю хваробаў вытворчасці на сучасным этапе таваравытворчасці занадта дарагія для яе. Вытворчыя адносіны і вытворчыя сілы сталіся радыкальна несумяшчальнымі, бо існуючая сацыяльная сыстэма звязала свой посьпех з дасягненнем літаральна невыносных умоваў жыцця (Палажэнні аб Сітуацыянісцкім Інтэрнацыянале і ягоным часе, 1972).
Здольнасць капіталізму перажыць уласныя катастрофы была недаацэненай, дарма што пытанне аб класавай барацьбе было пастаўлена ў адпаведнай гістарычнай форме. Адначасова была пераацэнена здольнасць гістарычнай сьвядомасці ператварыцца ў моцны паўстанцкі рух. Тым часам як працы Мамфарда, Шарбано, Расэла, Элюля ці Букчына заставаліся па-за ўвагай раўнадушнага пралетарыяту і экалагічная сьвядомасць не выходзіла па-за межы містыцызму і палітычнага прагматызму, капіталізм перадолеў свае праблемы колькасна і скочыў наперад, зрабіўшы акцэнт на развіцці ядзернай энэргетыкі, павелічэнні вытворчасці аўтамабіляў, развіцці новага пакалення яшчэ больш небяспечных пестыцыдаў; навадніўшы рынак ядавітай хімічнай прадукцыяй і запусціўшы ў атмасферу тысячы тон газападобных рэчываў. У наступным дзесяцігоддзі, калі вырашэнне праблем менавіта такім чынам прывяло да катастрофаў у Чарнобылі, Севеза ці Бхапале, да “таксічнага сіндрома”, выкліканага арганічнымі спалучэннямі фосфара і які прыпісваюць рапсаваму алею, да азонавай дыры, да павелічэння парніковага эфекту і да разбурэння прасторы празмернай урбанізацыяй і турызмам, экалагічны рух, які паўстаў у віры ўжо досыць слабага супраціўленння, далучыўся да капіталізму, дапамагаючы яму абнавіць сваю палітыку. Зразумеўшы катастрафічныя паследствы свайго менеджменту, кіруючыя колы эканомікі і Дзяржавы вокаімгненна ператварыліся з дапамогай экспертаў і экалагістаў у зацятых змагароў супраць экалагічнай катастрофы і абвясцілі надзвычайнае экалагічнае становішча, якое дало пачатак новай ваеннай эканомікі, дзеля якой мабілізаваліся ўсе магчымыя натуральныя і штучныя рэсурсы з мэтай задаволіць патрэбы глабальнага эканамічнага развіцця. З таго моманту эканоміка мусіць браць пад улік прыродны кошт, гэта значыць, кошт пейзажнай рэканструкцыі і адпаведныя расходы, з дапамогай якіх можна будзе вызначыць цярпімы ўзровень дэградацыі навакольнага асяроддзя. Энцыклапедыя шкоднасцяў[2] паўстала менавіта з мэтай выкрыцця гэтага экалагічнага макіяжу ўладаў:
Цэнзура, якую ажыццяўляе экалагізм у дачыненні да сацыяльнай крытыкі, якая праяўляецца ў барацьбе супраць шкодных з’яваў (fenómenos nocivos), заключаецца ў ілюзіі, паводле якой магчыма асудзіць вынікі адчужанай працы, не атакуючы саму працу і грамадства, якое грунтуецца на эксплуатацыі. Зараз, калі ўсе дзяржаўныя мужы становяцца экалагістамі, экалагісты спяшаюцца абвясціць сябе прыхільнікамі Дзяржавы… Экалагісты выконвуюць у сферы барацьбы супраць шкодных з’яваў тыя ж самыя функцыі, што і сіндыкалісты ў межах барацьбы працоўнага руху: быць простымі пасрэднікамі, зацікаўленымі ў захаванні супярэчнасцяў, якія яны самі будуць рэгуляваць… быць простымі абаронцамі колькаснага падыходу, калі эканамічны разлік пашырае межы свайго панавання (на паветра, ваду, чалавечыя эмбрыёны, сінтэтычныя сацыяльныя стасункі [la sociabilidad sintética], г.д.); такім чынам, гэта новыя камісійныя агенты, якія працуюць на агульнае падпарадкаванне інтарэсам эканомікі, якая з гэтага часу мусіць таксама улічваць кошт “якаснага наваколля” у сваіх падліках. Ужо зараз можна прадбачыць зроблены з дапамогай “зялёных” экспертаў падзел паміж ахвяраванай эканоміцы прасторай і тэрыторыяй пад аховай, які будзе рэгуляваць гіерархічны доступ да тавару “прырода” (Паведамленне ўсім тым, хто прагне вынішчэння шкоднасьці, а не ягонай адміністрацыі, 1990).
Сусьветная аптымізацыя рэсурсаў увасобілася ў трансгеннай сельскай гаспадарцы, каровіным шаленстве ці птушыным грыпу; дарэчы, як заўважыла Энцыклапедыя шкоднасцяў, падчас гэтага надзвычайнага экалагічнага становішча, ўся наша планета ператварылася ў неабсяжную лабараторыю для правядзення тэхна-навуковых доследаў, а людзі – у лабараторных жывёл. Катастрофы адбываліся ўжо не на нацыянальным узроўні, а на сусветным, бо з глабалізацыяй яны перакрочылі дзяржаўныя межы. Экалагічная катастрофа датычылася не толькі пэўных супер-індыстрыяльных зон, а вымагала прыняцця глабальных мер. Дзеля гэтага ў перыяд 1988-1997 гадоў былі арганізаваныя сустрэчы ў вярхах па пытаннях навакольнага асяроддзя ў Таронта, Рыа дэ Жанэйра, Капенгагене і Кіёта, на якіх быў зададзены накірунак далейшаму развіццю капіталістычнай сыстэмы. Падчас іх правядзення былі прапанаваны ўсялякага кшталту супярэчлівыя формулы для ратавання эканамічнага росту і змагання супраць кліматычных зменаў, але якія б не вымушалі рабіць карэнныя змены ў пануючай сыстэме (Парадак дня на ХХІ стагоддзе, устойлівае развіццё, сацыяльнае развіццё, лакальнае развіццё і г.д.). Супярэчлівыя таму, што развіццё ніколі ня можа быць лакальным, сацыяльным ці ўстойлівым, бо капіталізм не функцыянуе на карысць мясцовых патрэбаў, прыгнечаных ці прыроды. Але кіруючыя колы эканомікі цудоўна разумеюць, што аніводны з гэтых эўфемізмаў -нават калі ён будзе асноўвацца на сучасных тэхналогіях- ня зможа эфектыўна працаваць, калі ня будуць прыняты адпаведныя сацыяльныя і палітычныя меры аб пераадукацыі насельніцтва паводле новых спажывецкіх устояў, бо без іх гэтыя тэхналогіі не будуць прыбытковымі. Добра вядома, што менавіта распаўсюджанае ўжыванне гэтых тэхналогій робіць больш танным іхняе увядзенне і адначасова стымулюе зацікаўленасць бізнэсоўцаў у развіцці ў гэтым накірунку. Барацьбе супраць змены клімата можа аб’ектыўна паспрыяць несупыннае падаражанне нафты і іншых выкапнёвых паліваў. Але прасоўванне гэтай новай формы прадпрымальніцкай дзейнасці ў сферы навакольнага асяроддзя залежыць, прынамсі на першым этапе, ад дзяржаўных органаў, то бок, ад палітыкаў, якія павінны знайсьці спосабы прымусіць насельніцтва ўжываць тэхналогіі “з нізкім узроўнем выкідаў СО2” і спажываць “няшкодную для навакольнага асяроддзя” прадукцыю і паслугі ці стварыць новую фіскальную палітыку, якая прымірыць “культуру прадпрымальніцтва” з прыродай і пакарае любую дагэтуль звыклую шкодную для наваколля дзейнасць ці энэргетычнае марнатраўства, якія цяпер будуць лічыцца за перашкоды для эканамічнага дабрабыту. І менавіта гэткім чынам такія інстанцыі і апараты, як Дзяржава, палітычныя партыі, міжнародныя арганізмы і ў меньшай ступені сацыяльныя форумы, грамадскія няўрадавыя арганізацыі ці цэнтры назірання за ўстойлівасцю навакольнага асяроддзя выконваюць зараз функцыю механізмаў рэгулявання, якую яны страцілі раней, напачатку глабалізацыі, і якая дапаможа ажыццявіць пераход да новай “з нізкім узроўнем выкідаў СО2” эканомікі. Кантроль за вытворчасцю цэмента, угнаенняў і сінтэтычнага валакна, пераапрацоўка адходаў, лесааднаўленне, будаванне новых атамных электрастанцый, установак апраснення вады ці палёў для гольфа, інвестыцыі ў аднаўляльныя энэргіі і атрыманне біяпаліва раптоўна становяцца пытаннямі палітычнымі, якія тычацца Дзяржавы. Адначасова палітычныя і эканамічныя кіраўнікі пагалоўна становяцца экалагістамі. Цеплаізаляцыя, энэргаэфектыўнае асвятленне, новыя нарматыўныя ўказы для будаўніцтва ці вытворчасці рухавікоў для транспартных сродкаў і, наогул, перайначванне любога тыпу дзейнасці вымагаюць велізарных фінансавых укладанняў, якія рынак не ў стане зрабіць з прычыны іх невысокай прыбытковасці. Дзяржава і палітычная бюракратыя мусяць падставіць плячо.
Усе гэтыя клопаты кіраўніцтва пра навакольнае асяроддзе адпавядаюць працэсу сусветнай таварызацыі планеты, выкліканай патрэбамі росту капіталістычнай сыстэмы. Дэструкцыя зямлі, якую чыніць эканамічная вытворчасць, набыла настолькі вялікія маштабы, што зараз паўстае неабходнасць кантролю не толькі сродкаў вытворчасці ці вытворчых сілаў, але таксама любой тэрыторыі з ейнай культурай і гісторыяй, флоры і фаўны, вады і паветра, святла і цяпла. Усе яны ператварыліся ў эканамічныя рэсурсы, новую сыравіну для патрэбаў трацічнага сектара і ў вытворчыя сілы новага кшталту. Гэтыя вытворчыя змены і “энэргетычная бяспека” ажывілі апараты інстытутаў, спрыяючы дзейнасці дзяржаўнай партыі[3] (partido del Estado), то бок, палітычна-адміністрацыйнай бюракратыі. Гаворка ідзе ня толькі пра групы сацыял-дэмакратаў, неа-сталінстаў, зялёных і сьюдаданістаў[4], а таксама пра модную вонкава рэфармісцкую ідэалогію, якую прызнаюць нават кансэрватары і правыя, бо ўсе яны цудоўна разумеюць, што зараз насамперш трэба стрымаць тых, хто думае інакш, размыць абрысы надыходзячай катастрофы і выгадаць больш часу для эканомікі. Такім чынам, з аднаго боку мы маем капіталізм, які не жадае ацяжарваць развіццё ўсялякага кшталту кантролямі выкідаў, а з другога – падазроны альтруістычны капіталізм з чалавечым тварам, які ўвесь час вядзе гаворку пра ўстолівасць і грамадскую адукацыю, пра адказнае спажыванне і энэргетычную эфектыўнасць, сонечныя батарэі і экалагічныя падаткі, але ўсё гэта не замінае ні каліва планаванню і будаўніцтву аўтамагістраляў, ліній хуткасных цягнікоў ці пагалоўнай урбанізацыі. Карацей: ідэалогія традыцыйнага развіцця супраць ідэалогіі экалагічнага развіцця. Відавочна, што кошты пануючых класаў падскачылі з прычыны забруджвання, глабальнага пацяплення і піка вытворчасьці нафты, і ранейшыя меры вырашэння гэтай праблемы сталіся немагчымымі. Тым часам, пашырэнне экалагічнага сектара эканомікі яшчэ недастатковае. Каб выжыць, капіталізму патрэбна агульная мабілізацыя ўсяго кіраўніцтва на карысць новаўтворанай працоўнай і сацыяльнай эксплуатацыі і на карысць жыццёвага ладу, падпарадкаванага патрэбам новага спажывецкага ўстою, на мясцовым, нацыянальным і міжнародным узроўні. Як вынік, Дзяржава зноўку становіцца рэнтабельнай у якасці прымусовага механізму. У гэтым заключаецца стаўка, якую робяць левыя і правыя прыслужкі эка-капіталізму. Нельга не дапусціць магчымасці сур’ёзнага супраціўлення гэтаму працэсу ператварэння з боку насельніцтва, таму становіцца неабходным развіваць адпаведныя формы сацыяльнага кантролю: ад школы, сродкаў масавай інфармацыі, сацыяльнай работы да міліцыі і ўзброеных сілаў. Капіталізм і бюракратыя ня маюць за мэту ажыццяўленне нейкага ідэалу, а толькі абарону існага ладу на лакальным і сусветным узроўні. Праблемы знешняй палітыкі і сацыяльныя канфлікты яны разглядаюць як праблемы бяспекі, якія ў крайнім выпадку мусяць вырашацца manu militari. Найбольш верагоднай палітычнай формай новага экалагічнага панавання тавараў будзе экафашызм.
Адсутнасць сур’ёзнай сацыяльнай барацьбы ці, кажучы інакш, адсутнасць гістарычнай сьвядомасці, спрыяе з’яўленню побач з “прагматызмам” і “маленькімі заваёвамі” на карысць інстытуцыйнай палітыкі і капіталістычнага ладу, характэрных для псеўдарэфармістаў, сапраўдных утапістаў, якія прапаведуюць канвівіальнасць[5]і для якіх вырашэннем усіх гэтых праблемаў будзе не вызвольная барацьба, не канфлікт, народжаны ў супрацьстаянні адной часткі насельніцтва супраць індустрыяльнага і спажывецкага грамадства, а мірнае ўжыванне магічных формулаў, такіх як “антырост”, і шэраг адмысловых дружалюбных прыватных ініцыятываў -калі магчыма, то падтрыманых на ўзроўні сацыяльных інстытутаў, палітычнымі партыямі, сеткамі грамадскіх арганізацый -, з дапамогай якіх яны змогуць пераканаць іншых у выгадзе жыцця па-за эканомікай. Прыхільнікі “антыросту” не давяраюць рэвалюцыйным метадам: галоўнае, каб нічога не адбылося. І, насамрэч, нічога ня можа адбыцца, бо капіталізм можа спакойна цярпець пэўны ўзровень самаізаляцыі ў ім каланізаваным грамадстве -дарэчы, вялікая частка сусветнага насельніцтва жыве ў сацыяльнай ізаляцыі і па-за законам эканомікі- і нават можа здабыць з яе прыбытак, дзякуючы праграмам помачы, альтэрнатыўнаму турызму і субсідыям. Гэта тое, што экперты называюць эканомікай “трэцяга сектара”, даследаванай Джэрэмі Рыфкіным, адказным за публічны сектар Злучаных Штатаў падчас прэзідэнцтва Клінтана. У сваёй кнізе Канец работы 1994 года, яму было відавочна, што глабалізацыя і дэрэгуляцыя працоўнага рынку пасадзейнічаюць менавіта той арганізацыі выбаршчыкаў, якая аднавіць пачуццё грамадзянства, буржуазную палітыку і дзяржаўнае ўмяшанне:
Поспех у пераходзе да новага пострынкавага перыяду будзе ў большай ступені залежыць ад намаганняў і імпэту грамадзянскіх рухаў і аб’яднанняў у пераводзе як мага большай часткі вытворчага прыбытку з рынкавага ў трэці сектар… з дапамогай новага саюзу паміж урадам і трэцім сектарам, які будзе мець за мэту адбудову сацыяльнай эканомікі, можна будзе аднавіць пачуццё грамадзянскага яднання ў любым грамадстве.
Аднак, калі гаворка ідзе пра сацыяльнае вызваленне, то тут становіцца неабходным стварэнне новай супольнасці і карэннае змена навакольнага свету, а не паступовая мадыфікацыя ўскраінаў капіталістычнай сыстэмы, ці самаізаляцыя ў маленькіх аазісах. Дзеля гэтага патрэбны сацыяльныя рухі, якія народзяцца ў змаганні з тым, што яны будуць імкнуцца знішчыць, і якія будуць упарта ісці да гэтай трансфармацыі. Такім чынам, патрэбны магутны і шырокі канфлікт, які падзеліць грамадства на два несумяшчальныя бакі. Адзін з іх захоча знішчыць вытворчыя і спажывецкія стасункі, пакончыць з працоўнай эксплуатацыяй, вызваліць штодзённае жыццё і прастору і вярнуцца да раўнавагі з прыродным асяроддзем. Другі, наадварот, усімі сіламі будзе імкнуцца захаваць індустрыяльны статус-кво. Аніводная канвівіальная праграма ня зможа вырашыць выкліканыя капіталізмам праблемы, якія ён, у сваю чаргу, хоча вырашыць метадам мірнага заспакаення, замінаючы ўспрыманню экалагічнага крызіса як сацыяльнага. Сітуацыя вымагае рабіць менавіта наадварот: падліваць смалы ў агонь, каб выклікаць непапраўны сацыяльны падзел паміж рознымі сацыяльнымі сектарамі, звязанымі кайданамі агульнай прынукі. Толькі тады, калі ахвяры капіталістычнай сыстэмы рашацца прыстасаваць сваё жыццё да чалавечых умоваў, якія яны змогуць самі кантраляваць, і закласьці аснову сваіх уласных інстытутаў, можна будзе распачынаць праграмы сацыяльнай трансфармацыі і сапраўдных самачынных эксперыментаў, накіраваных на аднаўленне экалагічнай раўнавагі і заснаваных на вольнай аснове супольнасцяў. Лібертарнае [6] грамадства можа пабудавацца толькі з дапамогай лібертарнай рэвалюцыі.
___________________________________
Заўвагі перакладчыка:
- Таварызацыя – ператварэнне любой рэчы ў тавар.
- Encyclopédie des Nuisances (фр.).
- Маецца на ўвазе размаітая палітычная плыня, якая робіць акцэнт на дзяржаўным ўмяшанні ў эканоміку і ейным дзяржаўным рэгуляванні.
- Ад іспанскага слова ciudadanista, так у Іспаніі са здзекам называюць прыхільнікаў пашыранай рэфармісцкай, пра-дзяржаўнай і дэмакратычнай ідэалогіі левага накірунку, якія грунтуюць сваю палітычную постаць на штодзённых апеляцыях да грамадзянаў і грамадзянста дэмакратычных дзяржаў (па-іспанску ciudadanos і ciudadanía адпаведна). Іхняй галоўнай мэтай ёсць захаванне гэтак званай Дзяржавы-дабрабыту ці сацыяльнай Дзяржавы, крызіс якой выкліканы мерамі неаліберальнай эканамічнай палітыкі.
- Канцэпт Івана Ілліча conviviality, пераклад якога пакуль што не распрацаваны ні ў беларускай ні рускай мовах. Дасылае да нечага такога накшталт раўнаважнай, гарманічнай супольнасьці, дзе тэхніка знаходзіцца пад кантролем чалавека і служыць ягоным патрэбам.
- Слова “лібертарны” у іспанскай мове вельмі часта ўжываецца як сінонім да слова “анархічны” ці “анархісцкі”, асабліва тады, калі “анархія” не ўспрымаецца вузка, як тэрмін пэўнай палітычнай і філасофскай дактрыны, а шырока, як жыццёвы сьветапогляд, антыаўтарытарныя мысленне і дзейнасьць. У гэтым сэнсе яго ўжывае Амарос.
Таксама прапануем прачытаць Перевод текста Питера Гелдерлооса «Веганство как вид потребительской деятельности» і Агустын Гарсія Кальва — Супраць прагрэсу.
Пераклаў з іспанскае мовы Алег Давыдоў спецыяльна для pramen.io