Хай гарыць полымя пратэстаў на Беларусі!

Беларусь гарыць яркім полымем пратэсту супраць рэжыму Лукашэнкі. Усе мы, хто ненавідзім гэты рэжым, але па розных мэтах, знаходзімся далёка ад родных мясьцін, можам толькі парадавацца, перажываць і маральна быць з усімі тымі, хто зараз на вуліцах беларускіх гарадоў і мястэчак вядуць змаганне з гэтым ненажэрным рэжымам. На баку ўлады – гвалт і гісторыя панавання, на баку народу, які супраць яго паўстаў, – акрыялы імпэт духу і памяць усіх прыгнечаных, зьдзекаваных і забітых.

Тыя з нас, хто жыве ў замежжы, добра бачаць, што сянні Беларусь ператварылася ў медыйнае відовішча, у карцінку, якая ўкараняе веру эўрапейскага насельніцтва ў вартасьцях дэмакратыі. Урэшце рэшт, людзей там запэўневаюць у тым, што яны жывуць у дабрабыце і маюць права выбару, між тым як рэшты архаічных дыктатарскіх рэжымаў, якія існуюць навокал, выконваюць для гэтага цудоўную функцыю супрацьлегасьці дэмакратычнай свабодзе, выбару, шчасьцю і дабрабыту. Па вялікім рахунку, большая частка сродкаў масавай інфармацыі задаюцца пытаннем, ці зможа дэмакратычная апазыцыя зрынуць ненавіснага дыктатара, якога ўжо даўно на Захадзе чамусьці празвалі апошнім дыктатарам Эўропы (настолькі вялікая іхняя ўпэўненасьць у будучыні дэмакратыі). Па тэлебачанні паказваюць карцінкі гвалту і твар дыктатара, каб даць тэлеглядачам магчымасьць паспачуваць беднаму беларускаму народу. Гэтыя сродкі звужаюць увесь пратэст да простага змагання за дэмакратыю.

Але ёсьць яшчэ больш дзіўныя водклікі на сяннішнія падзеі, на гэта раз з боку дзіназаўраў сталінскае школы. Для іх беларускі народ, падбухтораны прадажнай апазыцыяй і адурманены захадным і паўночнаамерыканскім блёкатам, хоча несправядліва зрынуць камуністычны ўрад Лукашэнкі, які разам з сябрамі-калегамі па цэху (Пуцін, Мадура, таварышы з Кітая і г.д.) з’яўляюцца фантастычнай супрацьвагай капіталістычнаму імпэрыялізму. Тут нават і ня трэба лішніх камэнтарыяў: дзіназаўры – істоты далёкіх эпох, а тыя з іх, якія яшчэ чамусьці шлындаюцца па сьвеце са сваім марксісцка-ленінскім трызьненнем, выклікаюць толькі сьмех. Для беларускага паўстання першая перасьцярога павінна быць менавіта вось гэтая акалічнасьць: не прыпадабняцца да карцінак, якія тыя ці іншыя з яго хочуць зрабіць. Адныя хочуць паказаць Дзяржаву дэмакратаў-лібералаў, іншыя — Дзяржаву камуністаў-антыімперыялістаў.

Хацелася б яшчэ напомніць пра дзьве акалічнасьці, якія, верагодна, турбуюць не мяне аднаго. Па-першае, зараз пакуль яшчэ не зразумела, ці зможа народ знайсьці ў сабе патрэбныя сілы, каб вытрываць рэпрэсіі і гвалт дзяржаўных апаратаў і, нарэшце, дамагчыся галоўнай мэты, якую падзяляюць усе, хто зараз на вуліцах: зьвяржэнне і сыход Лукашэнкі. Слухаючы людзей, складваецца ўражанне, што вялікая частка насельніцтва ўжо наелася рэжымам і ён стаў ёй комам у горле, але цяжка сказаць, як яна сябе будзе далей паводзіць. Пакуль усіх іх аб’ядноўвае першае памкненне і мэта: сыход Лукашэнкі, але ўжо зараз відаць, што няма згоды наконт метадаў барацьбы і незразумела ці змогуць людзі наладзіць эфектыўны супраціў (мірны ці з ўжываннем гвалту) і ўзаемадапамогу. Па-другое, гэтая моц і нават характар бунту будзе моцна залежыць ад здольнасьці народа стварыць уласны аўтаномны сацыяльны рух, арганізаваны зь нізоў і які не паддасца на прынады палітычных партый і лідэраў. Іншым словам, ці будуць гэтыя пратэсты здольныя таксама аказаць супраціўленне асіміляцыі з боку палітычных памкненняў і лозунгаў лідэраў і партый апазыцыі. Калі людзі зразумеюць, што яны выйшлі не дзеля таго, каб пасадзіць на прэзідэнцкі трон Ціханоўскую ці любога іншага кандыдата, а каб вырваць з рук у Дзяржавы і Капіталу здольнасьць будаваць сваё ўласнае жыццё, то пратэст можа набыць небывала радыкальныя і натхняльныя фарбы. Хаця, досьвед падказвае, што наўрад ці гэта адбудзецца і што захапленне ідэалам дэмакратыі настолькі вялікае, што любы пошук анты-капіталістычных і анты-дзяржаўных шляхоў будзе мроіцца нечым дзіўным, незразумелым, непатрэбным і непрывабным. Пакуль што крытыка, у сваёй большасьці, абмяжоўваецца звычайнымі ліберальнымі і прагрэсісцкімі лозунгамі за дэмакратыю, справядлівыя выбары, добрыя заробкі і г.д. З вялікай доляй упэўненасьці можна казаць, што адзіны шлях, якім хоча ісьці большая частка маніфестантаў, гэта дэмакратыя, таварызацыя жыцця, грамадства спажывецтва і марнатраўя, эканамічны рост і тэхнакратыя, чые заганы вельмі добра прыхаваны пад пластамі амаль трыццацігадовага панавання Лукашэнкі. Але калі б ўсё ж такі гэтае полымя разгарэлася, людзі, замест патрабавання новых “чэсных” выбараў, маглі б пачаць пытаць у саміх сябе, ці патрэбныя ім гэтыя выбары і ці змогуць гэтыя чэсныя выбары вырашыць іхнія праблемы. Для ўсіх, хто разумее, што новыя выбары ня вырашуць нашых галоўных праблемаў і што ніводны кандыдат магчымай будучай дэмакратыі ня зробіць нас вольнымі, гэтыя пратэсты, у кожным разе, ёсьць выдатнай магчымасьцю паспытаць шчасьця.

Спадзяюся, што гэтыя мае разважанні ня будуць у аніякім разе ўспрымацца як нейкія парады нейкай асобы, а проста як яшчэ адзін голас народа, які толькі тады і чутны, калі сэрцы людзей ажываюць у змаганні супраць любой формы ўлады. Зьвяржэнне рэжыму Лукашэнкі было б толькі першым крокам у доўгім змаганні за вызвалення з чужых чалавечых і нечалавечых рук нашай здольнасьці будаваць уласнаручна нашае супольнае жыццё. Хай працягваецца беларускі бунт! Хай разгараецца ягонае полымя да такіх вышынь, што папаліцца ня толькі рэжым Лукашэнкі, але наогул цалкам пабудаванае на капіталістычных адносінах грамадства!

Алег Давыдоў.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Похожие записи

Начните вводить, то что вы ищите выше и нажмите кнопку Enter для поиска. Нажмите кнопку ESC для отмены.