Усебеларускі народны сход: паказуха, прафанацыя, рабалепства

Народ – вышэйшая крыніца ўлады. Менавіта так запісана ў беларускай Канстытуцыі. Сама ідэя таго, што дзяржавай павінен кіраваць толькі народ, хай і праз сваіх прадстаўнікоў у 21-м стагоддзі стала дамінаваць амаль ва ўсім свеце: дзякуй Французскай рэвалюцыі 1789-94 і буржуазным рэвалюцыям 19-га стагоддзя. Сёння нават самы жорсткі дыктатар спрабуе надаць сваёй дыктатуры дэмакратычны фасад: ад Афрыкі да Дальняга ўсходу краіны з аўтарытарнымі палітычнымі рэжымамі афіцыйна называюцца дэмакратыямі, узяць хоць бы Паўночную Карэю, афіцыйная назва якой — «Карэйская народна-дэмакратычная рэспубліка».

У спробах надаць дыктатарскаму рэжыму бачнасць легітымнасці і народнасці кіравання, яго кіраўнікі ініцыююць розныя псеўдадэмакратычныя мерапрыемствы, мэта якіх – паказаць, што народ і эліта – адзіныя, і працоўныя масы «всецело одобряют» курс урада, кіроўнай партыі ці дыктатара. У СССР, напрыклад, праводзіліся Усесаюзныя з’езды саветаў, якія фармальна лічыліся вышэйшым органам дзяржаўнай улады, хаця насамрэч яна цалкам належала партыйнаму кіраўніцтву і чэкістам. У нацысцкай Германіі такую ролю часткова адыгрывалі з’езды НСДАП, на якія збіралася да паўмільёна чалавек.
У нашыя дні казахскі пажыццёвы прэзідэнт Нурсултан Назарбаеў збірае «Асамблею народаў Казахстана» (з’яўляючыся, адначасова, яе бяззменным лідарам). Ды што казаць – падчас Майдану ў Кіеве збіраліся альтэрнатыўныя мітынгі прыхільнікаў Януковіча якія, хаця і выглядалі ўбога на фоне шматтысячнага народнага пратэсту, тым не менш упарта прымалі рэзалюцыі, вылучалі прамоўцаў, падтрымлівалі і асуджалі.

Не стала выключэннем і Беларусь. Раз у пяць год Лукашэнка збірае ў Мінску Ўсебеларускі народны сход, які, як кажуць вышэйшыя чыноўнікі, з’яўляецца самай сапраўднай формай народаўладдзя ў Беларусі і створаны ў мэтах «реализации конституционного права граждан участвовать в обсуждении вопросов государственной и общественной жизни». На сход, згодна з афіцыйнымі крыніцамі, збіраюцца не толькі прадстаўнікі вышэйшай ўлады але і дэлегаты ад працоўных калектываў, прадпрыемстваў, устаноў, мясцовых органаў улады, грамадскіх аб’яднанняў і г.д. Можна было б толькі пасмяяцца з такой бязглуздай спробы «намаляваць» народаўладдзе і прамую дэмакратыю ў краіне, дзе і прадстаўнічая-та дэмакратыя не працуе, калі б не маштабная прапагандысцкая атака на розумы грамадзян, прымеркаваная да гэтага мерапрыемства.

Судзіце самі: у краіне, у якой прэзідэнт мае права знаходзіцца на сваёй пасадзе пажыццёва, а ўзровень лізаблюдства і «одобрямса» пры прыняцці любых яго ініцыятыў проста зашкалівае, дзе кіраўнік дзяржавы баіцца выйсці на вуліцу без некалькіх дзясяткаў ахоўнікаў, а для ягоных перасоўванняў па Мінску паралізуецца дарожны рух у палове горада, дзе Парламент не ведае нават намёкаў на апазіцыю а любая ініцыятыва, што ідзе знізу душыцца бюракратычным апаратам на самым карані, нам распавядаюць, што, у нас, аказваецца, працуе звышдэмакратычны інстытут, які дазваляе грамадзянам Беларусі рэальна ўплываць на дзяржаўную палітыку! Гэта ўжо не проста смешна, а аддае сапраўдным цынізмам: мала таго, што ў людзей аднялі права голаса, дык яшчэ і настойліва ўдаўбляюць ім: «права голаса ў вас ёсць! Поўная дэмакратыя!»

У сваёй хлусні дзяржапрапагндысты пераходзяць усе магчымыя межы. 11 чэрвеня па тэлеканале «Беларусь-1» у вячэрняй інфармацыйнай перадачы дзяўчына па фаміліі Макей заявіла, што «удзел у Ўсебеларускім народным сходзе не толькі права але і доўг кожнага грамадзяніна». Лепей бы яна сказала гэта мясцовым выканкамам і КДБшнікам, якія шчыльна адбіраюць і прасейваюць усіх магчымых дэлегатаў сходу, каб сярод іх – крый Божа! — не зацясаўся які-небудзь «пятакалоннец» ці хоць бы проста чалавек з альтэрнатыўным меркаваннем. У дэлегаты выбіраюць спрэс начальнікаў: бюракратаў, БРСМаўскіх функцыянераў, старшыняў прадпрыемстваў і іх намеснікаў. І гэта зборышча выдаюць за «волю беларускага народу». Як абіраюцца дэлегаты на з’езд, вы, дзеля цікаўнасці, можаце пачытаць тут і тут.

Далей у той жа перадачы вядучыя ўмудрыліся звязаць сходы полісаў Дрэўней Грэцыі, якія лічацца хрэстаматыйным прыкладам прамой дэмакратыі і наш «народны сход». Гэтае параўнанне і ўвогуле выглядае дзікунскім: ў народных сходах Грэцыі мелі права ўдзельнічаць усе дарослыя мужчыны поліса, якія на форумах прымалі канкрэтныя рашэнні аб жыцці супольнасці, караючы народных прадстаўнікоў, якія не спраўляліся са сваімі абавязкамі ці выкарыстоўвалі сваё становішча дзеля прыватнай карысці, а таксама нярэдка выракаючы на смерць тыранаў. Дастаткова паглядзець на халуйства беларускіх дэлегатаў, якія спаборнічаюць адзін з адным у паказной лаяльнасці, што плаўна пераходзіць у рабалепства, каб зразумець – гэты сход не болей чым прафанацыя прамой дэмакратыі, абстаўленая з прапагандысцкай помпай.

13321937_1594395974206200_5150615974706475393_n
Пад канец вядучыя той суботняй перадачы і ўвогуле зрабілі гістарычнае адкрыццё. Аказваецца, што «ў 1939 годзе Ўсенародны сход прыняў рашэнне аб уз’яднанні Беларусі». Вось як! Атрымліваецца, у часы сталінска-гітлераўскага падзелу Еўропы нейкі Ўсенародны сход (якога ўвогуле не існавала як органа ўлады), прымаў геапалітычныя рашэнні! А ўвесь свет, заблукаўшы ў цемры няведання, дагэтуль думае што акупацыя заходняй Беларусі і Ўкраіны ёсць вынік пакту Молатава-Рыбентропа, сакрэтны пратакол якога меў на ўвазе падзел сфер уплыву паміж двума таталітарнымі дзяржавамі. Тут ужо БТшнае «рады старацца» пераходзіць у нейкае гістарычнае цемрашальства. Што далей? Першы Ўсебеларускі сход быў праведзены ў Дрэўняй Русі Ісусам Хрыстом?

Урэшце, не адны тэлевізійнікі адзначыліся на ўрадлівай ніве падтрымкі афіцыйнага курсу. Дзеячы культуры, калі іх можна так назваць, таксама вырашылі папрацаваць на дзялянцы, матэрыяльная і іміджавая карысць якой навідавоку. Кампазітар Анатоль Чэпікаў напісаў цэлы гімн (!) V-га Ўсебеларускага народнага сходу, выканананы Аляксеям Хлястовым

 

Калі ў вас узнікла здагадка, што гэты «мастацкі твор» ёсць шчыры душэўны парыў простага творчага чалавека, які спяшаецца данесці да навакольных сваю адданасць краіне, то прыйдзецца вас расчараваць: Анатоль Чэпікаў зьяўляецца генэральным дырэктарам радыёстанцыі «Пілот-FM», заснавальнікам і ўласнікам якой зьяўляецца… ОО «БРСМ».

(на фота — Анатоль Чэпікаў)

Чэпікаў

Прасцей кажучы, тыя хто корміцца з дзяржаўна-прапагандыскай кармушкі, пяюць оды самім сабе. Што, у прынцыпе не дзіўна – узровень апалітычнасці насельніцтва ў Беларусі такі, што аб актыўнай падтрымцы ўлады людзьмі гаварыць не прыходзіцца. Вось і вымушаныя бюракраты перакладаць грошы з адной кішэні ў іншую для стварэння гэткага «мастацкага прадукту».

Ролік поўны патрыятычнага пафасу і паказнога дзяржавалюбія, праслаўлення «перамог» нашай краіны. «… только если мы вместе, тогда мы сильны», «… поднимается выше победный наш флаг». Цікава, аб якіх перамогах ідзе гаворка? Пра палітычнае становішча ў Беларусі мы ўжо пісалі вышэй – пераўтварэнне грамадзян у беспраўных субьектаў наўрад ці можна аднесці да пазітыўных зменаў. Сказаць, што ў эканамічнай сферы Беларусі няма чым пахваліцца – значыцца нічога не сказаць. На кожным сходзе зацвярджаецца праграма развіцця Беларусі на наступную пяцігодку. Так будзе і на гэтым. Пастаўленыя прагнозныя паказчыкі (прырост ВУП складзе 12-15%, у кожнай беларускай сям’і будзе магчымасць пабудаваць свой дом ці кватэру, працягласць жыцця ўзрасце да 75,3 года а інфляцыя знізіцца да 5%) могуць выклікаць толькі горкую ўсмешку. На папярэднім сходзе ў 2011-м Лукашэнка абяцаў Беларусам сярэдні заробак у 1000 даляраў і стварэнне сацыяльнай сістэмы страхавання ад беспрацоўя. Замест гэтага маем сярэдні заробак (афіцыйны) у 354 даляры і падатак на беспрацоўе. Аналагічная сітуацыя і з большасцю іншых прагнозаў. Аднак замест таго, каб ліквідаваць фактычныя эканамічныя праблемы, дзяржава траціць грошы на арганізацыю псэўдадэмакратычных сходаў – тым самым ускосна яшчэ больш пагаршае гэтыя праблемы.

Вядома, такія вычварэнні, як Усебеларускі народны сход, не павінны дэвальваваць самую ідэю прамой дэмакратыі, якая была і застаецца найбольш дасканалай і рэпрэзентатыўнай формай народаўладдзя. Прадстаўнічая дэмакратыя, асабліва ў форме буржуазнага парламентарызму, мае вялікі шэраг мінусаў, якія часта пераважаюць плюсы: ва ўладу трапляюць не тыя, хто кіруецца найлепшымі матывамі, а тыя, у каго больш грошай на арганізацыю перадвыбарчай кампаніі, адарванасць ад выбарцаў і цяжкая працэдура адклікання садзейнічаюць бюракратызацыі парламентарыяў, непразрыстасць працэсаў унутры заканадаўчага органа садзейнічае карупцыі і кумаўству, ды і ўвогуле сумнеўна, што адзін чалавек можа адэкватна прадставіць інтарэсы 10-50 тысяч выбаршчыкаў, у многіх з якіх – розныя прэферэнцыі, светапогляд і класавае становішча. Таму прамая дэмакратыя, пры якой людзі самі, без пасрэднікаў, прымаюць усе рашэнні, датычныя іх жыцця, на саветах і асамблеях бачыцца найлепшым варыянтам рэалізацыі волі людзей. Форма прыняцця рашэнняў, калі ўлада максімальна справядліва разгрупаваная паміж усімі сябрамі супольнасці, мае глыбокія гістарычныя карані і сёння актыўна прымяняецца ўдзельнікамі сацыяльных рухаў: узгадаем народнае веча Майдана, асамблеі Occupy 2011-га і Nuit Debout у сённяшней Францыі, падчас якіх людзі вучыліся і вучацца адказваць за свае жыцці самастойна а не давяраць іх каму б там не было.

Пашырэнне такой формы прыняцця рашэнняў на ўсе сферы грамадства: палітычнай, культурнай, эканамічнай зробіць само існавання дзяржаўнай бюракратыі бессэнсоўным, а заадно надзейна застрахуе нас ад з’яўлення новых дыктатараў, за гігантаманскія прапагандысцкія дурыкі якіх мы вымушаныя зараз плаціць са сваёй кішэні.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Похожие записи

Начните вводить, то что вы ищите выше и нажмите кнопку Enter для поиска. Нажмите кнопку ESC для отмены.