Мазыр: жыхары ўстанавілі штодзённую варту ля будоўлі

Як мы ўжо пісалі, жыхары Мазыру пратэстуюць супраць будаўніцтва новага дому ў сябе ва двары. (https://pramen.io/2017/01/mozyr-borba-lyudej-protiv-uplotnitelnoj-zastrojki/) Два месяцы запар 6–8 жыхароў штодня заступаюць на вахту вартаўнікамі, каб не пусціць будаўнікоў усярэдзіну агароджанай пляцоўкі. Тую агароджу будаўнікі мінулай восеньню ставілі ў прыцемках, але не пазьбеглі абурэньня гараджанаў і тлумачэньняў з выкліканымі супрацоўнікамі міліцыі.

Цяпер побач з агароджай, акурат пад пашпартам меркаванага панэльнага дома, зьявілася нават старэнькая канапа, каб вартаўнікі зь ліку жыхароў мясцовых дамоў маглі пасядзець.
«Учора я й яшчэ пяцёра чалавек дзяжурылі з васьмі раніцы да 14 гадзінаў. Бачым, што ніякага руху каля будоўлі няма, ну й пайшлі рыхтавацца да Калядаў, — кажа спадарыня Ганна. — Сёньня ж Нараджэньне Хрыстова, вялікае сьвята. На вуліцы сёньня не дзяжурым — у будаўнікоў жа таксама выходны. Назіраем толькі са сваіх вокнаў за пляцоўкай. У нядзелю зранку зноў адновім свой авангардны пост, каб нас не абхітрылі».

 

 

Штодзённае дзяжурства мясцовыя жыхары зладзілі, калі камунальнікі прабраліся за агароджу й сьпілавалі 37 дрэваў, якія ў свой час пасадзілі мясцовыя жыхары, каб аздобіць свой двор і адзіную на ўсю акругу дзіцячую пляцоўку. Акурат на гэтым месцы гарадзкія ўлады й наважыліся пабудаваць 40-кватэрны жылы дом на адзінаццаць паверхаў. Заказчыкам яго выступае ўпраўленьне капітальнага будаўніцтва Мазырскага райвыканкаму, падрадчыкам — Мазырскі домабудаўнічы камбінат.

Людзей абурыла тое, што ўлады ўціхую падкарэктавалі генэральны плян забудовы гораду, перасунуўшы ўзьвядзеньне буйнапанэльнага дому ў цэнтар невялікага двара, які служыў зонай адпачынку. Гараджане сьцьвярджаюць, што зроблена гэта дзеля таго, каб зьменшыць выдаткі на камунікацыі і атрымаць прэміі. Бо на генпляне, зь якім жыхары пазнаёміліся ў аддзеле архітэктуры і будаўніцтва, пазначана, што яшчэ адзін дом можа ўзводзіцца на ўскрайку двара, пэрпэндыкулярна дому № 53, што на Пралетарскай вуліцы.

Яшчэ больш падагрэў пратэставы настрой гараджанаў ліст намесьніка старшыні Мазырскага райвыканкаму Ўладзімера Быстрэнкі на пісьмовы запыт тутэйшых жыхароў: маўляў, наконт будаўніцтва дома праводзіліся грамадзкія слуханьні ў 2012 і 2015 гадах, але «заяў супраць будаўніцтва дома не паступала».

Спробы дабіцца свайго шляхам зваротаў да дзяржаўных ворганаў плёну не далі.
Пры канцы лістапада, бачачы марнасьць ліставаньня з раённымі ды абласнымі структурамі, амаль чатырыста мазырчукоў падпісалі пэтыцыю ў Адміністрацыю прэзыдэнта, у якой выказалі нязгоду зь дзеяньнямі мясцовых чыноўнікаў.
Наведваліся жыхары Пралетарскай вуліцы і Першамайскага завулку і да новапрызначанай старшыні Мазырскага райвыканкаму Алены Паўлечкі, але той паход нейкіх вынікаў ня меў.
Чатыры разы мясцовыя жыхары беспасьпяхова спрабавалі праз тэлефанаваньні запісацца на асабісты прыём да старшыні Гомельскага аблвыканкаму Ўладзімера Дворніка — ён пераведзены «на вобласьць» менавіта з Мазыра. Нарэшце, 5 студзеня, група мазырчукоў без усялякіх папярэджаньняў прыехала ў аблвыканкам з кіпай фотаздымкаў, адказаў раённых і абласных чыноўнікаў на скаргі жыхароў: новы дом ставяць за пятнаццаць крокаў пад’езд ад пад’еду.

«Маразы не маразы, а да гэтага часу будзем стаяць на варце кожны дзень!» — у адзін голас цьвердзяць мазырчукі.

Адна з змагарак супраць ушчыльненьня дваровай тэрыторыі, пэнсіянэрка Ганна Неўмяржыцкая заяўляе: «Ляжам на зямлю перад брамай, але тэхніку ня пусьцім!»

Крыніца: www.svaboda.org/a/mazyr/28218719.html

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.